Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, рэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Алег Дзячэнка расказаў карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” пра значнасць правядзення дыялогавых пляцовак і сустрэч з насельніцтвам.
— Чатыры гады назад дэпутаты мясцовых Саветаў Магілёўскай вобласці даручылі мне прадстаўляць інтарэсы рэгіёна ў Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. А гэта — вялізная адказнасць перад людзьмі. Сенатарам да ўсяго ёсць справа: ці то гэта добраўпарадкаванне тэрыторый, могілак, рамонт дарог, забеспячэнне пітной вадой, ці то вырашэнне спрэчных юрыдычных праблем, звязаных з прымяненнем заканадаўства. Ва ўсе пытанні трэба ўнікаць, разбірацца па сутнасці і без фармалізму, строга ў адпаведнасці з духам і літарай закону, вырашаць гэтыя праблемы ў інтарэсах асобы, грамадства і дзяржавы.
На сістэмнай аснове мы праводзім дыялогавыя пляцоўкі, тэматычныя сустрэчы, адзіныя дні інфармавання. Практычна ўсе лёсавызначальныя дакументы, якія скіраваны на доўгатэрміновае развіццё грамадства і дзяржавы, былі прыняты ў нашай краіне толькі пасля шырокага грамадскага абмеркавання. Найбольш яскравы прыклад — усенародны разгляд праекта змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Праведзены тысячы дыялогавых пляцовак і інфармацыйных сустрэч, падчас якіх грамадзяне адкрыта выказваліся па тэмах, якія хвалююць іх ужо шмат гадоў. Нараўне з крытычнымі заўвагамі ўдзельнікі такіх мерапрыемстваў агучвалі і канкрэтныя прапановы ў праект Асноўнага закона краіны, за што ім вялікі дзякуй. Вось вам наглядны прыклад развіцця беларускай дэмакратыі і фарміравання сталай грамадзянскай супольнасці, якую характарызуюць грамадзянская актыўнасць беларусаў, іх неабыякавасць да лёсу сваёй Радзімы.
Асабіста для мяне правядзенне дыялогавых пляцовак і сустрэч з насельніцтвам дазваляе данесці людзям у даступнай для іх форме асноўныя ідэі і пастулаты беларускай дзяржаўнасці, дадаткова акрэсліць стратэгічныя напрамкі развіцця знешняй і ўнутранай палітыкі, расказаць пра змяненні ў заканадаўстве і растлумачыць, чым яны выкліканы. На такіх сустрэчах адказваеш на самыя вострыя і надзённыя пытанні, звязаныя з развіццём эканомікі, палітычнай сітуацыі ў краіне і свеце.
У апошнія гады ў нашай краіне вельмі шмат зроблена для маладых людзей, для іх асобаснай і прафесійнай сацыялізацыі. Новыя магчымасці з’явіліся ва ўсіх жадаючых атрымаць вышэйшую адукацыю — праз удзел ва ўніверсітэцкіх алімпіядах, паспяховае навучанне ў профільных класах, асваенне адукацыйных праграм Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, заключэнне мэтавых дагавораў. Кожнаму прадастаўлены ўнікальны шанс — было б жаданне ім скарыстацца. Выдатныя ўмовы створаны для навуковай, творчай і спартыўнай дзейнасці. Ды і ў грамадскім, палітычным жыцці краіны навучэнцы і рабочая моладзь сёння могуць поўнасцю самарэалізавацца. У фокусе асаблівай увагі — грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне, папулярызацыя хрысціянскіх духоўна-маральных каштоўнасцей, гісторыка-культурнай спадчыны і традыцый беларускага народа.
На сустрэчах з навучэнцамі я ўвесь час падкрэсліваю: нязменнымі каштоўнасцямі для кожнага беларуса выступаюць суверэнітэт, незалежнасць і тэрытарыяльная цэласнасць Рэспублікі Беларусь.
Яны замацаваны ў Асноўным законе і заснаваны на рэалізацыі фундаментальнага права беларускага народа на самавызначэнне і пабудову ўласнай нацыянальнай дзяржаўнасці. На працягу больш чым тысячагадовай гісторыі выкрышталізавалася палітычная воля беларусаў, іх імкненне да свабоды і незалежнасці сваёй Радзімы. Таму наш святы абавязак — бесперапынна і ўсёахопна выхоўваць моладзь у духу вернасці беларускаму народу і дзяржаве.
Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО
Фота з інтэрнэту