Чалавек з вялікай літары

- 11:45Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

Мінулае, якое захоўваецца ў памяці, ёсць частка сучаснасці. Атрымліваецца, што школа, якая носіць імя Пятра Міронавіча Машэрава, падаўжае жыццё гэтага выдатнага чалавека ўжо не адно дзесяцігоддзе. Яна не дае забыць аб працы і заслугах нашага суайчынніка.

Невялікае ўдакладненне: ус­таноў адукацыі імя П.М.Ма­шэрава ў Беларусі ўсяго чатыры. Гэта Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт, Расонская сярэдняя школа, Брэсцкі абласны ліцэй і сталічная сярэдняя школа № 137. З апошняй мы пазнаёмімся бліжэй.

Пра памяць

Пачнём з таго, што сярэдняя школа № 137 Мінска сваім узнікненнем абавязана Пятру Міронавічу. У адной з замежных камандзіровак падчас культурнай праграмы ён убачыў мясцовую школу і, вярнуўшыся, даручыў мінскім архітэктарам ства­рыць праект такой жа ўстановы. У 1976 го­дзе ён быў завершаны. Аб’ект уключаў корпус пачатковай і старшай школы, а таксама адзін з лепшых у краіне спартыўных комплексаў з дзвюма спартыўнымі і трэнажорнай заламі, басейнам, лыжнай базай, стадыёнам і тэнісным кортам. Школе было прысвоена імя П.М.Машэрава, а ў 1988-м у ёй быў арганізаваны музей, прысвечаны гэтаму чалавеку. Музей быў настолькі якасны, што ў 1994-м яму прысвоілі званне народнага.

Пётр Міронавіч МАШЭРАЎ — выбітны дзяржаўны дзеяч Беларусі, Герой Савецкага Саюза, Герой Сацыялістычнай Працы.
Паспяхова скончыўшы 7 класаў, у 1934 годзе Пётр Машэраў паступіў на педрабфак Віцебскага педінстытута. Пасля яго заканчэння ў 1939 годзе пачаў працаваць настаўнікам фізікі і матэматыкі ў Расонскай сярэдняй школе. П.М.Машэраў марыў аб аспірантуры, але пачалася Вялікая Айчынная вайна, і ён пайшоў добраахвотнікам у Чырвоную Армію. Падчас вайны, акрамя іншых узнагарод, яму прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза.
У ліпені 1944-га пасля вызвалення Беларусі Машэраў быў абраны першым сакратаром Маладзечанскага абкама камсамола. У ліпені 1946 года быў вылучаны на пасаду сакратара ЦК ЛКСМБ. У красавіку 1959-га быў абраны сакратаром ЦК КПБ, а з сакавіка 1965 года стаў яго першым сакратаром. У красавіку 1966-га Машэраў стаў кандыдатам у члены Палітбюро ЦК КПСС. За 15 гадоў, на працягу якіх Пётр Мірановіч узначальваў кампартыю Беларусі, у нашай рэспубліцы ўзрос нацыянальны даход, павялічылася валавая вытвор­часць
прамысловай прадукцыі, навукова-тэхнічны патэнцыял падняўся да сусветнага ўзроўню. Беларусь у кароткі гістарычны тэрмін стала рэспублікай высокаразвітой індустрыі, буйной высокапрадукцыйнай сельскай гаспадаркі, перадавой навукі і культуры.

Музейны фонд школы наліч­вае больш за 800 экспанатаў, а тэматыка прысвечана жыццю і дзейнасці П.М.Машэрава. Тут і яго асабістыя рэчы, і ваенны касцюм, і форма для гульні ў хакей… 

Пра асобу Пятра Міронавіча з хваляваннем расказала Людміла Іванаўна Шчэнікава, настаўніца гісторыі і кіраўнік народных музеяў школы:

— Гэта Чалавек з вялікай літары, у яго біяграфіі не адзін дзясятак натхняльных гісторый. Для нашай школы асабліва цікавы перыяд, калі Машэраў быў выкладчыкам. Ён скончыў педрабфак па спецыяльнасці “Настаўнік фізікі і матэматыкі” і атрымаў размеркаванне ў Расонскую школу. Там ён заслужыў павагу вучняў літаральна з першага ўрока. Здарыўся такі казус: на першых занятках вучань вырашыў праверыць настаўніка на трываласць і выцягнуў ногі, выказваючы сваю абыякавасць да тады яшчэ маладога Пятра Мірановіча. У сярэдзіне ўрока хлопчык ужо сядзеў роўна і слухаў Машэрава з адкрытым ротам. І так здаралася з кожным. Машэраў заснаваў тэатральны гурток і гурток астраноміі, лічачы, што дзеці павінны глядзець не толькі пад ногі, але і бачыць, што адбываецца над галавой. Яго выпускнікі паступалі ў лепшыя УВА не толькі Беларусі, але і Расіі, а калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, ён стварыў партызанскі атрад з ліку вучняў і настаўнікаў гэтай жа школы.

Усяго ў мінскіх школах 106 музеяў, а ў сярэдняй школе № 137 іх два. 11 красавіка 1990 года быў адкрыты музей “Дзеці вайны”. Праз 7 гадоў яму таксама прысвоілі званне народнага. Тут больш за 600 экспанатаў. На базе музея ў 2004 годзе сумесна з Беларускім рэспубліканскім фондам “Паразуменне і прымірэнне”, нямецкім таварыствам “Кантакты” з Берліна быў арганізаваны валанцёрскі рух у рамках праекта “Школьнікі дапамагаюць былым прымусовым работнікам і іншым ахвярам нацызму ў СНД”. Валанцёрамі сталі вучні 9—11 класаў. Яны аказвалі сацыяльна-псіхалагічную падтрымку былым малалетнім вязням фашызму, якія пражывалі на тэрыторыі раёна. Акрамя гэтага, валанцёры ўдзельнічалі ў адукацыйных праектах Рэспублікі Беларусь і за яе межамі.

Пра патрыятызм

У 137-й школе праводзіцца вялікая работа па ідэалагічным, грамадзянскім і патрыятычным выхаванні. Такая дзейнасць — даніна памяці Пятру Мірановічу. Але як растлумачыць вучню, што такое патрыятызм?

— Усё пачынаецца з грама­дзянска-патрыятычнага выхавання і ўсведамлення дзецьмі сваёй прыналежнасці да калектыву, школы, народа, Радзімы і, як вынік, да гістарычнага мінулага, — кажа Наталля Аляксандраўна Стручкова, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце. — Менавіта ў школьным узросце найбольш мэтазгодна пачынаць работу па фарміраванні пачуцця патрыятызму. У нас, педагогаў, ёсць унікальная магчымасць паўплываць на станаўленне будучых грамадзян, патрыётаў сваёй краіны.

У рамках ваенна-патрыятычнага выхавання ў школе штогод праводзяцца акцыі “Памяць”, “Ветэран жыве побач”, “Клопат”, “Падарунак ветэрану”. Дзякуючы такім мерапрыемствам, у дзяцей фарміруецца павага да старэйшага пакалення. У хлопчыкаў і дзяўчынак праяўляецца міласэр­насць, жаданне быць патрэбнымі і рабіць нешта важнае для людзей старэйшага ўзросту, а сумесныя сустрэчы з ветэранамі абуджаюць у іх жаданне глыбей пранікнуць у гісторыю нашай Айчыны, зразумець галоўныя ўрокі ваеннай гісторыі дзяржавы.

У 2018/2019 і 2021/2022 навучальным годзе навучэнцы 8—10 класаў — удзельнікі мемарыяльнага атрада — неслі Ганаровую Вахту памяці на Пасту № 1 горада-героя Мінска. Пра вялікую адказнасць удзельніка мемарыяль­нага атрада расказаў Тарас Па­­длесных, вучань 10 класа.

— Гэта вялікі гонар, калі твая школа нясе Вахту памяці. А мы робім гэта штогод. З усёй школы, у якой вучыцца каля 600 чалавек, толькі 26 трапляюць у атрад. Мінулы раз мы ўдзельнічалі ў Вахце памяці ў 2018/2019 навучальным годзе. Мы з атрадам неслі вахту 4 дні і атрымалі за гэта найвышэйшы бал па ўсіх крытэрыях: за веданне тэорыі, страявую пад­рыхтоўку, знешні выгляд і нават правільнае складванне формы.

Пра поспехі

— Наша піянерская дружына носіць імя Пятра Міронавіча, — дадае Наталля Аляксандраўна. — І так павялося, што нашых вучняў заўсёды называюць “машэраўцамі”. Пад гэтым імем навучэнцы выступаюць на ўсіх конкурсах і мерапрыемствах.

“Машэраўцы” ўдзельнічаюць у міжнародных даследчых конкурсах. Летась яны бралі ўдзел у праекце “Пискаревский гранит нашу память хранит”. Вучні працавалі са спісамі і імёнамі ге­рояў, якія абаранялі межы нашай краіны. Задача складаная, але для “машэраўцаў” выканальная. У перыяд удзелу ў праекце школа ўстанавіла сяброўскія сувязі з Санкт-Пецярбургам, Ямала-Нянецкай акругай, Новасібірскам.

Пагадзіцеся, ніякія выхаваўчыя праграмы не будуць эфектыўныя, калі педагог не служыць прыкладам маральных і грама­дзянскіх паводзін. Педагогі школы, як і яе навучэнцы, — гэта творчыя, актыўныя, ініцыятыўныя і таленавітыя людзі. Усе яны ў адзін голас кажуць, што “137-я — лепшая ў раёне!”. Што ж робіць яе такой? Людміла Іванаўна Шчэнікава лічыць, што любоў да сваёй справы. Прычым яна прысутнічае ў сценах гэтай установы з самага першага дня стварэння, з таго часу, як Пётр Міронавіч убачыў такую школу ў Швецыі і вырашыў пабудаваць падобную ў Мінску.

Наталля Аляксандраўна са­лідарная з калегай. Яна памяняла ў сваім прафесійным жыцці некалькі школ, але “машэраўская” ўжо пяты год у яе сэрцы. І гэтую шчырую зацікаўленасць і адда­насць сваёй справе адчуваюць вучні: яны зараджаюцца пазітывам і дасягаюць неверагодных поспехаў. Вось такая арыфметыка.

Соф’я ЦЫКУНОВА.