У чым сутнасць ідэй працоўнага выхавання А.С.Макаранкі і наколькі актуальна звяртацца да яго педагагічных установак? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні былі знойдзены карэспандэнтам “Настаўніцкай” падчас рабочай паездкі ва ўстановы адукацыі Ляхавіцкага раёна.
Жыццёвая педагогіка
Антон Макаранка лічыў працу галоўным складнікам маральнага выхавання дзіцяці. Ён быў упэўнены, што ідэя бесклапотнага дзяцінства здольна нанесці вялікую шкоду будучыні, і ставіў заканамернае пытанне: “І калі мы шчаслівыя ў нашым працоўным клопаце, у нашых працоўных перамогах, у нашым росце і пераадоленнях, то якое мы маем права вызначаць для дзяцей супрацьлеглыя прынцыпы шчасця: гультайства, спажыванне, бесклапотнасць?”
Антон Сямёнавіч негаласлоўна сцвярджаў, што працавітасць і здольнасць да працы не даюцца дзіцяці ад прыроды, а выхоўваюцца. Як вядома, таленавіты педагог дапамог сотням падлеткаў з прабеламі ў выхаванні знайсці радасць у працы.
Класік савецкай педагогікі гаварыў, што матывацыя да працы з’яўляецца тады, калі дзіця атрымлівае станоўчую рэакцыю на свае выніковыя дзеянні.
Можна сказаць інакш: дзіцяці неабходна атрымаць прызнанне грамадскай і вытворчай карыснасці яго працы. Варта заўважыць, што рэалізацыя гэтай педагагічнай ідэі Антона Сямёнавіча разглядалася ім перш за ўсё ў рамках калектыўнай працы і праз калектыў. Аснову яго выхаваўчай сістэмы складалі калектыўная праца, калектыўная зацікаўленасць і калектыўная адказнасць, але пры гэтым вялікае значэнне надавалася як маральнаму, так і матэрыяльнаму стымуляванню працы выхаванцаў, у тым ліку праз выплату ім заробку.
Калі гаварыць абагульнена, то сутнасць яго педагагічных ідэй можна пазначыць як спалучэнне выхавання і адукацыі ў працэсе спецыяльна арганізаванай, калектыўна, грамадска і асабіста значнай працоўнай дзейнасці. Дарэчы, правераная шматгадовай практыкай тэорыя А.С.Макаранкі прымяняльная і ў сучаснай школе, у чым я і змагла пераканацца.
Пра мэтазгоднасць
— У раёне дзейнічае праект другаснай занятасці моладзі, накіраваны на развіццё ў навучэнцаў асобасных стымулаў у працы, у тым ліку калектыўнай. Праект рэалізуецца пры арганізацыйнай падтрымцы ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ляхавіцкага райвыканкама, — расказала Марыя Саракавік, начальнік аддзела па адукацыі. — Колькасць устаноў, зацікаўленых у рэалізацыі праекта, штогод павялічваецца. Калі спачатку праектнай работай былі ахоплены тры школы, то цяпер усе чатырнаццаць. Удзел у праекце дапамог навучэнцам набыць практычныя працоўныя навыкі, убачыць вынікі сваёй дзейнасці. І самае галоўнае — кожны адчуў прызнанне соцыумам грамадскай і вытворчай карыснасці сваёй працы і набыў статус раўнапраўнага працаўніка.
На думку начальніка аддзела па адукацыі, прысутнасць эканамічнага складніка дапамагае выхаваць у падлеткаў неабходныя ў жыцці якасці. Школьнікі вучацца рабіць эканамічныя разлікі, вызначаць эфектыўнасць сваёй працы, кіраваць заробленымі сродкамі, планаваць свае патрэбы.
З 3 па 10 клас ва ўстановах адукацыі арганізоўваецца грамадска карысная праца за кошт адведзеных на гэта гадзін. Навучэнцы займаюцца прыбіраннем і добраўпарадкаваннем школьных тэрыторый, помнікаў і пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны, аказваюць дапамогу пажылым людзям.
— Гэта і падтрыманне парадку, і занятасць школьнікаў, і вывучэнне гісторыі краю, і духоўна-маральнае, патрыятычнае выхаванне. З любові да роднай зямлі, умення працаваць на ёй і пачынаецца патрыятызм, — лічыць Марыя Аляксандраўна.
На думку М.Саракавік, падлеткі павінны вучыцца працаваць і зарабляць грошы, быць упэўненымі ў мэтазгоднасці і карыснасці сваёй працы для грамадства, сям’і і для саміх сябе.
Адзіная канцэпцыя
Канцэпцыя арганізацыі другаснай занятасці ў раёне адзіная. Ад установы адукацыі ў райвыканкам накіроўваецца пісьмо з запытам на ўвядзенне дадатковых штатных адзінак. Гэты запыт задавальняецца праз упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Такім чынам школа атрымлівае рэальную магчымасць прымаць навучэнцаў на работу. Афармляюцца працоўныя кніжкі, забяспечваюцца ўсе неабходныя ўмовы працы, выконваюцца патрабаванні бяспекі. За школьнымі працоўнымі фарміраваннямі абавязкова замацоўваюцца педагогі. БРСМ арганізоўвае ў школах студатрады, з удзельнікамі якіх на прадпрыемствах і ў гаспадарках заключаюцца дагаворы падраду. Дарэчы, не выключаецца магчымасць афармлення студатрадаўцаў і ў школе па працоўнай кніжцы. Падлеткі працуюць 4 гадзіны, разлік ідзе прапарцыянальна адпрацаванаму часу.
На выкананне ўсіх відаў і аб’ёмаў работ складаюцца каштарысы, на аснове якіх вядзецца разлік. Спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама правяраюць аб’ёмы выкананых навучэнцамі работ як на канікулах, так і ў пазаўрочны час. Работа дзяцей аплачваецца з абласнога бюджэту.
Арганізацыя праекта ў кожнай школе мае свае адметнасці, хоць ёсць і тыповыя моманты.
Работа навучэнцам прапаноўваецца пасільная (у асноўным — добраўпарадкаванне тэрыторыі), а вось пералік кірункаў і працоўных аб’ектаў можа значна пашырацца. Напрыклад, навучэнцы Крывошынскай сярэдняй школы імя Г.С.Здановіча зарэгістраваліся падсобнымі рабочымі і працуюць на добраўпарадкаванні парку Рэпіхава. Школьнікі падтрымліваюць у належным стане месцы воінскіх пахаванняў, наводзяць парадак у скверы вёскі Крывошын, на школьнай тэрыторыі. Студэнцкі экалагічны атрад “Зара” імя П.М.Машэрава, сфарміраваны раённым камітэтам БРСМ з ліку навучэнцаў Ліпскай сярэдняй школы, працуе на пасадцы лесу ў Крывошынскім лясніцтве Ляхавіцкага лясгаса. Члены атрада засаджваюць у дзень да гектара і больш тэрыторыі. Студатрад “Страла” Тухавіцкай сярэдняй школы набывае працоўны вопыт у Остраўскім лясніцтве Ляхавіцкага лясгаса.
Тэорыя ў дзеянні
— Нашы вучні задаволены магчымасцю працаваць, бо гэта дазваляе ім убачыць вынікі сваіх намаганняў і адчуць сваю значнасць у вачах дарослых, атрымаць з іх боку прызнанне і ўдзячнасць, — расказвае Анжэла Яварчук, дырэктар Малагарадзішчанскай сярэдняй школы. — Многія васьмікласнікі з нецярпеннем чакаюць, калі ім споўніцца 14 гадоў, і ўважліва сочаць за тым, каб своечасова атрымаць пашпарт. Гэта дазволіць ім уключыцца ў праект другаснай занятасці.
На працягу ўсяго лета старшакласнікі фарбуюць сцены ў школе, рамантуюць плот, добраўпарадкоўваюць тэрыторыю. У 2023 годзе за летні перыяд кожны вучань зарабіў каля 100 рублёў. Таксама старшакласнікі ў складзе студатрада разам з лясгасам саджаюць лес, працуюць у СУП “Белазем’е” падсобнымі рабочымі на зернетаку, на праполцы сортнага аўса. Некаторыя з іх, заручыўшыся падтрымкай бацькоў, потым самі ўладкоўваюцца на сушку зерня. Запісы ў працоўных кніжках многіх навучэнцаў сведчаць пра багаты працоўны стаж.
— Малады спецыяліст-мэтавік Сяргей Лешык прыйшоў у сваю родную школу выкладаць хімію і біялогію. Уладкоўваўся настаўнікам ён з той самай працоўнай кніжкай, якую аформіў падчас вучобы ў школе. Аднак новы запіс ужо не ўмяшчаўся, і Сяргей Мікалаевіч пачаў свой шлях у прафесію з новай працоўнай кніжкай, — заўважыла Анжэла Георгіеўна.
Бацькі навучэнцаў таксама задаволены карыснай занятасцю дзяцей і прывучэннем іх да працы і адказнасці. Цяпер гэта іх надзейныя памочнікі ў хатняй гаспадарцы.
Кіраўнікі прадпрыемстваў таксама ахвотна прадастаўляюць рабочыя месцы школьнікам, якія ўмеюць і хочуць працаваць. Гэта дазваляе зрабіць выснову: высокія вынікі інтэлектуальнай, даследчай, турыстычна-краязнаўчай, творчай дзейнасці навучэнцаў Малагарадзішчанскай сярэдняй школы заканамерныя. Невыпадкова па выніках работы за мінулы год яна занесена ў галерэю славы Ляхавіччыны, а дасягненні педагогаў і навучэнцаў штогод адзначаюцца на самым высокім узроўні.
Цікава было пагутарыць і са школьнікамі. Навучэнцы 10 класа Іван Сельмановіч, Сяргей Саўчык, Аляксандра Столяр, Раман Сакуць старанна і па-гаспадарску апрацоўвалі зямлю для сяўбы на прышкольным участку.
— Мне нескладана нават на канікулах раней прачнуцца, каб прыйсці ў школу папрацаваць. Трэба дапамагаць бацькам, каб у сям’і быў дабрабыт, — сказаў Сяргей Саўчык.
— Прыемна бачыць прыгажосць, якую мы з аднакласнікамі ствараем сваімі рукамі, — адзначыла Аляксандра Столяр.
— Працуем зладжана, ва ўзаемаразуменні, падтрымліваем адно аднаго, — дадаў Іван Сельмановіч.
Усе падлеткі акрэслілі важныя для сябе моманты: “Працуем разам”, “Бачым вынікі сваёй працы”, “Прыносім карысць людзям, Радзіме”, “Паважаем працу іншых”, “Беражліва ставімся да ўсяго, што зроблена рукамі”.
І як тут не прыгадаць А.С.Макаранку, які сцвярджаў, што ў працоўных намаганнях выхоўваецца не толькі працоўная падрыхтоўка чалавека, але і падрыхтоўка таварыша. Гэта значыць, фарміруецца правільнае стаўленне да іншых людзей. А гэта ўжо маральная падрыхтоўка.
Як вядома, аснову ўсіх педагагічных установак А.С.Макаранкі складае прызнанне ім роўнасці трох кампанентаў: асобы, калектыву і грамадства. Менавіта гэта ўлічваюць педагогі Ляхавіччыны пры арганізацыі выхавання, а калі дакладней, то пры падрыхтоўцы навучэнцаў да чатырох галоўных роляў у жыцці — працаўніка, сем’яніна, грамадзяніна, патрыёта. І перш за ўсё — працаўніка, бо без працы ўсё астатняе немагчыма.
Людміла КУРЫЛЬЧЫК