Моладзі вырашаць будучыню краіны

- 9:00Насустрач рэферэндуму

Абласны адкрыты дыялог “Канстытуцыя. Сіла закона” па абмеркаванні праекта Асноўнага закона Рэспублікі Беларусь прайшоў  на Гродзеншчыне ў фармаце маладзёжнага тэлемоста.

У дыялогу прынялі ўдзел звыш 300 маладых лю­дзей, сярод якіх былі навучэнцы, студэнты, працуючая моладзь. Тэлемост аб’яднаў актыўную моладзь абласной арганізацыі БРСМ, што сабралася ў Гродзенскім абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі, а таксама юнакоў і дзяўчат з Лідскага раёна. Анлайн-трансляцыя вялася на платформе YouTube.

У якасці экспертаў выступілі старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук, намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Пранюк і другі сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Прохараў.

— Мы завяршылі асноўны этап дзяржаўнага будаўніцтва: Рэспубліка Беларусь стала незалежнай, суверэннай дзяржавай. Цяпер асноўная задача — забяспечыць паступальны рух наперад, дынамічнае развіццё краіны. Многія карэкціроўкі закліканы прывесці Асноўны закон у адпавед­насць з рэаліямі сённяшняга свету, які змяніўся. Моладзь — будучыня краіны, і наша задача — растлумачыць, што ўсе гэтыя змяненні патрэбны ў першую чаргу ёй, — сказаў Уладзімір Каранік.

Старшыня аблвыканкама акцэнтаваў увагу на тым, што вельмі важна, каб маладыя людзі ўсвядомілі, што дапаўненні ў Канстытуцыі дзеля будучага развіцця краіны патрэбны ім, каб яны выказалі свой пункт гледжання. Абмеркаванне Асноўнага закона дазваляе адчуць зваротную сувязь. Не выключана, што сярод маладзёжнай аўдыторыі з’явіцца шмат разумных прапаноў і ідэй, якія яшчэ можна ўнесці ў Асноўны закон, каб зрабіць яго яшчэ больш збалансаваным, які адказвае не толькі рэаліям цяперашняга часу, але і забяспечвае развіццё краіны на найбліжэйшыя гады і дзесяцігоддзі.

— З маладымі людзьмі заўсёды трэба гаварыць на іх мове, пазбягаючы фармальнасцей, і такі фармат зносін, як тэлемост, дазваляе наладзіць жывую палеміку, — сказаў Віктар Пранюк. — Задача, якую мы ставім перад сабой і перад моладдзю, — як мага шырэй абмяркоўваць праект змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі, прыняцце або непрыняцце якіх бу­дзе вырашана ў лютым на рэферэндуме. Гэта вельмі важна, бо ў свой час і мы прагаласавалі за змяненні ў Канстытуцыю ў 1996 годзе і больш за 25 гадоў пражылі з гэтым дакументам. Маладыя лю­дзі таго часу вызначылі свой лёс на ч­вэрц­ь стагоддзя. І сёння мы гаворым моладзі: гэта ваша Канстытуцыя, вы будзеце па ёй жыць. Ад вашай актыўнасці сёння зале­жыць, як складзецца ваш лёс у далейшым. Галоўны пасыл — замацаванне суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе непадзельнасць і росквіт.

Кожны жадаючы малады чалавек меў магчымасць задаць пытанне і атрымаць на яго адказ ад кіраўніцтва вобласці, прадстаўнікоў улады і грамадскіх арганізацый, дэпутатаў.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Святлана СЯРГЕЙКА,
рэктар Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, кандыдат педагагічных навук:

— Імклівае змяненне светапарадку і геапалітычнай сітуацыі, новыя выклікі і пагрозы, з якімі сутыкнулася наша краіна ў трэцім тысячагоддзі, патрабуюць сур’ёзнай карэкціроўкі Асноўнага закона. І гэта не толькі пераафармленне або пераразмеркаванне паўнамоцтваў паміж рознымі галінамі ўлады. У першую чаргу неабходна павысіць асабістую адказнасць кожнага грама­дзяніна нашай краіны за сваё развіццё і дабрабыт, а таксама за развіццё і дабрабыт сваіх дзяцей разам з захаваннем сацыяльных гарантый з боку дзяржавы.

Трэцяе дзесяцігоддзе ХХI стагоддзя са змяненнем сутнасці сям’і ў сучасным соцыуме, скрыўленнем форм сямейных адносін, рэзкім зніжэннем выхаваўчага ўздзеян­ня сям’і, яе ролі ў сацыялізацыі дзяцей, падменай сацыяльных роляў бацькоў гувернёрамі, сітуацыяй віртуальнага знікнення дарослага, ростам колькасці дзяцей, якія выхоўваюцца па-за сям’і або ў няпоўнай сям’і, — усё гэта вымушае прапісаць у Канстытуцыі нормы пра шлюб як саюз жанчыны і мужчыны, роўныя правы мужа і жонкі, пра іх абавязкі выхоўваць дзяцей, клапаціцца пра іх здароўе, развіццё і навучанне, рыхтаваць да грамадска карыснай працы, прывіваць культуру і павагу да законаў, гістарычных і нацыянальных традыцый Беларусі.

На жаль, як паказва­юць вынікі нашага даследавання, сярэднестатыстычны тата сёння прадукцыйна право­дзіць са сваім дзіцем 2—3 мінуты ў дзень, мама — 20—25 мінут. Часта бацькі выбіраюць найлягчэйшы і няправільны з пункту гле­джання педагогікі шлях: замест сумеснага адпачынку са сваім дзіцем уручаюць яму планшэт, камп’ютар, мабільны тэлефон, гульнявую прыстаўку, каб вызваліцца ад пытанняў “А чаму…?”, А што…?” і просьбаў “Мама, пойдзем”, “Тата, давай разам”. Гэта прыво­дзіць да таго, што дзіця расце не на традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцях, а на каштоўнасцях, чужых нашай краіне, выхоўваецца інтэрнэтам, прыніжае і скажае гістарычную памяць нашага народа. І як вынік, даволі шмат пажылых людзей даглядае дзяржава, а не іх уласныя дзеці.

Таму прапанаваны праект змяшчае норму аб тым, што дзеці абавязаны клапаціцца аб бацьках, а таксама аб асобах, якія іх замяняюць, і аказваць ім дапамогу (артыкул 32).

Наталля СТЭЛЬМАХ,
педагог-псіхолаг ясляў-сада № 161 Мінска, кіраўнік РМА педагогаў-псіхолагаў устаноў дашкольнай адукацыі Ленінскага раёна Мінска:

— Апошнімі днямі тэмай, якая найбольш актыўна абмяркоўваецца, стаў праект змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Канстытуцыя — гэта асноўны закон любой дзяржавы. У наш неспакойны час вельмі важным з’яўляецца тое, у якой краіне будуць жыць нашы дзеці, якая будучыня ім прызначана, якія каштоўнасці будуць закладвацца ў іх. Для паўнавартаснага развіцця любога грамадства неабходна задумвацца над пытаннямі захавання і перадачы будучым пакаленням перажытага вопыту, назапашаных каштоўнасцей, мадэлей паводзін, элементаў нацыянальна-культурнай спадчыны. Сёння наша краіна перажывае перыяд,  калі пошук патрэбных маральна-каштоўнасных арыенціраў і правільная расстаноўка жыццё­вых прыярытэтаў набываюць асаблівую важнасць.

Аб’яўленне Года гістарычнай памяці дапаможа расставіць прыярытэты ў гэтым напрамку работы з падрастаючым пакаленнем. Каму як не беларусам забяспечыць у галоўным законе дзяржавы пераемнасць гісторыі, традыцый і памяці.

“Народ без памяці рызыкуе страціць сваю душу”, — сказаў Нгугі  ва Цьёнга.

Сёння мы, на жаль, бачым, што для некаторых маладых лю­дзей Вялікая Айчынная вайна — гэта адна з гістарычных падзей нараўне з іншымі войнамі, што прахо­дзілі на нашай тэрыторыі. Для нас, старэйшага пакалення, Вялікая Айчынная вайна — гэта не радавая гістарычная падзея. Гэта наша незалежнасць, наша дзяржаўнасць. Мы павінны прыкласці ўсе намаганні для захавання гістарычнай памяці нашай краіны, перадаць яе наступным  пакаленням, закласці ў сэрцах нашых дзяцей той фундамент, на якім стаяла і будзе стаяць наша суверэнная незалежная краіна. Захаваць суверэнітэт, мір, спакойнае і стваральнае жыццё на зямлі — асноўная задача дзяржаўнай палітыкі. Змяненні і дапаўненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца непасрэдным працягам гэтай палітыкі.

Артыкул 54. Кожны абавязаны берагчы гісторыка-культурную, духоўную спадчыну і іншыя нацыянальныя каштоўнасці.

Праяўленне патрыятызму, захаванне гістарычнай памяці аб гераічным мінулым беларускага народа з’яўляюцца абавязкам кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.

Адказнасць за выхаванне падрастаючага пакалення ў першую чаргу ляжыць на бацьках. Менавіта ў сям’і зараджаюцца тыя каштоўнасці і прыярытэты, якія дзіця панясе ў далейшае жыццё. Як мама падлетка я разумею ўсю важнасць і значэнне патрыятычнага выхавання. У нашай сям’і тэма патрыятызму і памяці аб Вялікай Айчыннай вайне зай­мае вялікае месца. Мой сын Канстанцін Стэльмах вучыцца ў 10 педагагічным класе з паглыбленым вывучэннем гісторыі Беларусі ў сярэдняй школе № 131 Мінска. Мне было вельмі важна даведацца яго меркаванне наконт патрыятычнага выхавання. І вось што ён сказаў:

“Для мяне патрыятызм — гэта не проста словы. Для мяне гэта азначае помніць і не здрадж­ваць памяці аб сваіх прадзедах, аб тым, што іх пакаленне зрабіла для нашай будучыні, для нашага жыцця. Я з’яўляюся экскурсаводам у школьным музеі баявой славы, прымаю ўдзел у розных акцыях і мерапрыемствах, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. Таксама займаюся праектнай дзейнасцю (праект прысвечаны прадзедам і іх ваеннаму шляху), з’яўляюся пераможцам рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Гэта мой пасільны ўклад у захаванне памяці аб гісторыі, якую нельга забываць. Я з’яўляюся грамадзянінам Рэспублікі Беларусь і для мяне вельмі важна, у якой краіне я буду жыць, важна, каб не быў забыты подзвіг нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Нам, падрастаючаму пакаленню, трэба старацца быць дастойнымі памяці сваіх дзядоў і прадзедаў і зрабіць усё магчымае для захавання міру і спакою ў сваёй краіне”.

Падрабязней на pravo.by