У 2021/2022 навучальным годзе ва ўсіх вясковых школах Чэрвеньскага раёна працягвалі працаваць агракласы. Што яшчэ рэалізавана ў сістэме адукацыі гэтага рэгіёна і якім быў навучальны год для настаўнікаў і навучэнцаў? Пра гэта расказала начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Чэрвеньскага райвыканкама Ірына Мікалаеўна ЗМАЧЫНСКАЯ.
— Ірына Мікалаеўна, чым для сістэмы адукацыі вашага рэгіёна быў адметны гэты навучальны год?
— У Чэрвеньскім раёне ў 2021/ 2022 навучальным годзе значная ўвага ўдзялялася арганізацыі навукова-даследчай работы ў школах. Так, каманда навучэнцаў заваявала дыплом ІІІ ступені на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна ў гісторыі народа”. Увогуле, гэты навучальны год прайшоў на адным дыханні. На жаль, сёлета ў нас не было пераможцаў рэспубліканскіх прадметных алімпіяд. Каб зразумець, чаму так здарылася, мы правялі сустрэчу з камандай педагогаў, якая рыхтавала дзяцей на рэспубліку, і знайшлі суб’ектыўныя і аб’ектыўныя прычыны няўдач. Каб такога не паўтарылася, распрацавалі план карэкцыйнай работы па падрыхтоўцы да рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, у тым ліку праз арганізацыю профільнага навучання, дзейнасць міжшкольных факультатыўных заняткаў, узаемадзеянне з УВА. Таксама будзем працягваць практыку арганізацыі профільных летнікаў, вучэбных курсаў і інш.
У раёне на высокім узроўні арганізавана работа па павышэнні педагагічных кампетэнцый праз удзел настаўнікаў у семінарах і вэбінарах, што праводзяцца ў МАІРА, АПА, НІА і ў нашых установах адукацыі. Я ўпэўнена і заўсёды, размаўляючы з педагогамі, раблю акцэнт на тым, што работа з адоранымі і таленавітымі, матываванымі навучэнцамі — гэта наша прыярытэтная задача.
На высокім узроўні ў Чэрвені сёлета прайшоў тыдзень педагагічнага майстэрства, які быў арганізаваны ў кожнай навучальнай установе. Мы праводзілі раённы форум “Педагагічны алімп”, падчас якога
ўзнагароджвалі настаўнікаў за іх працу. Вельмі ганарымся сваімі вучнямі. Так, наша каманда знаўцаў “Што? Дзе? Калі?” сёлета ў вобласці паказала найлепшы вынік у параўнанні з мінулымі гульнямі. У гэтым заслуга педагога-псіхолага сярэдняй школы № 2 Смілавіч Святланы Плахатнюк, — яна падрыхтавала на інтэлектуальныя спаборніцтвы 2 каманды. У Чэрвеньскім раёне не забываюць і пра спорт. Прычым многа спартыўных мерапрыемстваў у школах раёна праводзіцца з удзелам дарослых. Мы ганарымся, што нас падтрымліваюць бацькі дзяцей. А яшчэ задаволены тым, што прыцягнулі да спорту дашкольнікаў. Напрыклад, у новым гарадскім дзіцячым садзе, які сёлета пачаў працаваць, ёсць басейн. У ім малышоў вучаць плаваць. У планах — навучанне плаванню малышоў да 3 гадоў.
Навучальны год, які падыходзіць да завяршэння, адметны і тым, што сярод дырэктараў вясковых школ створаны свой саюз.
— Адкрыццё ў вясковых школах вашага раёна агракласаў — гэта частка прафарыентацыйнай работы ці на такі крок натхнілі бізнес-кампаніі, якія паспяхова працуюць ва ўстановах адукацыі і прыносяць прыбытак?
— Безумоўна, у першую чаргу гэта прафарыентацыя. А яшчэ я ўпэўнена, што адзін з дзейсных спосабаў выхаваць патрыётаў — гэта прывучаць дзяцей да працы і выхоўваць любоў да малой радзімы. У агракласах, якія сёлета былі адкрыты ва ўсіх вясковых школах раёна, дзеці атрымліваюць прафесіі садавода і агародніка. У кожнай з устаноў ёсць свае зямельныя ўчасткі. Памер самага маленькага — 12 сотак, а самага вялікага — 60. Спадзяёмся, сёлета забяспечым самі сябе агароднінай і садавіной, з выкарыстаннем якой у школах будуць гатаваць абеды і што дазволіць зрабіць іх больш таннымі. Упэўнена: дзяцей трэба прывучаць да працы са школы. Гэтаму якраз спрыяюць агракласы, а таксама сады, якія пасаджаны ва ўстановах адукацыі. Так, сёлета свой яблыневы сад з’явіўся ў дзіцячым садзе № 2 і ў сярэдняй школе № 2 Чэрвеня, у якой вучыўся Алег Навіцкі. Менавіта таму сад быў названы ў яго гонар — садам Навіцкага. Першую яблыньку пасадзіла мама знакамітага касманаўта, Валянціна Эдуардаўна. Астатнія дрэвы даручылі высадзіць актывістам сярэдняй школы № 2. Свае сады з’явіліся таксама ў Лядзенскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе і ў Грэбенскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе. Апошні сёлета стаў пераможцам у конкурсе “Пасадзі дрэва”, за што яму было выдзелена на добраўпарадкаванне 2 тысячы рублёў. У мінулым навучальным годзе дырэктар Грэбенскага дзіцячага сада — сярэдняй школы заключыла дагавор з лясніцтвам, якое выдзеліла школе культыватар для апрацоўкі зямлі. Таму сёння дзеці і калектыў з задавальненнем займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторыі, а таксама сваім агародам — у іх амаль 60 сотак зямлі.
Ва ўсіх вясковых школах Чэрвеньскага раёна арганізаваны і паспяхова дзейнічаюць свае бізнес-кампаніі. Дзеці вырошчваюць расаду, агародніну, а пасля іх прадаюць. Так, у Лядзенскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе бізнес-кампанія пад назвай “Грашовае дрэва” паспяхова працуе ўжо 12 гадоў і з’яўляецца лідарам у раёне. Усе прадпрымальніцкія ідэі, што з’яўляюцца ў навучальнай установе, прыносяць ёй даход.
Навучальны год, які падыходзіць да завяршэння, адметны і тым, што сярод дырэктараў вясковых школ створаны свой саюз. Падчас пасяджэнняў мы прымаем рашэнні наконт таго, у якім кірунку далей будзе развівацца бізнес-кампанія: што будзем садзіць і вырошчваць, як будзем рэалізоўваць прадукцыю і вучыць дзя-
цей правільнаму землекарыстанню.
Удзел у бізнес-кампаніях вучыць дзяцей быць гаспадарамі на сваёй зямлі і ў сваёй краіне. Адсюль, дарэчы, нараджаецца патрыятызм: жыць на сваёй зямлі, даглядаць яе, цаніць свой род і людзей — гэта тое, што павінен берагчы кожны з нас.
— Як сёлета ў Чэрвеньскім раёне будзе арганізавана аздараўленчая кампанія? Колькі дзяцей змогуць адпачыць у лагерах рознага тыпу?
— Сёлета ў нас будзе аздароўлена 40% дзяцей. На базе стацыянарнага лагера “Верас” за 4 змены адпачнуць 300 навучэнцаў. Кожная са змен, безумоўна, будзе тэматычная: па асновах бяспекі жыццядзейнасці, грамадзянска-патрыятычная, абаронна-спартыўная і аздараўленча-спартыўная. У дзённых стацыянарных лагерах адпачнуць 150 спартсменаў, што займаюцца ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе. У школьных лагерах з кругласутачным знаходжаннем будуць арганізаваны 5 змен профільных кірункаў: краязнаўства, прыродазнаўства, біялогія, фізіка, пажарная бяспека. Летнікаў з дзённым знаходжаннем у раёне будзе 13. У сельскагаспадарчым ліцэі Чэрвеня будзе дзейнічаць абласны лагер “Біт” для адораных дзяцей па двух кірунках — фізіка і інфарматыка. Што тычыцца агульнай колькасці навучэнцаў, якім выпадзе магчымасць аздаравіцца гэтым летам, то іх колькасць складзе 1315 (з 2800). Таксама ў лагерах адпачнуць і аздаровяцца 28 дзяцей, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, дзеці-сіроты і 30 дзяцей-інвалідаў.
Гутарыла Наталля САХНО.
Фота аўтара.





