Памятаем кожнага

- 10:07Падзеі, Сацыяльны ракурс

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі разам з Беларускім культурным цэнтрам духоўнага адраджэння арганізавалі цыкл мерапрыемстваў, прысвечаных Дню памяці ахвяр лагера смерці “Трасцянец”. Памятнае мерапрыемства прайшло ў межах міжканфесійнага рэспубліканскага дабрачыннага праекта “Аднаўленне святынь Беларусі”.

Пачатак Дню памяці паклала пропаведзь протаіерэя Фёдара Поўнага ў крыпце храма-помніка.

— Каб перамагчы, чалавек здзяйсняе неймаверныя намаганні. Каб атрымаць духоўную карысць, ён добраахвотна прымушае сябе выйсці з зоны камфорту. Вядома, ушанаваць памяць можна і дома, але ў гэтай патаемнай справе важная асабістая гатоўнасць аддаць. Людзі, якія пакутавалі ў лагеры смерці “Трасцянец”, прынеслі сябе ў ахвяру, каб нам было спакойна і мірна. Мы не будзем людзь­мі, калі забудзем іх. Бо мы такія ж сыны і дочкі нашага народа, як і тыя 547 тысяч чалавек, якія пакутавалі ў лагеры “Трасцянец”, — сказаў протаіерэй Фёдар Поўны.

З дня правядзення першага жалобнага мітынгу аб загінуўшых у нацысцкім лагеры смерці ў ваколіцах былой вёскі Малы Трасцянец, цяперашні паўднёвы ўсход Мінска, 3 верасня споўнілася 78 гадоў. “Трасцянец” — самае буйное месца, дзе масава знішчалі мірных жыхароў, удзельнікаў антыфашысцкай падпольнай барацьбы і партызанскага руху, вязняў Мінскага гета, савецкіх ваеннапалонных на тэрыторыі акупіраванай Беларусі, а таксама яўрэйскае насельніцтва, дэпартаванае з Аўстрыі, Германіі, Чэхіі, бежанцаў са Смаленскай, Курскай і Варонежскай абласцей Расіі.  

З дня правядзення першага жалобнага мітынгу аб загінуўшых у нацысцкім лагеры смерці ў ваколіцах былой вёскі Малы Трасцянец, цяпер паўднёвы ўсход Мінска, 3 верасня споўнілася 78 гадоў. “Трасцянец” — самае буйное месца, дзе масава знішчалі мірных жыхароў, удзельнікаў антыфашысцкай падпольнай барацьбы і партызанскага руху, вязняў Мінскага гета, савецкіх ваеннапалонных на тэрыторыі акупіраванай Беларусі, а таксама яўрэйскае насельніцтва, дэпартаванае з Аўстрыі, Германіі, Чэхіі, бежанцаў са Смаленскай, Курскай і Варонежскай абласцей Расіі.

— У будучыні ўсе імёны ахвяр будуць сабраны ў Кнізе памяці музея храма-помніка. Гэта велізарная праца, за якой ста­яць лёсы соцень людзей. Ушанаваць памяць загінуўшых гэтак жа важна, як і ведаць імёны кожнага з іх. Традыцыю жалобнага мітынгу ахвяр “Трасцянца” заклалі яшчэ савецкія грамадзяне, і мы яе працягваем. Наш цэнтр займаецца пошукам імён памерлых у гэтым страшным месцы. Усе даныя заносім у Кнігу памяці мемарыяльнага комплексу. На цяперашні момант вядома пра больш чым 500 тысяч ахвяр. За тры гады ўдалося аднавіць імёны толькі часткі з іх, — пракаменціраваў дырэктар Беларускага культурнага цэнтра духоўнага адраджэння Аляксандр Госцеў. 

— Пытанні грамадзянска-патрыятычнага і духоўна-маральнага выхавання моладзі цесна пераплятаюцца. У сённяшнім мерапрыемстве яны злучыліся па ініцыятыве прадстаўнікоў мола­дзі ад розных канфесій. Гэта вельмі важна, бо мы аддаём даніну памяці ўсім тым, хто быў закатаваны, расстраляны, атручаны ў душагубках. Важна не толькі захаваць гістарычную праўду, але і памяць аб гераічна-трагічных падзеях у Трасцянцы, каб перадаць яе наступным пакаленням. Зараз, знаходзячыся на гэтым месцы, мы выразна бачым, якую фашысцкую ідэалогію неслі і пра якія каштоўнасці клапаціліся акупанты падчас Вялікай Айчыннай вайны. Для іх жыццё чырвонаармейца, партызана, яўрэя або жыхара Цэнтральнай, Заходняй Еўропы нічога не каштавала. Беларусы засталіся няскораным народам, і мы па праве носім ганаровае званне народа-пераможца, — сказаў другі сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандр Прохараў. 

Благаславёны велапрабег

У рамках праекта адбыўся велапрабег. Арганізатарамі выступілі Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларускі культурны цэнтр духоўнага адраджэння, упраўленне культуры Мінгарвыканкама і маладзёжны савет пры ўпраўленні культуры Мінгарвыканкама.

— Сёння ў кожным, незалежна ад канфесійнай прыналежнасці, болем адгукаецца згадка пра ахвяр “Трасцянца”. Таму перад гэтым благаславёным велапрабегам мы молімся ўсе разам, просім у Бога заўсёды быць з намі. Абяцаем, што будзем памятаць аб гэтай даце, маліцца за кожную душу, якая нявінна пацярпела ў той нялёгкі этап нашай беларускай гісторыі, — адзначыў падчас гаміліі ў крыпце храма-помніка протаіерэй Аляксей Васін. 

Удзельнікамі велапрабегу сталі валанцёры руху БРСМ “Добрае сэрца” з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама прадстаўнікі маладзёжных груп асноўных канфесій Беларусі — праваслаўнай, каталіцкай, іудзейскай, мусульманскай. Для мола­дзі правялі падрабязны інструктаж, і яна стартавала з першага пункта (храм-помнік) да канчатковага (мемарыяльны комплекс “Трасцянец”). 

Сапраўдная аднадушнасць

Дарэчы, арганізатары на­кіравалі запрашэнне ў пасольствы Расійскай Федэрацыі, Аўстрыі, Германіі, Латвіі, Літвы, Чэхіі і Эстоніі. Намеснік Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Германіі ў Беларусі Міхаэль Новак наведаў мерапрыемства.

Паводле звестак дзяржаўнай надзвычайнай камісіі па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нацыстаў у Беларусі са жніўня 1944 года ў “Трасцянцы” былі закатаваны 206 500 чалавек. Але пасля ўзбуджэння ў 2021 годзе Генпракуратурай Беларусі крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа і вывучэння архіўных даных было ўстаноўлена, што нацысты знішчылі больш за 546 тысяч чалавек у найбуйнейшай на тэрыторыі акупіраванага СССР “фабрыцы смерці”.

— Я вельмі ўдзячны, што мяне запрасілі сюды як прадстаўніка Германіі. Удзел у такіх мерапрыемствах і памяць вельмі важныя не толькі для пасольства, урада, але і для нямецкага народа, — адзначыў Міхаэль Новак.

Пасля прыбыцця калоны веласіпедыстаў у мемарыяльны комплекс “Трасцянец” да вагонаў, якія сімвалізуюць адпраўку вязняў у канцлагер, моладзь з кветкамі і запаленымі лампадамі прайшла да скульптурнай кампазіцыі “Брама памяці”, дзе адбыўся мітынг.

— Роўна 78 гадоў назад, 3 верасня 1944 года, тут, на месцы самага масавага знішчэння мірных жыхароў у Беларусі, прайшоў першы жалобны мітынг у памяць аб ахвярах “Трасцянца”. Сёння мы адраджаем традыцыі, — звярнуўся да ўдзельнікаў акцыі Аляксандр Госцеў. 

У завяршэнне мерапрыемства прадстаўнікі асноўных рэлігійных канфесій Беларусі здзейснілі ля мемарыяла міжканфесійную малітву.

Настасся ЧАРКАНАВА.