Думаю, кожны псіхолаг, які працуе ў сістэме адукацыі, сутыкаўся з сітуацыяй, калі ў яго кабінет урываўся выхавальнік (настаўнік), а то і маці, трымаючы за руку “нядбайнае” дзіця. “Зрабіце з ім што-небудзь! Вы ж псіхолаг!” — з маленнем у голасе і поўнай бязвыхаднасцю казаў няшчасны дарослы. Але ж псіхолаг не чараўнік, ён не можа раптоўна змяніць дзіця.
Існуе меркаванне, што псіхолагі маюць у сваім распараджэнні нейкія тэхнікі і метады, якія ў момант прыводзяць да змянення паводзін і асобы чалавека, у тым ліку і дзіцяці. Аднак гэта далёка не так. Мы не валодаем веданнем сакрэтнай кнопкі, якую націснуў, і — о цуд! — дзіця чарадзейным чынам змянілася. Нельга разглядаць дзіця асобна ад сямейнай сістэмы. Немагчыма раз на тыдзень адарваць дзіця ад бацькоў, пасадзіць у кабінеце псіхолага і перавучыць жыць у адпаведнасці з запытам бацькоў (або іншага дарослага).
Вядома, псіхалагічная дапамога можа быць вельмі эфектыўнай, але яна патрабуе часу і намаганняў. Вырашэнне праблем патрабуе пастаяннай работы і ўдзелу, і для таго, каб змяніцца, чалавек павінен быць гатовы да перамен і самастойнай работы над сабой.
У працэсе работы з дзецьмі псіхолагі выкарыстоўваюць метады, якія дапамагаюць дзецям развівацца, мяняць паводзіны і вызваляцца ад негатыўных эмоцый. Але эфект ад выкарыстання гэтых метадаў будзе праяўляцца паступова, з цягам часу.
Перш за ўсё псіхолаг павінен наладзіць эмацыянальны кантакт з дзіцем і выявіць яго патрэбы, а таксама прааналізаваць прычыны ўзнікнення праблемы.
Фота pixabay.com
Вынікі работы псіхолага таксама залежаць ад сумеснай работы бацькоў і педагогаў. Дзіця праводзіць большую частку свайго часу не ў кабінеце псіхолага на кансультацыі, а на ўроках, дома і ў школе (ці дзіцячым садзе). Як паказвае практыка работы з дзецьмі рознага ўзросту (ад дашкольнікаў да старшакласнікаў), фактарамі, якія ўплываюць на ўзнікненне паводзінскіх і асобасных праблем у дзіцяці, з’яўляюцца:
– сацыяльныя кампетэнцыі самога дзіцяці (асобасныя ўласцівасці дзіцяці, яго паводзінскія асаблівасці);
– дынамічныя працэсы, якія адбываюцца ў сацыяльнай групе дзіцяці (групе дзіцячага сада, класе ў школе, атрадзе ў лагеры і г.д.);
– сістэма сямейных адносін (раннія адносіны з бацькамі, сямейная сітуацыя ў цяперашні час і г.д.);
– навакольнае сацыяльнае асяроддзе (выхаваўчыя мэты і каштоўнасці, якія прывіваюцца дзецям, перакананні канкрэтнага настаўніка (выхавальніка) і яго стаўленне да канкрэтнага дзіцяці).
Усё гэта падразумявае работу не кропкава (толькі з дзіцем), а комплексна. Таму неабходна забяспечыць дзіцяці адпаведную псіхалагічную падтрымку на ўсіх узроўнях яго жыцця. Акрамя таго, працэс звароту да псіхолага па дапамогу павінен быць ініцыіраваны самім дзіцем, якое ўсведамляе свае праблемы і разумее, што яно хоча іх вырашыць (адносіцца да дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту і старшакласнікаў).
Такім чынам, псіхолаг не можа змяніць дзіця імгненна, але можа дапамагчы яму разабрацца ў сваіх праблемах і навучыцца навыкам, неабходным для вырашэння гэтых праблем. Аднак на шляху да змяненняў стаяць бацькі і навакольнае асяроддзе, якія таксама павінны быць гатовы падтрымаць дзіця.