Педагог, франтавік, легенда

- 10:09Настаўнік назаўжды, Суразмоўца, Суразмоўца

Іх засталося не так шмат. Але яны ёсць — жывыя сведкі таго трагічнага часу, праз асобы якіх больш выразна ўсведамляецца гістарычная знач­насць здзей­сненых подзвігаў.

У баях за Радзіму

На маляўнічай вуліцы ў невялікай вёсачцы Філатава, што на Кругляншчыне, стаіць утульная хата. “Тут жыве ветэран” — апавяшчае таблічка на сцяне. Васіль Дзмітрыевіч Еўдакіменка — франтавік, удзельнік баявых дзеянняў савецка-фінскай і Вялікай Айчыннай войнаў. А яшчэ — заслужаны педагог, які больш за 30 гадоў прысвяціў плённай працы ў сферы адукацыі. Не так даўно Васілю Дзмітрыевічу споўнілася 103 гады. Але, нягледзячы на паважаны ўзрост, ён і зараз у страі.

У парадным пінжаку з ордэнамі і медалямі, даволі ба­дзёра і з ваеннай выпраўкай ветэран расказаў пра мала­досць, вайну і мірнае жыццё, пра педагогіку і настаўніцтва.

Лёс Васіля Дзмітрыевіча не быў лёгкім. Нарадзіўся ён на хутары ў Касцюковіцкім раёне ў простай сялянскай сям’і ў 1919 годзе, калі краіна яшчэ апраўлялася ад пострэвалюцыйных па­дзей і грамадзянскай вайны. 

— Як скончыў школу, думаў вывучыцца і вярнуцца на радзіму, каб працаваць на зямлі. Паступіў на рабфак, а пасля — у Харкаўскі сельскагаспадарчы інстытут. Вось толькі скончыць яго так і не атрымалася. Тады ішоў 1939-ы і пачалася фінская вайна, — расказаў В.Д.Еўдакіменка.

Паводле яго слоў, навабранцам трапіў на кароткатэрміновыя курсы і адтуль — на вайну. Савецка-фінская стала для 20-гадовага Васіля цяжкім выпрабаваннем. Фіны аказаліся дасведчанымі воінамі, складанасцей дабаўляла і суровая зіма з вялікімі снегападамі і маразамі. Але малады салдат выстаяў і здолеў застацца ў жывых. Вось толькі з адной вайны яму прыйшлося адправіцца на другую.

Вайну з фашысцкімі агрэсарамі В.Д.Еўдакіменка сустрэў у Ленінградзе. Ваяваў там некалькі месяцаў. Потым прайшоў амаль увесь Савецкі Саюз — Курская дуга, Варонежскі фронт. Быў і мінамётчыкам, і аўтаматчыкам. Атрымаў некалькі раненняў, аднак працягваў ваяваць за Радзіму.

Нягледзячы на паважаны ўзрост, Васіль Дзмітрыевіч застаецца ў страі. Па-ранейшаму бадзёры і моцны духам, ён — пастаянны і актыўны ўдзельнік розных культурна-масавых мерапрыемстваў у райцэнтры і вёсцы.

— У 1943 годзе апынуўся ў роднай Беларусі, змагаўся за яе свабоду. Давялося вызваляць і сваю малую радзіму — Касцюковіцкі раён. Тады камандаванне дало некалькі дзён водпуску, каб пабачыцца з сям’ёй. Гэта была самая вялікая радасць і ўзнагарода за ўсю вайну. Пасля грымнулі жорсткія баі, ад маёй роты засталася ўсяго траціна салдат. Магчыма, менавіта тая сустрэча з роднымі і дазволіла мне ацалець, — падзяліўся ўспамінамі Васіль Дзмітрыевіч.

Менавіта ў баях за вызваленне Беларусі ён атрымаў чацвёртае і самае цяжкае сваё раненне, пасля якога на фронт ужо не вярнуўся. Баявы шлях В.Д.Еўдакіменкі адзначаны ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, Славы III ступені, медалямі “За адвагу” і “За перамогу над Германіяй”.

На працоўных франтах

Пасля Вялікай Перамогі і з надыходам мірнага жыцця Васіль Дзмітрыевіч шукаў сябе нядоўга. Папрацаваўшы некаторы час у сельпо, сваё жыццё вырашыў звязаць з настаўніцтвам. Паступіў у тагачасны Гомельскі педінстытут і скончыў яго па паскоранай праграме, бо ў краіне востра не хапала кваліфікаваных педагагічных кадраў.

Настаўнічаць В.Д.Еўдакіменка вярнуўся на малую радзіму ў Касцюковіцкі раён. У вёсцы Ветухна пачаў выкладаць мясцовым школьнікам хімію і біялогію. Педагогіка адразу стала яго любімай справай.

— Для мяне заўсёды было важным не толькі даць дзецям трывалыя і глыбокія веды па прадметах. Вялікую ўвагу ўдзя­ляў і выхаванню навучэнцаў, — расказаў ветэран.

Васіль Дзмітрыевіч вучыў дзяцей працаваць, выхоўваў у іх патрыятызм і любоў да Радзімы. Ён заўсёды стараўся быць побач з вучнямі, натхняў іх на добрыя і карысныя справы, падтрымліваў у складаныя пасляваенныя
гады.

Працоўная дзейнасць В.Д.Еўдакіменкі неаднаразова была адзначана ганаровымі граматамі і іншымі ўзнагародамі. Настаўніцкай працы Васіль Дзмітрыевіч прысвяціў больш за 30 плённых гадоў. Акрамя выкладання, быў і дырэктарам школы. Любую працу ён заўсёды імкнуўся выконваць добрасумленна. Напэўна, таму пакінуў светлы след у сэрцах шматлікіх сваіх вучняў, дарэчы, як і яго жонка.

— Валянціна Кандрацьеўна была настаўніцай пачатковых класаў. Цудоўнай настаўніцай. Непасрэдна ў школе мы і пазнаёміліся. Ажаніліся ў 1947-м і ўсё жыццё былі разам, выхавалі дачку і сына. Цяпер жыву памяццю пра яе і клопатам аб дзецях і ўнуках, — падзяліўся Васіль Дзмітрыевіч.

З Круглянскім раёнам яго жыццё звязана ўжо звыш 28 гадоў. З’ехаць з роднай Касцюкоўшчыны прымусіла катастрофа на Чарнобыльскай АЭС. Ветухна тады трапіла ў зону адсялення, і ўсім жыхарам прыйшлося пакі­нуць наседжаныя месцы. Для сям’і Еўдакіменка менавіта аграгарадок Філатава стаў другім домам.

І зараз у страі

Нягледзячы на паважаны ўзрост, Васіль Дзмітрыевіч застаецца ў страі. Па-ранейшаму бадзёры і моцны духам, ён — пастаянны і актыўны ўдзельнік розных культурна-масавых мерапрыемстваў у райцэнтры і вёсцы. Асаблівую ўвагу, як і ў гады педагагічнай дзейнасці, удзяляе выхаванню моладзі. За значны ўклад у патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення В.Д.Еўдакіменка быў адзначаны Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу.

— Заўсёды прымаю запрашэнні ад школы, прыходжу на розныя мерапрыемствы да вучняў. Ды і самі яны — частыя госці ў нашым доме. Наведва­юць, дапамагаюць па гаспадарцы, віншуюць са святамі, — адзначыў ветэран.

Якраз падчас адной з такіх сустрэч з моладдзю і давялося пазнаёміцца з Васілём Дзмітрыевічам. У нязмушанай гутарцы на прыкладзе свайго жыцця ён расказваў дзецям усю праўду аб вайне.

— Сустрэчы з ветэранамі — лепшы спосаб фарміравання правільных жыццёвых каштоўнасцей у вучняў, таму арганізоўваем іх як мага часцей. Тым больш зараз, калі так мала сведкаў Вялікай Айчыннай засталося ў жывых. Сёння важная кожная гутарка моладзі з ветэранамі, кожная магчымасць пачуць удзельнікаў той грознай эпохі. Іх аповеды вучаць дзяцей любіць Радзіму, быць дастойнымі грамадзянамі. Іх успаміны больш праўдзівыя за любыя кнігі і словы. Яны перадаюць дух патрыятызму, адданасці сваёй краіне, народу, гатоўнасці стаць на абарону Айчыны. Мы, педагогі, стараемся зрабіць усё магчымае для таго, каб навучэнцы ведалі гістарычную праўду, ганарыліся тым, што яны нашчадкі пераможцаў, чэрпалі з гэтага пачуцця энергію, упэўне­насць у будучыні. Для нашых вучняў Васіль Дзмітрыевіч — узор найвялікшай мужнасці і адвагі, доб­лесці і гонару, стойкасці і гераізму. Дакладна разумеем: калі гэтыя каштоўнасці перадаваць з пакалення ў пакаленне, над нашай зямлёй заўсёды будзе мірнае неба, — падкрэсліла дырэктар Філатаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Таццяна
Семчанка.

У гэтых словах атрымалася пераканацца. Акружыўшы ветэрана, школьнікі ўважліва слухалі яго аповед: аб вайсковай службе, барацьбе за Радзіму і баявых таварышах, перамозе і міры. І  было зразумела, што для мясцовых навучэнцаў Васіль Дзмітрыевіч — не проста заслужаны ветэран-франтавік і выдатны педагог. Для філатаўскіх хлопчыкаў і дзяўчынак ён — сапраўдная легенда, сведка гісторыі, з жыццё­вага шляху якога варта браць прыклад.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.