Дарослая рацыянальнасць

- 9:42Пункт погляду

Вядучая рубрыкі 
Вольга ДУБОЎСКАЯ 

 

 

 

 

 

 

 

Нядаўна дачка расказала, што яе сяброўка забрала дакументы з эканамічнага ўніверсітэта. На маё пытанне “Што здарылася?”, адказала коратка: “Зразумела, што не падабаецца”.

І калі я, уключыўшы дарослую рацыяналь­насць, пачала разважаць, маўляў, хоць бы да канца другога курса давучылася, каб пасля была магчымасць аднавіцца (жыццё ж такое непрадказальнае!), дачка гэтак жа коратка мяне абарвала: “Гэта нармальна. Ну не хоча яна станавіцца эканамістам, і вучыцца ёй там абсалютна нецікава”.

Не стала распытваць, чым жа сяброўка будзе займацца, бо, зразумела, яна сама пакуль не ведае. З аднаго боку, я за яе парадавалася: чалавек прыняў дарослае і адказнае рашэнне. А з іншага — гэтая навіна вярнула да думак пра важнасць і вострую неабходнасць арганізацыі дапрофільнай і профільнай падрыхтоўкі ў школе. Магчыма, калі б у школе гэтай дзяўчыны яна была наладжана, то ёй не давялося б сутыкнуцца з такім няпростым выбарам.  

Канечне, нават пры актыўнай дапамозе навучальнай установы ў выбары прафесіі, ці хаця б прафесійнага напрамку, стапрацэнтнай гарантыі ніхто не дасць. Каб зразумець, ці падыходзіць табе тая або іншая прафесія, трэба ўсё ж “паспытаць яе на смак”. Самай выйгрышнай у гэтым плане з’яўляецца спроба павучыцца ў педагагічных класах. Гэта, напэўна, адзіны прафесійны напрамак у школе, які дае магчымасць не проста прымераць на сябе прафесію, а зразумець яе сутнасць. Ведаю студэнтаў БДПУ імя Максіма Танка, якія паступалі пасля педкласаў. Вочы гараць. Ды так, што самой хочацца сесці за парту да такіх настаўнікаў. 

Вельмі важна зрабіць спробу папрацаваць, прычым будучы яшчэ школьнікам. Мне ў жыцці таксама давялося рабіць выбар. Кідаць вучобу ва ўніверсітэце я, канечне, не рашылася, але падчас педагагічнай практыкі ў школе да мяне прыйшло ўсведамленне, што настаўніцай я не буду. Ніколі. Праўда, пасля мяне чакала яшчэ адна практыка — журналісцкая. І вось тут я адчула неймаверную радасць, бо браць інтэрв’ю, пісаць нататкі мне вельмі падабалася. Хацелася ўвесь час удасканальвацца і пашыраць прафесійныя гарызонты, таму маё супрацоўнітва з газетай працягвалася, калі я давучвалася ва ўніверсітэце. 

Лёс склаўся так, што ў гэтай газеце працую ўжо больш за 20 гадоў, і не было ніводнага дня, каб мне не хацелася ехаць у рэдакцыю. Разумею, што вельмі пашчасціла ў жыцці — працаваць з задавальненнем. І таму хочацца, каб такое ж задавальненне ад прафесійнай дзейнасці атрымлівала наша моладзь. 

У размове з настаўнікамі не раз чула, што дапрофільную падрыхтоўку варта пачынаць класа з сёмага. Пагаджуся. Бо калі школьнікі будуць часцей бываць з экскурсіямі на вытворчасці, у сельскай гаспадарцы, медыцыне, калі да іх у класы будуць прыходзіць прадстаўнікі самых розных прафесій, тады яны пачнуць задумвацца пра сваю прафесійную будучыню раней, чым у 11 класе. Канечне, спрагназаваць будучую работу немагчыма, але прафесійныя веды і навыкі дапамогуць сарыентавацца. Тым больш што цяпер да прафарыентацыі школьнікаў актыўна далучаюцца каледжы, прафесійныя ліцэі і, натуральна, універсітэты.

Вядучая рубрыкі Вольга ДУБОЎСКАЯ.