Пытанні прафілактыкі правапарушэнняў, злачынстваў і ўжывання псіхаактыўных рэчываў сярод непаўналетніх абмеркавалі педагогі-псіхолагі ўстаноў адукацыі на абласным семінары.
Як расказала арганізатар семінара метадыст цэнтра сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай работы Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Алена Іванова, вопытныя спецыялісты завастрылі ўвагу на фактарах развіцця залежных паводзін у непаўналетніх, прафілактыцы залежнасці, а таксама спецыфіцы сузалежных паводзін сярод блізкіх і сваякоў. Таксама гаворка ішла пра прафілактыку сексуальнага насілля ў дачыненні да непаўналетніх і пра эфектыўнасць работы саветаў па прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх ва ўстановах адукацыі.
Загадчык арганізацыйна-метадычнага кансультацыйнага аддзела Мінскага абласнога клінічнага цэнтра “Псіхіятрыя-наркалогія” ўрач-псіхіятр-нарколаг Аляксандр Казачок адзначыў, што працэс фарміравання залежнасці ў падлеткаў складаецца з шэрага этапаў, кожны з якіх характарызуецца вызначанай ключавой падзеяй, матывам, які пабуджае да ўжывання псіхаактыўных рэчываў, а таксама змяненнем асобы падлетка. На хуткасць развіцця негатыўных наступстваў уплываюць розныя фактары: узрост, у якім пачалося ўжыванне псіхаактыўных рэчываў, хімічныя асаблівасці і таксічнае ўздзеянне такіх рэчываў на арганізм. У сувязі з гэтым важна як мага раней выяўляць непаўналетніх, схільных да шкодных і небяспечных звычак, і праводзіць з імі прафілактычную работу. У групе рызыкі падлеткі, якія лёгка паддаюцца псіхалагічнай унушальнасці, валодаюць нізкай самаацэнкай, не ўмеюць канструктыўна пераадольваць стрэсавыя перажыванні і канфліктныя сітуацыі. У іх звычайна няўстойлівае, нейтральнае або станоўчае стаўленне да ўжывання псіхаактыўных рэчываў ці алкаголю.
Гаворачы аб сузалежных паводзінах, Аляксандр Віктаравіч адзначыў, што сузалежнасць — гэта стан, які развіваецца ў людзей, якія пражываюць разам ці цесна звязаны роднаснымі, сяброўскімі адносінамі з залежным чалавекам. Перш за ўсё гэта бацькі. Сузалежныя людзі глыбока паглынуты праблемамі блізкага чалавека з залежнасцю. Яны эмацыянальна, сацыяльна і нават фізічна залежаць ад яго, жывуць у працяглым стрэсе, канцэнтруючыся выключна на яго праблемах.
— Гэты разбуральны працэс самападману ў міжасобасных узаемаадносінах можа працягвацца шмат гадоў, — зазначыў Аляксандр Казачок. — Сузалежныя людзі часта не прызнаюць сваіх памылак, вінавацяць іншых людзей у сваіх няўдачах, адмаўляюць бяссілле перад праблемай, займаюцца пастаянным кантролем залежнага і жывуць у пастаянным страху перад будучыняй. Ім самім патрэбна псіхалагічная або псіхатэрапеўтычная дапамога, якая пазбавіць ад пастаяннага адчування сораму, трывогі, адчаю, песімізму, пачуцця бяссілля, гневу і крыўды, а таксама неўрозаў, дэпрэсіі і розных саматычных захворванняў: язваў, калітаў, хвароб сэрца і г.д.
Педагог-псіхолаг аддзела псіхалагічнай дапамогі ў крызісных сітуацыях Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі Алеся Злоцкая звярнула ўвагу ўдзельнікаў семінара на прафілактыку сексуальнага насілля ў дачыненні да непаўналетніх і прапанавала па гэтай тэме матэрыял для работы як з падлеткамі, так і з бацькамі.
Алеся Валянцінаўна заўважыла, што работа з удзельнікамі адукацыйнага працэсу мае тры ўзроўні прафілактыкі. Першасная прафілактыка накіравана на прадухіленне фактаў насілля. Яе мэтавая аўдыторыя ва ўстанове адукацыі — педагогі, бацькі, дзеці, якім трэба расказваць пра праблему сексуальнага насілля, пра тыя ўстаноўкі, якія садзейнічаюць здзяйсненню і ўтойванню злачынстваў.
Мэты другаснай прафілактыкі — папярэдзіць насілле і эксплуатацыю дзяцей з груп рызыкі, а таксама прадухіліць здзяйсненне злачынства. Трэці ўзровень прафілактыкі мае на мэце дапамагчы дзіцяці зноў не стаць ахвярай і не дапусціць паўторнага здзяйснення злачынства.
Важна як мага раней выяўляць непаўналетніх, схільных да шкодных і небяспечных звычак, і праводзіць з імі прафілактычную работу.
На думку спецыяліста, важны аспект прафілактычнай работы — сексуальная адукацыя:
— Сюды ўваходзіць і палавое выхаванне, якое, дарэчы, з’яўляецца часткай агульнага выхавання, і яно заўсёды перадаецца дзіцяці, нават калі гэта адбываецца ненаўмысна. Замоўчваючы тэму сексуальнасці ці пазбягаючы такіх размоў, ігнаруючы простыя пытанні дзяцей, дарослыя фарміруюць у дзіцяці ўяўленне, што гэта забароненая, няёмкая або ганебная тэма. У такой сям’і дзецям цяжка паведаміць і пра сексуальнае насілле.
Прафілактычныя кампаніі, па словах Алесі Злоцкай, накіраваны ў тым ліку на павышэнне даступнасці дапамогі тым, хто перажыў гвалт. Важна інфармаваць людзей аб тэлефонах даверу, арганізацыях, якія аказваюць дапамогу.
Падчас анлайн-сустрэчы ўдзельнікі атрымалі практычныя матэрыялы, якія змогуць выкарыстоўваць для сваёй прафілактычнай работы. А метадыст цэнтра сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай работы Мінскага абласнога ІРА Марына Бізук акцэнтавала ўвагу на неабходнасці арганізацыі саветаў па прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх ва ўстановах адукацыі як калегіяльным органе па прафілактыцы правапарушэнняў і дэвіянтных паводзін сярод падлеткаў.
Марына КУНЯЎСКАЯ.
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі.