Пачынаецца ягадна-грыбны сезон. Але, на жаль, не ўсе сабраныя дарункі прыроды могуць быць карыснымі. Істотныя карэктывы ў геаграфію збору сунічна-баравіковых радасцей унесла аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Мінімізаваць наступствы нябачнай атруты прызваны цэнтры практычнай радыелагічнай культуры, што па праграме ПРААН былі адкрыты ў шэрагу навучальных устаноў забруджаных раёнаў. У адзін з такіх цэнтраў, які размешчаны ў Свенскай сярэдняй школе Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці, завіталі і мы.
Звычайны пакой звычайнай вясковай школы незвычайны толькі тым, што на дзвярах замест звыклага надпісу, напрыклад “кабінет матэматыкі”, прымацавана таблічка “Цэнтр практычнай радыелагічнай культуры. Створаны ў рамках праекта “Павышэнне ўзроўню бяспекі чалавека на тэрыторыях, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС”. Заходзім у памяшканне — чыста, утульна. Аб прызначэнні кабінета згадваюць карты радыеактыўнага забруджвання, атлас сучасных і прагнозных аспектаў наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, шэраг рэкламных буклетаў ды гама-радыяметр РКГ-АТ1320А.
Слаўгарадскі раён невялікі: сур’ёзныя карэктывы ўнесла аварыя на Чарнобыльскай АЭС. З 1986 года з раёна выехала і адселена больш як 7 тысяч чалавек, былі ліквідаваны тры сельскія саветы, 4 калгасы, адселена 25 населеных пунктаў, з якіх 17 пахаваны. Насельніцтва раёна сёння складае 14 888 чалавек, больш як палова з якіх пражывае ў раённым цэнтры. Былі закрыты вялікія і моцныя школы. Зараз у раёне 13 школ: 7 сярэдніх, 4 базавыя і 2 пачатковыя, у якіх у мінулым навучальным годзе вучыліся 1678 вучняў, і 8 дашкольных устаноў.
Нас сустрэлі дырэктар Свенскай сярэдняй школы Мікалай Міхайлавіч Чумакоў і гаспадыня кабінета намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ала Міхайлаўна Чубакова.
“Усе даўно прывыклі, што сельская школа — цэнтр соцыуму. Менавіта таму цэнтр практычнай радыелагічнай культуры быў адкрыты на базе школы, — адзначыў Мікалай Міхайлавіч. — Наш цэнтр у большай ступені займаецца асветніцкай работай, дапамагаючы насельніцтву нармальна жыць ва ўмовах забруджаных радыяцыяй тэрыторый.
Мы не даём, як санітарна-эпідэміялагічная служба, заключэнняў. Галоўная задача цэнтра — менавіта тлумачальная работа. І тут карысць заключаецца не ў веданні лічбаў, а ў тым, што мы можам падказаць мясцовым жыхарам, напрыклад, у якіх мясцінах тыя ж ягады і грыбы больш бяспечныя”.
“Каб нам такое абсталяванне ды ў 1986 годзе, — часам уздыхаюць педагогі, — шмат што склалася б інакш”. Але пра ўсё па парадку. Мы папрасілі гаспадароў адказаць не некалькі нашых пытанняў аб рабоце цэнтра.
— Першы падобны праект быў пачаты ў 2006 годзе ў Васькавіцкай школе (аграгарадок Папоўка), два цэнтры былі адкрыты ў Свенскай школе і сярэдняй школе № 1 Слаўгарада ў 2009 годзе, а з 2011 года дзейнічаюць пяць цэнтраў практычнай радыялагічнай культуры: у Свенску, у вёсцы Зімніца, аграгарадках Гіжэнка, Лапацічы і Целяшы. Асаблівасць дзеючага праекта ў тым, што нават пасля яго завяршэння абсталяванне, з якім мы зараз працуем, застанецца ў школах раёна і будзе далей выкарыстоўвацца на карысць мясцовых жыхароў.
— Наколькі часта людзі звяртаюцца да вас, што звычайна правяраюць?
— Найбольшы попыт на нашу дапамогу паяўляецца ўвосень, калі людзі збіраюць ураджай з прысядзібных участкаў. Але і зараз мы таксама не сядзім без справы. Найбольшую ўвагу мы звяртаем нават не на ягады, а на грыбы і дзічыну (так склалася, што паляўнічых у нас даволі многа).
— Ці часта зашкальвае апарат?
— Не часта, але бывае. Пераважна тады, калі прыносяць лясную прадукцыю, якую збіраюць не ў нашай чыстай зоне. За дзевятнаццаць кіламетраў ад нас пачынаецца выселеная зона, і ўстаноўлена мяжа. Не сакрэт, што, нягледзячы на забарону і небяспечнасць для здароўя, людзі ўсё роўна збіраюць ягады і грыбы ў забруджаных радыенуклідамі раёнах. Ёсць такія, хто спакушаецца на мясціны, дзе да іх ніхто не хадзіў у ягады ці ў грыбы.
Не ў нашых сілах поўнасцю забараніць людзям хадзіць у “брудныя” лясы. Наша місія ў тым, каб расказваць ім пра шкоду, якую наносіць радыяцыя, і запрашаць прыходзіць у наш цэнтр практычнай радыялагічнай культуры.
Галоўнае — не ўжываць патэнцыяльна забруджаныя прадукты ў ежу, не праверыўшы іх. Калі ёсць нейкае перавышэнне, лепш увогуле не выкарыстоўваць сабраную прадукцыю. У залежнасці ад ступені перавышэння дапушчальных норм мы даём парады, як можна зменшыць шкоднае ўздзеянне прадуктаў, аднак самая лепшая парада — увогуле не ўжываць іх у ежу. Шкада, канечне, але ж здароўе даражэй!
Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота аўтара.
Калі ваш населены пункт размешчаны сярод лясных масіваў, якія падвергліся радыеактыўнаму забруджванню, будзьце прадбачлівымі і выконвайце нескладаныя правілы. Загадзя даведайцеся ў лясніцтве, у якіх лясных кварталах збор ягад і грыбоў дазволены. Заходзячы ў лес, звяртайце ўвагу на папераджальныя знакі, якія могуць быць устаноўлены ў месцах з’езду з асноўнай дарогі. Калі на знаку паказана аб неабходнасці праверкі сабраных дарункаў лесу, то знайдзіце час, праверце іх і пераканайцеся ў тым, што вашы ягады ці грыбы пойдуць вам на карысць.
Лясы, стаўшы прыродным бар’ерам на шляху распаўсюджвання радыеактыўных выкідаў, акумулявалі значную іх колькасць. Асноўная маса радыеактыўнага цэзію знаходзіцца ў глебе і верхнім 3—5-сантыметровым пласце ляснога падсцілу. Высокае ўтрыманне — у кары дрэў, імху, лішайніках, грыбах і ягадах.
Найменш забруджаныя цэзіем суніцы, маліны, рабіна, найбольш — чарніцы, журавіны, брусніцы.
Самы моцны назапашвальнік радыенуклідаў — грыбы. У асобных відах нават на адносна чыстай тэрыторыі ўтрыманне цэзію можа перавышаць дапушчальны ўзровень.
Правярайце сабраныя грыбы і ягады на ўтрыманне радыенуклідаў. Даследаванні праводзяцца бясплатна ва ўсіх цэнтрах гігіены і эпідэміялогіі. Якасць дарункаў лесу кантралюецца таксама ветэрынарнай службай на рынках. Пры лясніцтвах дзейнічаюць пункты радыяцыйнага кантролю.
Узровень цэзію-137 для дзікарослых ягад не павінен перавышаць 185 Бк/кг. Для свежых або кансерваваных грыбоў — 370 Бк/кг, для сушаных — не больш як 2500 Бк/кг.
У працэсе кансервацыі ўтрыманне радыенуклідаў не змяншаецца, а пры сушцы нават павялічваецца.
Набываць свежыя і кансерваваныя ягады і грыбы ў вулічных гандляроў не рэкамендуецца.