Дзеткі і кветкі

- 14:45Падзеі, Сацыяльны ракурс

Два месяцы юннаты краіны жылі ідэяй стварыць кветкавыя аазісы каля дзіцячых дамоў. Днямі акцыя па добраўпарадкаванні і азеляненні іх тэрыторый “Кветкі дабра” завяршылася.

Ініцыятарам творчага праекта выступіў Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства. Пачынаючы з 11 красавіка навучэнцы ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі распрацоўвалі свае праек­ты, наладжвалі сувязі з мясцовымі дзіцячымі дамамі сямейнага тыпу і на іх тэрыторыях, заручыўшыся дапамогай юных гаспадароў, увасаблялі свае творчыя праекты — закладвалі дэкаратыўныя агароды і стваралі міксбордары, якія будуць радаваць цвіценнем з ранняй вясны да позняй восені. 

У экалагічным цэнтры юныя ландшафтныя дызайнеры абаранялі свае праекты перад журы, а пераможцы атрымалі заслужаныя ўзнагароды. У лік пераможцаў трапіў і 13-гадовы гамяльчанін Дзмітрый Дворак з дзіцячага дома сямейнага тыпу сям’і Таболіч, які быў у камандзе Гомельскага дзяржаўнага абласнога цэнтра турызму і экалогіі дзяцей і моладзі.

— Я заўсёды захапляўся кветкамі, але ніколі не думаў, што буду сам іх саджаць, — прызнаецца хлопчык.— Пакуль што я займаўся толькі спортам, а цяпер дакладна, акрамя цяжкай атлетыкі, у маім жыцці будуць і кветкі. Што гэта будзе — фларыстыка, ландшафтны дызайн ці нешта падобнае, я пакуль яшчэ не вырашыў, але ўжо ведаю, дзе буду займацца, — у гомельскім абласным цэнтры турызму і экалогіі. А пакуль буду атрымліваць асалоду ад тых кветак, якія цяпер растуць у нас дома. Я ўжо амаль усе назвы іх вывучыў, даглядаючы іх. Асабліва мяне ўражвае шыкоўны ружовы рададэндран. Цяпер ні адзін мой дзень не пачынаецца без наведвання яго.

Творчым завяршэннем акцыі стала сумесная работа яе фіналістаў. 30 юных фларыстаў і выхаванцаў дамоў сямейнага тыпу з усіх рэгіёнаў краіны стваралі модульны кветнік “Кветкі дабра” на тэрыторыі Рэспубліканскага рэабілітацыйнага цэнтра для дзяцей-інвалідаў. Кветкавыя модулі размясціліся ў розных частках тэрыторыі, упрыгожыўшы і парадны ўваход з лесвіцай, і альтанку, і вадаём.

Таццяна Ступіна, загадчык аддзела прыкладной батанікі і фітадызайну, гаворыць:

— Гэтую работу мы ператварылі ў квест: выдалі дзецям нумаркі, па якіх яны адбіралі гаршкі з патрэбнымі раслінамі, шукалі на плане кветніка, дзе іх трэба пасадзіць, і самі саджалі. Дзякуючы такой сумеснай акцыі, мы хацелі падружыць дзяцей, аб’яднаць іх творчасцю, ландшафтным дызайнам, сумеснай працай, любоўю да кветак і доглядам іх.

Паспрыялі творчаму летняму настрою і адукацыйныя экскурсіі па тэрыторыі экацэнтра і па Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Надзеі СМОЛЬНІК.