Асноўны закон жыцця краіны

- 10:15Насустрач рэферэндуму

Працягваюцца сустрэчы студэнтаў з вядомымі беларусамі падчас дыялогавых пляцовак па абмеркаванні праекта змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Чаму Асноўны закон сімвалізуе новы этап развіцця краіны і на якія яго аспекты варта звярнуць увагу — абмеркавалі ў Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце.

У адкрытай размове па абмеркаванні законапраекта прынялі ўдзел старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Пётр Казакевіч і генеральны дырэктар НПЦ НАН Беларусі па харчаванні Аляксей Меляшчэня.

“Навука і адукацыя — гэта дзве часткі нашай вялікай культуры, якія ідуць побач. Прынамсі, адукацыі без навукі не бывае, а навука не можа развівацца без высокаадукаваных кадраў. Таму мы з вамі — калегі і знаходзімся ў адной лодцы”, — пачаў сустрэчу П.Казакевіч.

Ён нагадаў пра ранейшыя рэферэндумы нашай краіны, звярнуўшы ўвагу на інтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй: “Скіраванасць на глыбокую інтэграцыю з Расіяй было правільным рашэннем. Беларусь — маленькая краіна, і нам сябе развіваць можна, толькі заваёўваючы новыя рынкі высакаякаснай прадукцыяй і параўнальна невысокай цаной. І цесная інтэграцыйная сувязь з Расійскай Федэрацыяй з’яўляецца для нашай краіны пэўным напрамкам і магчымасцю нашага эканамічнага развіцця і стабільнасці”.

Пётр Пятровіч падкрэсліў, што сёння настае новы этап развіцця краіны: “Ён адлюстраваны ў новай рэдакцыі Канстытуцыі, якую мы з вамі і будзем прымаць на рэферэндуме. Вядома, Канстытуцыя — асноўны закон жыцця любой дзяржавы, гэты рамачны дакумент павінен вельмі дакладна вызначаць усе бакі жыцця нашага грамадства. Зразумела, развіццё ўсяго свету накладвае адбітак і на наша развіццё, выклікаючы неабходнасць удасканалення пэўных артыкулаў Асноўнага закона, што і знайшло адлюстраванне ў новай рэдакцыі”.

Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі акцэнтаваў увагу студэнтаў БДАТУ на трох глабальных аспектах Канстытуцыі: “Перш за ўсё — захаванне моцнай дзяржавы. Мы пакідаем прэзідэнцкую рэспубліку, на мой погляд, гэта правільна. Другое — гэта сацыяльна арыентаваная рыначная эканоміка, якая працягвае панаваць у нашай краіне. І трэцяе — захаванне традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцей. Так, я пайду на рэферэндум і як грамадзянін буду галасаваць “за”, і вас я заклікаю пайсці і падумаць, за што вы будзеце галасаваць”.

У сваю чаргу генеральны дырэктар НПЦ НАН Беларусі па харчаванні Аляксей Меляшчэня заклікаў студэнтаў задумацца, што ж такое Канстытуцыя, наколькі яна важная і патрэбная, наколькі словы, прапісаныя ў ёй, уздзейнічаюць на наша жыццё. “Так, у Канстытуцыі прапісаны закон аб абароне персанальных даных. Часцей за ўсё ўцечка нашай асабістай інфармацыі адбываецца па нашай жа віне. Бо мы самі, напрыклад, атрымліваючы скідачную картку, распісваем усе свае даныя. А ашуканцы пасля лёгка падманваюць нас. Цяпер будзе дапаўненне аб абароне даных і электроннай верыфікацыі, — патлумачыў ён. — Акрамя таго, нарэшце вырашылі абараняць мужчын, а не толькі жанчын, прадастаўляючы роўныя правы і магчымасці ўсім. Здавалася б, гэта дробязь, але яна пацягне за сабой цэлы шэраг змяненняў. Асобным артыкулам прапісалі і тое, што дзяржава садзейнічае духоўнаму, маральнаму, інтэлектуальнаму і фізічнаму развіццю моладзі, стварае неабходныя ўмовы для яе свабоды і эфектыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці, рэалізацыі патэнцыялу моладзі ў інтарэсах усяго грамадства. Такім чынам, падкрэсліваецца важнасць моладзі, і гэта паўплывае на рэалізацыю вашых правоў”.

Напрыканцы размовы Аляксей Віктаравіч папрасіў не ігнараваць рэферэндум: “Канстытуцыя — асноўны дакумент, які на найбліжэйшыя 30 гадоў сфарміруе наша жыццё, жыццё нашых дзяцей і ўнукаў. Заклікаю прыйсці на рэферэндум і помніць, што гэта важная гістарычная веха нашай дзяржавы”.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.