Столінская настаўніца англійскай і нямецкай моў на сваіх занятках выкарыстоўвае нейрасеткі

- 14:24Классный классный, Образование, Проекты

Столінская дзяржаўная гімназія прызнана лепшай у раёне. І нездарма, бо там выкладаюць самыя ініцыятыўныя і крэатыўныя педагогі. Адна з іх — настаўніца англійскай і нямецкай моў Ганна Рыгораўна Пратасавіцкая, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Ганна Рыгораўна скончыла Столінскую дзяржаўную гімназію і паступіла ў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна на факультэт замежных моў. Калі паўстала пытанне размеркавання, малады спецыяліст, не разглядаючы іншыя варыянты, вярнулася праца­ваць у родную гімназію. Цяпер педагог вучыць дзяцей англійскай і нямецкай мовам.

— Я ўдзячна адміністрацыі Столінскай дзяржаўнай гімназіі за магчымасць працаваць тут. За ўвесь час маёй прафесійнай дзейнасці я ні разу не пашкадавала аб сваім выбары, — адзначае настаўніца.

Педагог заўсёды брала прыклад з дзядулі Мікалая Васільевіча Прылуцкага, які ўсё жыццё працаваў настаўнікам. А гэтым летам Ганна Рыгораўна будзе атэстоўвацца на атрыманне вышэйшай катэгорыі. Яна напісала работу на тэму “Выкарыстанне творчых заданняў на ўроку англійскай мовы”. Такім чынам, настаўніца робіць акцэнт на развіцці крэатыўнага мыслення ў вучняў.     

— Па традыцыі ў першы летні месяц мы з класам выязджаем на экскурсію. Сёлета наведалі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Дзеці загадзя азнаёміліся з віртуальнай экспазіцыяй гэтага музея. Ім яна так спадабалася, што не сталі адкладваць гэтую паездку. У маіх выхаванцаў было яшчэ адно вялікае жаданне — наведаць Хатынь. Там адбылася рэканструкцыя, таму было ўдвая цікавей туды з’ез­дзіць, — расказ­вае Ганна Рыгораўна.

З арганізацыяй паездак Столінскай дзяржаўнай гімназіі дапамагае Столінскі раённы фізкультурна-спартыўны клуб. Гэта ўстанова, якая займаецца перавозкамі дзяцей і планаваннем экскурсій. 

— Наогул, усе нашы мерапрыемствы патрыятычнай накіраванасці — класныя гадзіны, адзіныя ўрокі (напрыклад, “Пра што зво­няць званы Хатыні”) — знахо­дзяць у вучняў вялікі водгук. На працягу года я назіраю за дзецьмі, даведваюся, што ім цікава, і, калі да канца года не паспяваю задаволіць нейкія іх запыты, планую адпаведныя мерапрыемствы на чэрвень, — удакладняе педагог.

Ганна Рыгораўна атрымала званне “Малады чалавек года — 2021” у галіне адукацыі і навукі ў конкурсе раённага ўзроўню.

У пачатку працоўнага шляху Ганне Рыгораўне даверылі весці аб’яднанне па інтарэсах “Акцёрскае майстэрства”. У той час у гімназіі функцыянаваў тэатр на замежнай мове.

— Для паспяховай дзейнасці тэатра дзіцячая група павінна складацца мінімум з дзесяці вучняў. Зыходзячы з гэтага мне трэба было наладзіць кантакт з зацікаўленымі дзецьмі, а зра­біць гэта складаней, чым у рамках вучэбнага працэсу. Паколькі ў аб’яднанні па інтарэсах лінія “настаўнік — вучань” сціраецца, мы пераходзім у іншыя ролі адно для аднаго. У мяне ўжо быў адпаведны вопыт. Пандэмія ў 2020 го­дзе ўнесла свае карэктывы, і мы ажыццявілі рэбрэндынг нашага аб’яднання. Цяпер яно называецца “Ти-Арт”. У новым фармаце вучні знялі кароткаметражны фільм “Два апавяданні пра высакароднасць”. Да працэсу падключыліся і вучні паралельнага класа. Дарэчы, у 2021 годзе мае выхаванцы за пастаноўку на англійскай мове былі ўзнагаро­джаны дыпломам I ступені на міжнародным конкурсе дзіцячай тэатральнай творчасці “Пятрушка”. Наша тэатральная трупа рыхтуе спектаклі як на англійскай, так і на рускай мове. У канцы гэтага навучальнага года мы прэзентавалі тэатр ценяў Афеліі (я называю яго эксперыментальным тэатрам), — расказвае Ганна Рыгораўна. 

Класнае кіраўніцтва настаўніца атрымала ў 2019 годзе. Яна паказала сябе з лепшага боку, знайшла падыход да кожнага дзіцяці, а галоўнае, усвядоміла, наколькі ёй падабаецца працаваць з дзецьмі.

— Дзеці тады перайшлі ў 5 клас, яшчэ нічога не разумелі, бо раней у іх быў усяго адзін педагог, за выключэннем настаўніка фізічнай культуры і здароўя. А тут па кожным прадмеце свой настаўнік, ды яшчэ і іншы класны кіраўнік. Памятаю наша першага верасня: я вельмі хвалявалася. Пазнаёміўшыся бліжэй з выхаванцамі і іх бацькамі, адчула сябе на сваім месцы. Дзеці вельмі спагадлівыя, добрыя і кемлівыя. Для мяне важна быць для іх у першую чаргу настаўнікам. Але пры гэтым пастаянна ім нагадваю, што яны могуць заўсёды звярнуцца да мяне па любым пытанні. І калі дзіця мне давярае, безумоўна, я яго не падвяду. Мы з вучнямі так адно да аднаго прывыклі, што можна лічыць нас вялікай сям’ёй. У мяне нават быў вопыт падарожжа са сваім класам у санаторый на цэлых 25 дзён. Перажывала, але мы з усім справіліся. Я лёгка знаходжу з выхаванцамі кантакт, выкарыстоўваю ў зносінах з імі гумар, — дзеліцца педагог.

Ганна Рыгораўна стараецца разнастайваць школьнае жыццё сваіх выхаванцаў. Напрыклад, з 5 класа яны здымаюць відэаролікі. У гімназіі ёсць свой акаўнт у Instagram, дзе вучні маюць магчымасць размя­шчаць свае творы. Таксама ў пазавучэбны час педагог шмат увагі ўдзя­ляе творчасці і прывівае любоў да яе дзецям.

— Нядаўна задавала выхаванцам пытанне, кім яны хацелі б ­стаць, калі вырастуць. І адна вучаніца падзялілася, што яна ма­рыць аб акцёрскай прафесіі. Лічу гэта пахвальным, і нашы заняткі ў тэатры якраз спрыяюць яе імкненню развівацца ў гэтай сферы, — дадае настаўніца.

На сваіх уроках настаўніца часта выкарыстоўвае творчыя заданні. 

— Я даю дзецям дастаткова часу на выкананне аб’ёмных крэатыўных заданняў. Як правіла, праект займае 2—3 дні і звязаны з анлайн-сэрвісамі. Гэта можа быць стварэнне лагатыпаў або плакатаў. Апошні ў навучальным годзе праект, па водзывах вучняў, атрымаўся цікавым. Яны стваралі з дапамогай нейрасеткі ілюстрацыі да сваіх гісторый. У рамках вучэбнай праграмы па англійскай мове ёсць тэма “Складанне аповеду”. Дзеці прыдумлялі гісторыю, а потым генерыравалі карцінкі. Мае выхаванцы ствараюць многае, я ў іх нават сама нечаму вучуся і бязмерна імі ганаруся, — падсумоўвае Ганна Рыгораўна.                

Настасся ЧАРКАНАВА
Фота аўтара