Вашы подзвігі ўспомнім мы зноў

- 13:08Падзеі, Сацыяльны ракурс

“Цягнік Памяці” брацкіх народаў адраджае да Бацькаўшчыны любоў. Мінск, Масква, Брэст, Смаленск, Ржэў і Гродна — вашы подзвігі ўспомнім мы зноў…” Гэтыя словы з песні, якая стала сапраўдным гімнам праекта, гучалі кожны дзень на працягу падарожжа.

Горад за горадам

У Вялікім Ноўгарадзе адбылася ўрачыстая сустрэча ўдзельнікаў “Цягніка Памяці” з ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Васілём Сцяпанавічам Крэсцьянінавым. Далей дзеці адправіліся на пешаходную экскурсію “Маршрут Памяці” па Наўгародскім Крамлі. У завяршэнні паездкі падлеткі прагуляліся па набярэжнай ракі Волхаў да манумента Перамогі.

— Гэты праект шмат зна­чыць для ўдзельнікаў. Пабываўшы ў цэнтрах сілы, мужнасці і гераізму, школьнікі азнаёміліся ўжывую з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. І што немалаважна, з’ядналіся двума народамі яшчэ мацней, — каменціруе начальнік Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Эдуард Тамільчык.

Дзясяты дзень маршруту выпаў на Пскоў. Маршрут уключаў наведванне Пакроўскай вежы, помніка воінам-дэсантнікам, помніка дружыне Аляксандра Неўскага на гары Сакаліха. На наступны дзень удзельнікі прыбылі ў Оршу. Пасля ўрачыстай сустрэчы дзеці адправіліся на экскурсію ў Музей гісторыі і культуры горада, на плошчу каля будынка былога калегіума, наведалі таксама мемарыяльны комплекс “За нашу Савецкую Радзіму!”.

Мемарыяльны комплекс, прысвечаны дзецям — ахвярам Вялікай Айчыннай вайны, быў адкрыты 28 чэрвеня 2007 года ў аграгарадку Чырвоны Бераг, дзе падчас вайны знаходзіўся адзін з найбуйнейшых дзіцячых донарскіх канцлагераў. Мемарыял прысвечаны скрадзенаму вайной дзяцінству. Праектаваннем помніка-мемарыяла займаўся лаўрэат Ленінскай прэміі архітэктар Леанід Левін. Будаўніцтва было пачата ў 1994 годзе і закончана ў 2006-м.

У другую палову дня лакаматыў прыбыў у Магілёў. На пероне адбылася танцавальная акцыя “Вальс юнацтва”. Удзельнікі накіраваліся да мемарыяльнага комплексу “Буйніцкае поле”. Там дзеці паўдзельнічалі ў патрыятычнай акцыі “Моладзь памятае!”. Затым іх чакала экскурсійна-забаўляльная праграма “Магілёўскае сафары”.

— Мы набліжаемся да канца падарожжа, і таму з упэўненасцю магу сказаць, што ўся паездка мне спадабалася. У кожным горадзе было шмат цікавага. Нас правялі па самых галоўных месцах гэтых гарадоў — месцах баявых дзеянняў. Мы прыехалі сюды ўшана­ваць памяць аб Вялікай Айчыннай вайне. Гэта асабліва важна. А яшчэ я моцна ўразілася Піскароўскімі мемарыяльнымі могілкамі. Пасля такога пачынаеш больш шанаваць подзвігі нашых продкаў, — па­дзялілася вучаніца гімназіі № 35 Мінска Дарына Ананіч.

Цягнік Памяці сустрэлі ў Гомелі. Намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Прывалаў адзначыў, што подзвіг народа застаецца ў людской памяці, у тым ліку дзякуючы такім саюзным праектам.

— На беларускай зямлі шмат помнікаў. Брэсцкая крэпасць і Хатынь, Трасцянец і Азарычы, Буйніцкае поле пад Магілёвам і Ала ў Светлагорскім раёне, Дняпроўскія берагі ля Лоева і тысячы брацкіх магіл воінаў-вызваліцеляў, закатаваных мірных грама­дзян. Падзеі Вялікай Айчыннай не павінны забывацца, мы абавязаны пастаянна памятаць і расказваць пра іх, — сказаў Уладзімір Прывалаў. 

Далей удзельнікі накіраваліся ў аграгарадок Чырвоны Бераг, каб наведаць мемарыяльны комплекс “Помнік дзецям — ахвярам Вялікай Айчыннай вайны”. Дэлегацыя цягніка правяла цырымонію ўскладання кветак да мемарыяла. На месцы таксама працавала інтэрактыўная выстава на тэму Вялікай Айчыннай вайны.

Мінск святочна сустрэў Цягнік Памяці. Дзяўчаты і хлопцы адправіліся да Кургана Славы, дзе прайшла ўрачыстая сустрэча з кіраўніком беларускай дзяржавы. Далей цягнік накіраваўся ў аграгарадок Лашаны. У гісторыка-культурным комплексе “Лінія Сталіна” адбылася ваенна-гістарычная рэканструкцыя “Аперацыя “Баграціён”.

— Было вельмі захапляльна, прабрала да мурашак. Я адчула, як было цяжка ў гады Вялікай Айчыннай вайны, як у той час пакутавалі людзі. Я вельмі хачу, каб мы ўсе захавалі мірнае неба над галавой, тое, якое падарылі нам пра­дзеды, — падзялілася ўражаннямі ўдзельніца праекта Алена Харкевіч з сярэдняй школы № 18 Віцебска імя У.С.Смятаніна. — Мае прапрадзеды ваявалі. Мін Іларыёнавіч Антоненка быў партызанам і лічыцца прапаўшым без вестак падчас вайны. Другі прапрадзед Леанід Восіпавіч Собалеў служыў у Чырвонай Арміі. У наш час трэба не забываць пра по­дзвігі, здзейсненыя падчас Вялікай Айчыннай вайны нашымі землякамі. Таму я дамовілася з дырэктарам школы Ганнай Віктараўнай Канцапольскай, што па прыездзе мы арганізуем сустрэчу для вучняў, дзе я раскажу пра місію праекта “Цягнік Памяці” і падзялюся ўражаннямі аб падарожжы.

У канцы 2021 года сярэдняй школе № 18 Віцебска было прысвоена імя Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Смятаніна. Полк пад камандаваннем Уладзіміра Сяргеевіча 25 чэрвеня 1944 года, дасягнуўшы ракі Заходняя Дзвіна, прарваў варожую абарону і ў раёне вёскі Рудакі замкнуў кола акружэння Віцебскай групоўкі праціўніка. Гітлераўцы рабілі пастаянныя спробы вырвацца з катла. Але воіны палка адбілі 13 масіраваных контратак. Падпалкоўнік Смятанін падчас баёў быў паранены, але працягваў кіраваць дзеяннямі палка. Пры адбіцці апошняй атакі, знаходзячыся ў непрытомным стане, быў захоплены ў палон.

Добры пачатак

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч з намеснікам Старшыні Савета Федэрацыі Канстанцінам Касачовым адкрылі Алею Дружбы ў гісторыка-культурным комплексе “Лінія Сталіна”. Разам з дзецьмі высадзілі 78 туй, па колькасці гадоў з 1944 года, калі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў была вызвалена беларуская зямля.

— Пасадка Алеі Дружбы надоўга запомніцца. Дрэва ўвасаб­ляе сабой памяць на стагоддзі, — адзначыў вучань сярэдняй школы № 208 Мінска Мікіта Капітан.

Цягнік Памяці наблізіўся да канца свайго падарожжа. Для дзяцей правялі экскурсіі па храме-помніку ў гонар Усіх Святых і Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Усе ўдзельнікі адправіліся на фінальнае мерапрыемства праекта ў Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі, дзе падвялі вынікі. Віктар Лісковіч пажадаў юным удзель­нікам праекта, каб аптымізм, сяброўства і адзінства, якія панавалі на працягу ўсяго іх падарожжа, захаваліся на доўгія гады:

— Я хачу даць вам некалькі парад, каб вы змаглі выкарыстаць іх у далейшым. Па-першае, не забывайце сваіх настаўнікаў, бо іх парады, веды будуць суправаджаць вас на працягу ўсяго жыцця. Па-другое, ніколі не адчайвайцеся.
Не дасягнуўшы мэты сёння, дасягніце яе заўтра. Па-трэцяе, рабіце любую работу так, каб яна падабалася вам самім. Калі вы будзеце ісці па жыцці адзіным згуртаваным калектывам, у цяжкую хвіліну вам абавязкова падста­вяць плячо. І самае галоўнае — любіце сваю Радзіму!

Ад Тывы да Гомеля

Сярод удзельнікаў “Цягні­ка Памяці” дзесяцікласніца Наран-Туя Бадарчы з Тывы — зямлячка Героя Савецкага Саюза Міхаіла Бухтуева. Школьнікі сарыг-сепскай школы № 1 адправілі разам з прадстаўніцай Тывы мяшочак з зямлёй. Наран-Туя пакінула гэты мяшочак у Гомелі. Там вучыўся Міхаіл Бухтуеў. Ён гераічна загінуў на станцыі Чорныя Броды Гомельскай вобласці пры першым у гісторыі войнаў танкавым таране бронецягніка. Акрамя таго, дзяўчына прывезла ў паўднёва-ўсходні беларускі рэгіён фотаальбом аб удзе­ле ўраджэнцаў Тывы ў Вялікай Айчыннай вайне.

— Міхаіл Бухтуеў нарадзіўся 23 лістапада 1925 года ў мястэчку, якое знаходзіцца ўверх па Енісеі на паўдарозе паміж Сейбай і Карагашам. Я ведаю, што ён быў чыр­вонаармейцам з 1943 года і паспяхова скончыў палкавую школу, дзе яму было прысвоена званне сяржанта, — расказвае ўдзельніца “Цягніка Памяці”. — Гэта быў першы ў гісторыі войнаў танкавы таран бронецягніка.

Аперацыя“Баграціён” была адной з найбуйнейшых стратэгічных аперацый Вялікай Айчыннай вайны. Падчас яе правядзення Чырвоная Армія не толькі вызваліла народ Беларусі ад нямецка-фашысцкай акупацыі, але і значна падарвала сілы ворага.

Пры таране механік-вадзіцель гераічна загінуў. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 жніўня 1944 года за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым адвагу і гераізм гвардыі сяржанту Міхаілу Бухтуеву было пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Удзельнікі праекта азнаёміліся з храмам-помнікам у гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, выратаванню Айчыны нашай паслужыўшых. Цікавымі для наведвання з’яўляюцца музей храма, а таксама крыпта, дзе захоўваюцца астанкі салдат трох войнаў, якія адбываліся на беларускай зямлі, і капсулы з зямлёй, сабранай з месцаў воінскай славы і гібелі мірнага насельніцтва падчас Вялікай Айчыннай вайны.

Вопытны погляд

У старшыні абласной піянерскай арганізацыі педагога-арганізатара Гомельскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Аксаны Сіраж багаты 20-гадовы вопыт работы з дзецьмі.

—  Дзеці былі ўдзячныя. Кожны дзень падарожжа яны працавалі над сабой. А ў канцы паездкі я ўбачыла, як яны пасталелі за гэты кароткі прамежак часу. Гэта асаблівы праект. Нягледзячы на тое, што ён названы ваенна-патрыятычным, я дадала б, што ён і духоўны. Удзель­нікі ўбачылі шмат і папоўнілі свае веды, — адзначыла Аксана Сіраж. — З боку педагога павінна быць адказ­насць за тое, каб дзеці не ўпусцілі галоўнай задачы праекта. А гэта — памяць гісторыі нашай краіны ў часы Вялікай Айчыннай вайны.

У педагога-арганізатара ёсць планы па запуску новых лакальных праектаў з падобнай тэматыкай. “Цягнік Памяці” натхніў і дапамог сабраць ідэі для новых пачынанняў. Да таго ж Аксана Міхайлаўна стаяла на чале праекта “Помнікі расказваюць”. Піянеры расказвалі аб помніках, якія знаходзяцца ў той мясцовасці, дзе яны жывуць. Маладому пакаленню неабходна ведаць сваю гісторыю, для чаго і каго ўстаноўлены помнікі і мемарыялы.

Праект “Цягнік Памяці” — гэта не толькі 15 гарадоў, 15 дзён шляху, 5911 км маршруту, 140 гадзін у дарозе і 60 мільёнаў пройдзеных крокаў, а яшчэ і моцная дружба, незабыўныя эмоцыі, неверагоднае шчасце, шчырая любоў, непахісная мужнасць і неабсяжная Радзіма!

Настасся ЧАРКАНАВА.
Фота аўтара.