Вярнулася ў родны горад, каб выкладаць: педагог-харэограф з Навагрудка – пра любоў да дзяцей і танцаў

- 14:49Первое рабочее место

Ганна Сівіцкая ў дзяцінстве займалася танцамі ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “ДАР” Навагрудка. А зараз малады педагог вярнулася ў гэтую ўстанову адукацыі, каб выкладаць дзецям харэаграфію. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Мая мара — каб як мага больш людзей палюбілі танец, хачу прымусіць увесь Навагрудак танцаваць! Бо рух — гэта жыццё, а ў танцы раскрываецца чалавечая душа, — расказвае Ганна Сівіцкая. — Я і сама, калі еду ў аўтобусе, заўсёды ўяўляю, як танцую, прыдумваю нейкія новыя элементы. Цікава, што ў маёй сям’і ніхто асабліва танцамі не займаўся, толькі дзядуля ў маладосці танцаваў. А вось мой раман з харэаграфіяй аказаўся сур’ёзным: я нават пачынала вучыцца на філолага, але праз год забрала дакументы і паступіла ў Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў на харэографа. Пасля яго заканчэння вярнулася ў родны горад, у свой любімы цэнтр, бо без яго не бачу сваёй будучыні. У адрозненне ад сталіцы, дзе шмат розных студый, наш цэнтр адзіны. Не дзіва, што ён такі запатрабаваны ў бацькоў і дзяцей. Харэаграфія не проста вучыць дзяцей танцаваць, але і развівае іх агульную эстэтычную культуру.

Дзяўчына ўспамінае, што танцаваць яна любіла з маленства. Бацькі заўважылі яе талент і ў 5 гадоў прывялі ў цэнтр дадатковай адукацыі. 11 гадоў Ганна займалася тут з задавальненнем, танцавала і на ўсіх школьных мерапрыемствах. Прымала ўдзел у конкурсах у складзе ўзорнага ансамбля танца “Свіцязяначка”, якім кіравала таленавіты педагог-харэограф Галіна Аляксееўна Апалонік.

— Навыкі работы з дзецьмі ў мяне ёсць — такі вопыт я атрымала яшчэ падчас навучання ў каледжы, — расказвае Ганна Сівіцкая. — Але і хваляванне прысутнічае, усё ж такі гэта мае першыя крокі ў прафесіі. Адчуваю вялікую адказнасць. Займацца буду з навучэнцамі, пачынаючы з трохгадовага ўзросту. Будзе здорава назіраць, як яны развіваюцца, растуць.

Кожны дзень малады педагог танцуе па 4—6 гадзін і не стамляецца. Прызнаецца: калі ёсць час, можа займацца і па 10 гадзін. Любіць усе віды танца, але больш за ўсё — народныя і сучасныя. Цікавіцца спортам: муж Ганны — футбаліст, амаль кожныя выхадныя яны разам наведваюць спартыўныя мерапрыемствы.

— Цэнтр — гэта дом, дзе рады кожнаму, але асабліва прыемна для нас атрымаць педагога, які сам скончыў нашу ўстанову, — адзначае дырэктар цэнтра “ДАР” Алена Міклаш. — Вядома, ускладаем на Ганну вялікія надзеі, будзем ёй ва ўсім дапамагаць.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара