Мы не гаварылі пра жаночую сутнасць — ёю і так было пранізана кожнае слова. Мы не гаварылі пра жаночае шчасце — яно і так адчувалася за яе ўсмешкай. Мы практычна не гаварылі пра кіраўніцкую дзейнасць, бо і так адчуваліся яе гаспадарлівасць і дасціпнасць. Пра што ж мы гаварылі? Звонку магло падацца, што гэта была простая і нязмушаная веснавая гаворка дзвюх жанчын. Магчыма, так яно і было, але як пасля кулінарнай дэгустацыі ўзнікаюць пэўныя адчуванні смаку, так і пасля нашай размовы з Любоўю Сцяпанаўнай Клепчуковай, начальнікам аддзела адукацыі Мазырскага райвыканкама, засталося адчуванне смаку жыцця і эмацыянальнага ўздыму.
Любоў Сцяпанаўна нарадзілася ў шматдзетнай сям’і ваеннага і бухгалтара. Вучылася ў гарадской мазырскай школе № 4, затым паступіла ў тады яшчэ мазырскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Н.Крупскай і з адзнакай закончыла факультэт “Агульнатэхнічныя дысцыпліны і фізіка”. Сваю прафесійную дзейнасць пачынала настаўніцай працоўнага навучання і фізікі, пасля была завучам па выхаваўчай частцы, завучам па вучэбнай дзейнасці, завучам па навуковай дзейнасці. Потым была дырэктарам сваёй сярэдняй школы № 4, якая пры актыўным удзеле Любові Сцяпанаўны была пераўтворана ў Мазырскі абласны ліцэй. Л.С.Клепчукова была першым дырэктарам ліцэя.
Як толькі ліцэй распачаў сваю дзейнасць, Любоў Сцяпанаўна была прызначана начальнікам аддзела адукацыі Мазырскага гарвыканкама. Прайшла двухгадовае навучанне ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. У 2007 годзе былі аб’яднаны аддзелы адукацыі Мазырскага раёна і горада Мазыра, пачаў функцыянаваць аддзел адукацыі Мазырскага райвыканкама, які зноў-такі ўзначаліла Любоў Іванаўна.
У яе падпарадкаванні 88 устаноў адукацыі (сярод іх 37 школ, 40 дзіцячых садоў, установы дадатковай адукацыі, спартыўная школа, ЦКРНіР, прытулак, санаторная школа-інтэрнат), каля 4000 супрацоўнікаў, сярод іх больш за 2000 — педагогі. А быць кіраўніком такога маштабу — справа не з лёгкіх. Праўда, на маю думку, яна якраз для Любові Сцяпанаўны, жанчыны валявой і з цвёрдым характарам. Разам з тым Любоў Сцяпанаўна перш за ўсё прадстаўніца цудоўнага полу і мае свой адметны погляд на кіраўніцкую дзейнасць.
“Самае галоўнае для жанчыны, якая збіраецца ці хоча стаць кіраўніком, — прыслухоўвацца да тых, хто стаіць у яе за спінай. Безумоўна, гаворка ідзе пра сям’ю — тых блізкіх людзей, якія павінны падтрымаць і натхніць. Калі не будзе падтрымкі, разумення, даверу і дапамогі з боку мужа і дзяцей (якія, здараецца, любяць пакарыстацца прэферэнцыямі мамы-кіраўніка), то нічога не атрымаецца або страціш сям’ю. Жанчыне-кіраўніку ўдвая цяжэй: ёй трэба і сям’ю захаваць, і заставацца нармальным кіраўніком.
У нашай сям’і заўсёды была дысцыпліна. Дачка ведала, што ў мамы цяжкая работа, і расла самастойным і адказным чалавекам. Мы ёй давяралі і заўсёды падтрымлівалі. Цяпер яна, дарэчы, працуе рэаніматолагам-анестэзіёлагам у сталічнай бальніцы хуткай дапамогі. Вельмі разумная (валодае трыма мовамі) і працавітая дзяўчына.
Калі ж гаварыць непасрэдна пра жанчыну-кіраўніка, то ў першую чаргу яна павінна валодаць харызмай. У ёй павінна быць нешта знутры, што запаліць людзей навокал. Калі вы млявая, сонная, то калектыў ніколі за вамі не пойдзе. Павінен быць моцны ўнутраны стрыжань.
Яшчэ адно: кіраўніку неабходна асабістае абаянне. Ён павінен падабацца людзям, што зусім не азначае, што неабходна падлашчвацца да падначаленных. Строгасць і дысцыпліна толькі вітаюцца, як, зрэшты, і добразычлівасць. Гэта дае магчымасць рухацца наперад, прычым усяму калектыву.
Натуральна, у кіраўніка павінны быць свае думкі наконт перспектыў развіцця арганізацыі. Ён павінен дакладна ведаць, куды ісці, а не проста выконваць рэкамендацыі ці загады зверху ці збоку. Калі начальнік можа паставіць дакладную мэту і рухацца па шляху яе здзяйснення, то калектыў адназначна пойдзе за такім чалавекам. Але ніякай маніі вялікасці быць не павінна. Трэба быць бліжэй да людзей і ўмець, напрыклад, прыдумаць канцэпцыю свята. Дарэчы сёлета наш аддзел па арганізацыі адукацыйнай дзейнасці стаў першым у вобласці сярод вялікіх раёнаў. Мы працуем на ўзроўні абласнога цэнтра, і гэта заслуга ўсяго нашага калектыву.
Не менш важна ўмець і кантраляваць. Я ў сваёй рабоце прымяняю розныя віды кантролю: на нарадах, на выездах, у гаворках з дзецьмі, працую непасрэдна ва ўстановах адукацыі. Калі я зайду ў любую школу, то мяне там будуць ведаюць усе, уключаючы тэхнічны персанал. Заўважаць недахопы і гаварыць пра іх падначаленым трэба таксама ўмець. Усё гэта патрабуе і далікатнасці, і цвёрдасці адначасова”, — зазначыла Любоў Сцяпанаўна.
Да пераліку маёй гераіні неабходна дадаць яшчэ адну дэталь. Гаворка пра самаадукацыю. Калі кіраўнік здатны да самаадукацыі, то гэта будзе рухавіком і для яго падначаленых. Любоў Сцяпанаўна знаходзіцца ў пастаянным руху, яна ўвесь час вучыцца, выкарыстоўваючы для гэтага ўсе магчымасці. Яна чытае шмат прафесійнай літаратуры, рэгулярна бывае на курсах, нават прыватныя паездкі і адпачынак не абыходзяцца без навучання. Цяпер Любоў Сцяпанаўна падцягвае сваю англійскую мову.
Знешні выгляд кіраўніка, а тым больш жанчыны, таксама мае значэнне. І, канечне, гэты аспект быў у цэнтры нашай размовы, тым больш за акном — вясна, а таму і душа, і жаночая знешнасць патрабуюць хаця б нейкіх змен.
Галоўнае, па меркаванні маёй суразмоўцы, — любіць сябе і быць аптымістам. “Праблем у жыцці хапае, але рукі апускаць не трэба. Пачытайце Біблію, там сказана, што Бог дапамагае таму, хто сам сабе дапамагае. Вера ў лепшае, добразычлівасць, усмешка на твары, гумар — вось мае галоўныя спадарожнікі па жыцці. Я нават заўвагі іншым разам раблю ў гумарыстычнай форме. Людзі мяне разумеюць, і гэта выдатна.
Ну, а што датычыцца знешнасці, то я ж настаўнік працоўнага навучання! Я ўмею шыць, вязаць, вышываць. Калі захочацца, то за ноч магу вышыць святочную сукенку бісерам”, — адзначыла Любоў Сцяпанаўна.
І для яе няма ніякіх праблем падабраць пэўны касцюм і аксесуары для яго. Любоў Сцяпанаўна — жанчына з густам. Дарэчы, гэтая якасць таксама мае сваё ўздзеянне на падначаленых. Увесь аддзел адукацыі Мазырскага райвыканкама апрануты з густам. “У нашым аддзеле працуюць не толькі разумныя, але і вельмі прыгожыя жанчыны. Усе падцягнутыя, модныя і на абцасах. Я, дарэчы, прынцыпова заўсёды нашу абутак на абцасах. Жанчына на абцасах — гэта сапраўдная жанчына, якая ўзвышаецца над хатнімі тэпцікамі”, — лічыць Любоў Сцяпанаўна.
У шчыльным графіку маёй гераіні ўсё ж знаходзіцца час і на ўласныя захапленні. Яна можа патраціць гадзінку-другую на любімае чытанне. У пашане гістарычная літаратура і Эрых Марыя Рэмарк, Зошчанка, Булгакаў, Ільф і Пятроў. Яшчэ Любоў Сцяпанаўна хварэе фатаграфіяй, і ўжо досыць працяглы час. У яе нават свой сайт ёсць, дзе можна не толькі палюбавацца маляўнічымі пейзажамі Мазырскага краю, але і прасачыць за развіццём адукацыі гэтага рэгіёна. Безумоўна, у кадры найперш работа.
Зразумела, наша размова была б незавершанай без пажаданняў Любові Сцяпанаўны Клепчуковай: “Напярэдадні жаночага свята сваім калегам ды і ўвогуле ўсім жанчынам хачу пажадаць, каб кожная адчувала сябе жанчынай не толькі 8 Сакавіка. Вельмі хацелася б, каб кожная жанчына была акружана любоўю, увагай, клопатам любімага мужчыны штодзень. А ў гэты святочны дзень хочацца больш пяшчоты. Безумоўна, для кожнай маці на першым месцы — дабрабыт яе дзіцяці, таму вельмі хочацца, каб ва ўсіх нашых жанчын былі шчаслівыя сем’і”.
Канечне, тут можна было б паставіць кропку, але, як высветлілася, адчуванне смаку жыцця і эмацыянальны ўздым ад размовы і знаёмства з Любоўю Сцяпанаўнай перажыла не толькі я. Вакол яе шмат людзей, якія гэтыя пачуцці могуць адчуваць зноў і зноў.
У прыватнасці, Ала Алегаўна Казючыц, галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі, не раз адзначала, што аддзел адукацыі Мазырскага райвыканкама работу з адоранымі навучэнцамі вядзе сістэмна. “Навучэнцы і выпускнікі горада і раёна з гонарам прадстаўляюць нашу краіну на міжнародных алімпіядах, а таксама паспяхова працягваюць навучанне ў лепшых установах вышэйшай адукацыі рэспублікі.
Любоў Сцяпанаўна забяспечвае высокі ўзровень арганізацыі рэспубліканскіх мерапрыемстваў, цесна ўзаемадзейнічае з прадстаўнікамі мясцовых органаў улады, кіраўнікамі прадпрыемстваў горада, грамадскімі арганізацыямі. Толькі за апошніх пяць гадоў у Мазыры прайшлі рэспубліканскія алімпіяды па рускай мове і літаратуры, беларускай мове і літаратуры, працоўным навучанні, англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай мовах. Акрамя задавальнення ад прадстаўленых умоў пражывання і харчавання, удзельнікі алімпіяды і іх педагогі вязуць самыя цёплыя ўражанні аб славутасцях Мазырскай зямлі і сустрэчах з цікавымі людзьмі”, — адзначыла Ала Алегаўна.
“Дзелавыя якасці Любові Сцяпанаўны ў спалучэнні з энергіяй, патрабавальнасцю да сябе, працавітасцю, аптымізмам, здольнасцю суперажываць і дапамагаць людзям добрым словам, канкрэтнай справай адрозніваюць гэтага неардынарнага чалавека і кіраўніка, прымушаюць захапляцца выдатнай жанчынай”, — адзначылі ўжо блізкія калегі маёй суразмоўцы.
Адчуванне захаплення перажыла і я пасля кароткай, але такой насычанай размовы.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
dubowska@ng-press.by