Маршрут згуртаванасці

- 13:13Падзеі, Сацыяльны ракурс

Кожны дзень для ўдзельнікаў праекта насычаны. Так, у Віцебску школьнікі наведалі плошчу Перамогі, Алею воінскай Славы, плошчу Тысячагоддзя і абласны краязнаўчы музей у Ратушы.

Віцебск

Таксама падлеткі трапілі на экскурсію ў музей імя М.П.Шмырова, дзе ім расказалі пра по­дзвігі героя ў час Вялікай Айчыннай вайны.

— Віцебск прыгожы і цікавы. Тут шмат разнастайных славутасцей. Гэта па-сапраўднаму каштоўна. Мы бачым тут шмат месцаў, звязаных з вайной. Калі я слухала пра генацыд беларускага народа ў часы Вялікай Айчыннай вайны, то была ўражана колькасцю ахвяр. Гэтыя веды дапамагаюць шана­ваць памяць, — падзялілася ўражаннем Ліліяна Шкрэблік з аграгарадка Малыя Гарадзяцічы Любанскага раёна.

У завяршэнні дня ў маладзёжнай сталіцы Беларусі прайшло мерапрыемства з выступленнямі мясцовых творчых калектываў. У канцы сустрэчы прадстаўнікі горада ўручылі сімвалічны малюнак, які ў канцы маршруту стане часткай пазла “Знак Цягніка Памяці”.

Смаленск

Для ўдзельнікаў падарожжа арганізавалі конкурс “Дарогі памяці”. Дзеці змогуць праявіць сябе творча ў трох намінацыях: відэаролік, тэкставая нататка і выяўленчае мастацтва.

Ішоў пяты дзень падарожжа… Удзельнікаў сустрэла Расійская Федэрацыя. Першай станцыяй на тэрыторыі гэтай краіны быў Смаленск. Пасля ўрачыстага прывітання на вакзале хлопцы і дзяўчаты накіраваліся ў музей-запаведнік “Гнёздава”, дзе іх чакалі інтэрактыўныя гульні з традыцыйнымі рускімі матывамі. Таксама дзеці наведалі сквер Памяці Герояў у Смаленску. Прадстаўнікі горада правялі ўрачыстую лінейку памяці перад Вечным агнём, дзе дэлегацыя цягніка ўсклала кветкі.

— З заканчэннем праекта кожны возьме для сябе штосьці карыснае. Гэта і зносіны з новымі сябрамі, і незвычайнае падарожжа па рэгіёнах дзвюх краін, і, вядома ж, веданне гісторыі сваіх прадзедаў, — пракаменціравала метадыст аддзела спорту, турызму і краязнаўства Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Марына Віктараўна Рабушка. — Удзельнікі праекта — наша новае пакаленне і наша будучыня. Таму ў нас як педагогаў першарадная задача — данесці праўдзівую гісторыю, каб у далейшым яны расказвалі яе сваім дзецям. Таксама гэта неабходна для таго, каб моладзь правільна арыентавалася ў сучасным інфармацыйным свеце. У маіх планах пасля завяршэння праекта “Цягнік Памяці” сабраць выхаванцаў цэнтра дадатковай адукацыі і арганізаваць маршрут па памятных месцах нашага рэгіёна.

У Палацы культуры чыгуначнікаў адбылася сустрэча з прадстаўнікамі дзіцячых і маладзёжных арганізацый Смаленскай вобласці.

Расіяне прапанавалі беларускімі хлопцам і дзяўчатам у найбліжэйшай будучыні скласці рэгіянальныя каманды для ўдзелу ва Усерасійскім конкурсе для школьнікаўі студэнтаў “Вялікая змена”.

Ржэў і Вязьма

На наступны дзень Цягнік Памяці прыбыў на станцыю Ржэўскі мемарыял. На пероне падлеткаў сустракаў кадэцкі клас сярэдняй агульнаадукацыйнай школы № 7 Ржэва — юнармейцы. У той жа дзень, прыбыўшы ў Вязьму, удзельнікі накіраваліся да помніка генералу Яфрэмаву. Пасля ўскладання кветак адправіліся на асветніцкае мерапрыемства “Вечар памяці”. Тут школьнікам выдалася магчымасць пагутарыць з прадстаўнікамі ветэранскіх арганізацый.

— Я вельмі рады, што з’яўляюся ўдзельнікам праекта. Прайшоў ты­дзень, і ў мяне толькі станоўчыя ўражанні. Наведванне значных месцаў важна для маёй актыўнай дзейнасці, бо я з’яўляўся членам Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. А цяпер Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, — расказаў Глеб Шыман са Шчучына.

Настаў экватар падарожжа, і Цягнік Памяці накіроўваецца ў Кубінку, дзе наведае парк “Патрыёт”.

Настасся ЧАРКАНАВА.
Фота аўтара.