Як жывуць амаль 3 сотні адораных дзяцей пад адным дахам? Зазірнулі ў Брэсцкі абласны ліцэй імя П. М. Машэрава

- 16:14Образование

Вось ужо 20 гадоў Брэсцкі абласны ліцэй імя П.М.Машэрава штогод адпраўляе ў дарослае жыццё амаль паўтары сотні адораных і высокаматываваных юнакоў і дзяўчат. З іх 75% паступаюць ва УВА на бюджэт. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Узаемная матывацыя

— Адзін з прынцыпаў нашай работы — агульнасць інтарэсаў моладзі і педагогаў. Абодва бакі вучэбнага працэсу адкрыты ўсяму новаму і з’яўляюцца аднадумцамі, — знаёміць з дзейнасцю ліцэя яго дырэктар настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Генадзь Іванчын, які кіруе ўстановай два гады. — Беражліва захоўваючы лепшыя ліцэйскія традыцыі, мы ахвотна выкарыстоўваем і прагрэсіўныя новаўвядзенні ў адукацыйным працэсе. Сёння ў нас вучацца 293 юнакі і дзяўчаты ў 12 класах філалагічнага, фізіка-матэматычнага, эканамічнага, хіміка-біялагічнага, хіміка-тэхналагічнага і правазнаўчага профіляў. Навучэнцы з галавой акунаюцца ў выбраны профіль не толькі на ўроках, але і на факультатывах пад кіраўніцтвам творчых, высокапрафесійных педагогаў, з якіх амаль 90% маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю.

У ліку такіх педагогаў — выдатнік адукацыі настаўніца біялогіі Ірына Богдан, да якой цягнуцца і дзеці, і бацькі. Сарафаннае радыё здаўна лепшая крыніца праверанай інфармацыі, і дзякуючы яму мамы і таты старшакласнікаў як Брэста, так і наваколля ведаюць, што з гэтым настаўнікам іх дзеці выдатна вывучаць біялогію. Пры гэтым педагог з 35-гадовым стажам не толькі паспяхова вучыць прадмету на павышаным узроўні, але настолькі захапляе вучняў батанікай, заалогіяй, анатоміяй, генетыкай, што тыя вырашаюць паспрабаваць сябе ў алімпіядным руху. З году ў год хтосьці з іх дасягае высокіх вынікаў у новым для сябе кірунку. Так, хутка ў абласной алімпіядзе па біялогіі пры­муць удзел 11 вучняў Ірыны Нічыпараўны:

Падрыхтоўкай дзяцей да алімпіяд я займаюся даўно. Мне заўсёды было цікава выйсці за рамкі школьнай праграмы. Яшчэ будучы маладым педагогам, узялася рыхтаваць да алімпіяды аднаго з вучняў Ігара Бондара. Да гэтага часу памятаю яго зацікаўленыя вочы. Дарэчы, сёння гэта ўжо доктар біялагічных навук, прафесар.

З таго часу праз рукі таленавітага педагога прайшлі сотні адораных вучняў. Ірына Богдан займаецца з усімі дзецьмі, якія выказваюць жаданне паглыбляць свае веды. І нярэдка здараецца так, што дзіця з сярэднім узроўнем ведаў раптам пачынае раскрывацца, праяўляе выдатныя здольнасці да засваення вучэбнага матэрыялу (больш падрабязна аб вопыце работы педагога чытайце ў студзеньскім нумары газеты. — Заўвага аўт.).

4 педагогі ліцэя — уладальнікі звання “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”. Гэта настаўніца біялогіі і медыцынскай падрыхтоўкі Ніна Альхіменка, настаўніца гісторыі Алена Навасяльчан, настаўніца біялогіі Ірына Богдан і настаўнік матэматыкі Віталій Карамзін. Да таго ж 9 настаўнікаў — лаўрэаты прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, 22 — лаўрэаты прэміі абласнога выканаўчага камітэта.

— Я заўсёды чытала і чытаю сучасную літаратуру па сваім прадмеце. Свежыя ідэі і думкі агучваю на ўроку. Дзецям падабаецца ўсё новае і актуальнае, — дзеліцца сваім вопытам настаўніца. — Зацікавіўшыся чымсьці, яны прыхо­дзяць пасля ўрокаў, каб даведацца больш. Пачынаем займацца дадаткова. Пры падрыхтоўцы да алімпіяды даю мноства карысных літаратурных крыніц, спасылак на відэаўрокі, пытанняў па тэмах, якія патрабуюць глыбокай і грунтоўнай прапрацоўкі, а затым сумеснага абмеркавання. Ліцэісты шмат займаюцца самастойна дома. Гэта што­дзённая карпатлівая праца, без якой поспеху не дасягнуць.

Выхаванне рознабаковай асобы

Як адзначае дырэктар ліцэя, задача максімум для педкалектыву — выхаваць гарманічна развітую асобу, таму ў адукацыйным працэсе шмат увагі ўдзяляецца інтэлектуальнаму развіццю, спорту і творчасці, маральнаму, патрыятычнаму і эстэтычнаму выхаванню. Напрыклад, свае навуковыя дасягненні і даследчыя ўменні навучэнцы праяўляюць на штогадовай адкрытай навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай — у жыццё”.

Спартыўныя каманды ліцэя актыўна ўдзельнічаюць у спаборніцтвах па розных відах спорту. У скарбонцы ліцэя — перамогі па валейболе ў гарадскіх спаборніцтвах памяці Уладзіміра Карвата, у калядных турнірах па валейболе і міні-футболе сярод ліцэяў і гімназій Брэста. Сярод узнагарод навучэнцаў — перамогі і прызавыя месцы на лёгкаатлетычным турніры на прызы алімпійскай чэмпіёнкі Юліі Несцярэнка. Актыўна развіваецца ва ўстанове адукацыі і спартыўна-турыстычная дзей­насць.

Каб паступіць у ліцэй, трэба здаць пісьмовыя экзамены па выбраным профілі. Прахадны бал сёлета вар’іраваўся ад 7,5 да 8,5. Ліцэісты — актыўныя ўдзельнікі і пераможцы прадметных алімпіяд, а таксама навукова-практычных канферэнцый, конкурсаў даследчых работ.

У ліцэі ёсць музейны куток, прысвечаны жыццю і дзейнасці П.М.Машэрава, чыё імя носіць установа адукацыі. Штогадова педагогі і навучэнцы праводзяць мерапрыемствы, прысвечаныя яго памяці.

— Мы запрашаем ветэранаў педагагічнай працы, якім давялося працаваць разам з Пятром Міронавічам, яны дзеляцца ўспамінамі, жыццёвымі гісторыямі, — расказвае Генадзь Іванавіч. — Праводзіцца вялікая работа па ваенна-патрыятычным выхаванні і ў рамках валанцёрскай дзейнасці. Нашы актывісты БРСМ — пастаянныя ўдзель­нікі гарадскіх патрыятычных, сацыяльных і прафілактычных акцый, выстаў, круглых сталоў. Таксама ліцэісты адзначаюць “Ленінградскі Дзень Перамогі” разам з жыхаром блакаднага Ленінграда капітанам першага рангу Валерыем Касатонавым. Яскрава праходзіць Тыдзень народнага адзінства, у рамках якога традыцыйна адзначаецца свята здароўя і спорту “Мы — такія розныя, але мы — разам!”. Падчас дэкады грамадзянска-патрыятычных спраў арганізоўваюцца сустрэчы з воінамі-інтэрнацыяналістамі, ветэранамі-пагранічнікамі, прахо­дзіць ваенна-спартыўная гульня “Ану, хлопцы!”. Навучэнцы і педагогі ўдзель­нічаюць у памятных мерапрыемствах у мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”, а ў ліцэі ладзіцца святочны канцэрт “Дзявяты дзень Вялікага мая”. Традыцыйным стаў адзіны ўрок “Аб чым звоняць званы Хатыні?”.

Інавацыі, развіццё, дасягненні

Ва ўстанове апрабуюцца новыя педагагічныя тэхналогіі і методыкі, ажыццяўляецца інавацыйная дзейнасць. Напрыклад, у мінулым навучальным годзе стартаваў інавацыйны праект “Укараненне ма­дэлі бяспечных паводзін у сетцы інтэрнэт суб’ектаў адукацыйнага пра­цэсу”. Яго задача — сфарміраваць у ліцэістаў устойлівыя навыкі паво­дзін у сферы інфармацыйнай бяспекі і культуры, навучыць распазнаваць негатыўную інфармацыю і супрацьстаяць ёй у інтэрнэт-прасторы і СМІ. Падчас гульняў, квестаў, выканання творчых заданняў старшакласнікі вывуча­юць, што такое кіберпагрозы і кібер­атакі, даследуюць наступствы кіберзалежнасці, разбіраюць новыя прафесіі кіберграмадства.

Тэма вельмі актуальная, паколькі выкарыстанне камп’ютараў і іншых гаджэтаў з пастаянным доступам да тэрабайтаў інтэрнэт-інфармацыі будзе актуалізавацца як у штодзённым жыцці, так і ў адукацыйным працэсе. Практыка работы педагогаў паказвае, што камп’ютарызацыя вучэбнага пра­цэсу спрыяе павышэнню матывацыі і індывідуалізацыі навучання. У ліцэі ў адукацыйным працэсе выкарыстоўваюцца тры камп’ютарныя класы, лінгафонны кабінет, мабільны камп’ютарны клас, 8 мультыбордаў, 3 інтэрактыўныя дошкі. Для работы ў пазаўрочны час для навучэнцаў і супрацоўнікаў ліцэя ў бібліятэцы і пакоях самапад­рыхтоўкі ўстаноўлены 17 персанальных камп’ютараў.

У ліцэі 16 вучэбных кабінетаў. Сярод іх — кабінеты фізікі, хіміі, біялогіі, замежнай мовы, а таксама лекцыйная, актавая, чытальная, спартыўная і трэнажорная залы, лінгафонны і метадычны кабінеты. Іншагароднія навучэнцы пражываюць у інтэрнаце.

— Дзякуючы павышэнню метадычнага і прафесійнага майстэрства педагогаў, іх эфектыўнай навукова-метадычнай рабоце, стварэнню спрыяльных умоў для развіцця індывідуальных творчых здольнасцей навучэнцаў хлопцы і дзяўчаты дэманструюць добрыя поспехі ў вучобе, рэалізуючы свой патэнцыял, — не без гордасці адзначае Генадзь Іванчын. — Так, за апошнія 5 гадоў на навукова-практычных канферэнцыях і інтэлектуальных конкурсах навучэнцы атрымалі 29 перамог на абласным, 26 — на рэспубліканскім, 28 — на міжнародным узроўні. 17 выпускнікоў атрымалі на ЦТ два дзясяткі стабальных вынікаў. За гады работы ліцэй падрыхтаваў 325 пераможцаў трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, 51 пераможца заключнага этапу, 43 навучэнцы ўзнагароджаны прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

 Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА