“Для мяне экалогія — гэта не толькі пра навакольнае асяроддзе, а яшчэ пра месца чалавека ў грамадстве і яго ўнутраны свет”, — адзначыла ў размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 1 Бешанковіч імя І.І.Строчкі Людміла Шавель-Берасцень.
— Радзіма пачынаецца з сям’і, школы, адчування еднасці з любым бацькоўскім куточкам, дзе нарадзіўся і вырас. Для мяне гэта наш Бешанковіцкі раён. Сюды я вярнулася пасля вучобы ва ўніверсітэце, бо ніколі не імкнулася застацца ў вялікім горадзе. Выйшла замуж, мае бацькі і бацькі мужа жывуць непадалёк, у суседніх вёсках. Працую ў школе, тут жа вучацца нашы дзеці.
Упэўнена, што чалавек сапраўды шчаслівы толькі тады, калі ведае і адчувае свае карані. Асабіста я гэтае адчуванне ўпершыню ярка перажыла ў вёсцы, яшчэ ў школьным узросце. Як звычайна, прыехала на канікулах да бабулі з дзядулем. Яны ў той дзень пасвілі кароў. Сабралася хуценька ды пабегла іх шукаць, каб дапамагчы. Па дарозе мяне раптам і апанавала незвычайнае, хвалюючае пачуццё: шчасце, калі навокал — мая зямля, дзе мне радасна дыхаецца, дзе мясціны знаёмыя ледзь не да кожнага дрэўца і ўзгорка! І я жывая часцінка гэтага роднага, блізкага сэрцу. Таму хачу і павінна зрабіць усё, што ўмею, каб усё гэта жыло далей, развівалася, квітнела. З гадамі тое дзіцячае пачуццё пераўтварылася ў магутную асабістую матывацыю, якой я кіруюся ў жыцці і якую імкнуся перадаць сваім дзецям і вучням.
Біялогія раскрывае цудоўныя магчымасці для выхавання, узнімае мноства важных тэм — ад здаровага ладу жыцця да захавання чысціні навакольнага асяроддзя. Каб любіць родную зямлю, адчуваць сябе на ёй руплівым гаспадаром, неабходна як мага больш пра яе ведаць. Мы з вучнямі пастаянна ўдзельнічаем у конкурсным руху. Дастаткова паспяхова выступаем на раённым і абласным узроўнях. У мінулым годзе сталі прызёрамі рэспубліканскай экалагічнай акцыі па пытаннях раздзельнага збору адходаў і іншых другасных матэрыяльных рэсурсаў “Хто, калі не мы!”. Ніколі не скажу гэта вучням, бо заўсёды нацэльваю іх на высокі вынік, але перамога тут не самае галоўнае. Намнога важнейшыя якасці, якія фарміруюцца ў дзяцей падчас падрыхтоўкі і ўдзелу ў конкурсах, каштоўныя навыкі, атрыманыя ў калектыўнай справе.
Менавіта ў настаўніцкай дзейнасці мне ўдалося раскрыцца як эколагу-практыку. Мы стварылі валанцёрскі атрад. Пачыналі з элементарнага — арганізавалі рэгулярнае прыбіранне смецця на выбраным участку ляснога масіву ўздоўж трасы ў сваім населеным пункце. Гэта неабходная і прывабная для дзяцей справа, калі яе правільна падаць: не як руцінны абавязак, а як захапляльную прыгоду. Спаборнічаем, хто больш назбірае лісця, у каго цікавыя знаходкі. Між іншым некаторыя з іх зараз знаходзяцца ў кабінеце біялогіі, выкарыстоўваю іх у якасці нагляднага матэрыялу. Не ўяўляеце, наколькі вучні здзіўляюцца такому павароту падзей, ганарацца сваім удзелам! Мы наладзілі трывалыя кантакты і з раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Ходзім у сумесныя рэйды, займаемся пасадкай дрэў у райцэнтры, разам даглядаем іх, паліваем у летнюю спёку. Гэтаму не перашкаджае тое, што дзеці на канікулах і я ў адпачынку: збіраемся і працуем, бо разумеем, наколькі неабходна наша дапамога.
З лясгасам таксама супрацоўнічаем. Мы з тых людзей, хто пра сябе ўсміхаецца, калі чуе фразу “Чалавек у жыцці павінен пасадзіць дрэва, пабудаваць дом і выгадаваць сына”. Уласны дом і сям’я для маіх вучняў пакуль у перспектыве. А вось па першым пункце план нават перавыкананы: у нас не па дрэўцы кожны высадзіў — адлік ідзе на гектары. У мінулым годзе на абласным этапе конкурсу сярод грамадскіх эколагаў мяне адзначылі дыпломам ІІ ступені.
Ведаеце, для мяне экалогія — гэта не толькі пра навакольнае асяроддзе, а яшчэ пра месца чалавека ў грамадстве і яго ўнутраны свет. У кожным выпадку важныя дасведчанасць у працэсах, да якіх ты маеш дачыненне, аб’ектыўнасць у ацэнках, збалансаванасць і настрой на пазітыў, разуменне ўласнага патэнцыялу, інтарэсаў, магчымасцей і напрамкаў развіцця. Не абысціся і без узаемнай падтрымкі і дапамогі, свядомага імкнення да чысціні і парадку, у тым ліку ў думках і ўчынках, а таксама дысцыпліны, бо без яе не будзе парадку ні ў галаве, ні ў сям’і, ні ў рабоце. Дысцыпліна азначае адказнасць за свае дзеянні, лад жыцця, светапогляд. Канечне, мне хочацца, каб развівалася і квітнела наша краіна, каб мы жылі ў згодзе пад мірным небам, каб павышалася якасць жыцця. Толькі жадання для гэтага мала — трэба кожнаму прыкласці намаганні. Веру, што разам у нас усё атрымаецца.
Фота Таццяны БОНДАРАВАЙ