Прэс-канферэнцыя, прысвечаная пытанням безбар’ернага асяроддзя ў Мінску, прайшла днямі ў сталічнай галерэі “Ў”. Мерапрыемства стала пачаткам афіцыйнага старту праекта “Даступны горад”, які рэалізоўвае грамадскае аб’яднанне “Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў” сумесна з кампаніямі-валанцёрамі — анлайн-гіпермаркетам 21vek.by і інтэрнэт-крамай OZ.by. Каардынатар праекта — агенцтва сацыяльных праектаў B2S (b2s.by). У канферэнцыі прыняла ўдзел намеснік старшыні камітэта па працы і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Ірына Мікалаеўна Дудка.
Карта даступнасці для кожнага
— Сёння ў Беларусі пражывае каля 19 тысяч інвалідаў-калясачнікаў. Колькасць большая, чым насельніцтва вядомага ўсім Заслаўя! І толькі адзін з дзесяці калясачнікаў можа самастойна выйсці на вуліцу, наведаць той ці іншы сацыяльны аб’ект. Прычына гэтага — адсутнасць у многіх дамах ліфтаў і пандусаў. У большасць банкаў, кафэ, навучальных устаноў і нават аптэк людзі на калясках таксама не могуць трапіць без дапамогі тых, хто побач, — расказаў старшыня Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў Яўген Шаўко. — Правадніком дзяржаўнай палітыкі ў сферы сацыяльнай інтэграцыі інвалідаў, грамадзян пажылога ўзросту і фізічна аслабленых асоб з’яўляюцца дзяржаўныя праграмы. Асноўнымі дакументамі, якімі кіруюцца сёння выканаўчыя арганізацыі, з’яўляюцца Комплексная праграма развіцця сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва на 2011—2015 гады і Дзяржаўная праграма па стварэнні безбар’ернага асяроддзя для жыццядзейнасці фізічна аслабленых асоб на 2011—2015 гады.
Па даных інвентарызацыі, якая ажыццяўляецца з 2008 года аблвыканкамамі і Мінгарвыканкамам, удзельная вага адаптаваных да інвалідаў будынкаў невялікая — толькі 9,8% па краіне, а па Мінску — 5,6%. (Размова, зразумела, аб поўнай адаптаванасці, а не толькі аб існаванні асобных элементаў безбар’ернага асяроддзя.) Ужо існуе і ўзгоднены праект Канцэпцыі Дзяржаўнай праграмы “Сацыяльная інтэграцыя інвалідаў, грамадзян пажылога ўзросту і фізічна аслабленых асоб на 2016—2020 гады”. Праект прадугледжвае павелічэнне долі даступных прыярытэтных аб’ектаў сацыяльнай і інжынернай інфраструктуры ў агульнай іх колькасці ад 10% у 2016 годзе да 20% у 2020 годзе.
Больш як трэць насельніцтва Беларусі сёння складаюць фізічна аслабленыя людзі або тыя, каму ў той ці іншай ступені неабходна дапамога ці павышаная ўвага (інваліды, састарэлыя, бацькі з дзецьмі на калясках, цяжарныя, дзеці дашкольнага ўзросту, траўміраваныя людзі). Многім з іх свабоднае перамяшчэнне недаступна, таму што большасць будынкаў не абсталявана належным чынам. У Мазыры, напрыклад, можна лічыць адаптаванымі да інвалідаў-калясачнікаў толькі 3,8% грамадскіх будынкаў, а часткова адаптаванымі 14,1%. А ўспомнім пра маладых мам. Каляска з паўгадовым дзіцем важыць каля 23 кг! З-за адсутнасці пандусаў мамы вымушаны заносіць каляску ў пад’езд, потым да ліфта, калі ён ёсць, іншы раз і на пяты паверх на руках. Другая прычына, па якой пэўная катэгорыя людзей абмяжоўвае сваё перамяшчэнне па населеным пункце, — недахоп у іх інфармацыі аб даступных аб’ектах.
Задачы праекта “Даступны горад” вельмі разнастайныя. Тут і падрыхтоўка спецыялістаў па безбар’ерным асяроддзі з ліку саміх інвалідаў-калясачнікаў, і стварэнне анлайн-партала па гэтым пытанні, а таксама анлайн-карты аб’ектаў Беларусі, даступных для фізічна аслабленых асоб. На гэтай карце будуць абазначаны крамы, аптэкі, цэрквы, банкі, ВНУ, кафэ, музеі і іншыя арганізацыі, адаптаваныя для ўсіх грамадзян. У праекце прадугледжана стварэнне карты даступнасці для аўтанавігатараў.
Першы ў планах — інтэрнэт-партал па безбар’ерным асяроддзі, у Беларусі мала інфармацыі пра гэта. Іншы раз яе не хапае ўладальнікам невялікіх магазінаў, якіх папрасілі абсталяваць пандусы, або тым, хто па ўласнай ініцыятыве стварае такое асяроддзе. Праз інтэрнэт-партал яны даведаюцца, як правільна, згодна з будаўнічымі нормамі ажыццявіць задуманае, атрымаюць вычарпальныя кансультацыі спецыялістаў па адпаведных пытаннях, змогуць задаць ім свае пытанні, нават у рэжыме анлайн. Адрас сайта, на якім размесціцца партал, ужо вядомы — www.freeway.by. На ім можна зараз знайсці карту даступнасці Мазыра — першага горада, які быў вывучаны валанцёрамі ў 2010 годзе. Яны абследавалі з гэтага пункту погляду больш за 600 аб’ектаў, і ў выніку з’явілася карта з поўнай характарыстыкай кожнага сацыяльна значнага аб’екта райцэнтра. У перспектыве плануецца стварэнне карты даступнасці ўсіх гарадоў Беларусі.
— Што яшчэ прадугледжвае наш праект? — працягвае Яўген Шаўко. — Магчымасць падачы скаргі ў анлайн-рэжыме на адсутнасць або недастатковую прыстасаванасць безбар’ернага асяроддзя да патрэб людзей. Размова можа весціся не толькі аб пандусах, але і аб тым, напрыклад, як выконваюцца звычайнымі вадзіцелямі правілы паркоўкі, паколькі для аўтамашын людзей з інваліднасцю існуюць спецыяльна адведзеныя парковачныя месцы. Фотаздымкі з фактамі парушэнняў можна тут жа па інтэрнэце перадаваць нам. Абгрунтаваныя скаргі мы абавязкова будзем накіроўваць у адпаведныя інстанцыі.
Ёсць у нас і дамоўленасць з камерцыйнай арганізацыяй, якая займаецца выпускам праграмнага забеспячэння для навігатараў “Навітэл”. Яе супрацоўнікі дапамогуць устанавіць адпаведную праграму на навігатарах з нашай базай даных аб даступных аб’ектах, якую мы плануем сабраць падчас рэалізацыі праекта. Чалавек з інваліднасцю зможа пры перамяшчэнні па горадзе самастойна вызначыць маршрут і беспамылкова дабрацца да таго аб’екта, які яму патрэбен.
У 2010 годзе Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў стварыла дапаможнік па безбар’ерным асяроддзі. Прызначаны ён для тых, хто жадае стварыць такое асяроддзе. У межах праекта “Даступны горад” дапаможнік будзе абноўлены, у ім з’явіцца інфармацыя аб будаўнічых нарматывах, якія існуюць. Забудоўшчыкі па-рознаму ставяцца да патрабаванняў аб узвядзенні безбар’ернага асяроддзя. Адны ігнаруюць іх, другія — хто па няведанні, хто з-за фармальных адносін да справы — робяць пандусы, карыстацца якімі немагчыма, бо яны без належнага нахілу, без парэнчаў. Іншы раз парэнчы прымацаваны не з таго боку і г.д. І часта пры працэдуры прыняцця аб’ектаў у эксплуатацыю на такія парушэнні закрываюць вочы.
Варта ўзгадаць і аб прынцыпе паслядоўнасці пры ўзвядзенні такога асяроддзя. Пажадана, каб усе сацыяльна-побытавыя паслугі людзі з інваліднасцю маглі атрымліваць па месцы жыхарства.
У праекце “Даступны горад” прадугледжана дзейнасць па павышэнні прэстыжнасці тых арганізацый, якія ўдзяляюць вялікую ўвагу стварэнню безбар’ернага асяроддзя. Плануецца рэкламаваць установы з даступным асяроддзем. Такая рэклама можа павялічыць і колькасць пакупнікоў у магазінах, кіраўнікі якіх не адстаюць ад часу, што патрабуе гуманнасці ў адносінах да людзей з абмежаваннямі.
Што зроблена ў межах праекта? Падрыхтаваны спецыялісты па безбар’ерным асяроддзі сярод удзельнікаў асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў. Абмеркаванне пытанняў аб даступнасці аб’ектаў для пэўнай катэгорыі людзей знайшло сваё адлюстраванне ў адносна новым для Беларусі трэндзе — карпаратыўным валанцёрстве. Ужо на першым этапе рэалізацыі праект падтрымалі адразу дзве вядомыя бізнес-кампаніі — вышэйназваныя анлайн-гіпермаркет і інтэрнэт-крама.
Мінск безбар’ерны
— У Мінску пражывае больш як 120 тысяч людзей з інваліднасцю, і паўмільёна яго жыхароў — пажылыя грамадзяне. У сталіцы каля 3 тысяч інвалідаў-калясачнікаў. Ім усім неабходна даступнае асяроддзе, — адзначыла намеснік старшыні камітэта па працы і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Ірына Мікалаеўна Дудка. — Камітэт з’яўляецца каардынатарам гарадской праграмы па стварэнні камфортных умоў для жыццядзейнасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі і інвалідаў. Пяты год у сталіцы рэалізоўваюцца гарадская праграма па стварэнні такога асяроддзя. У яе межах ажыццяўляецца мэтавае фінансаванне мерапрыемстваў, накіраваных на паляпшэнне ўмоў жыцця інвалідаў-калясачнікаў па месцы жыхарства. Для іх існуе, напрыклад, асаблівы графік абмену жылля, паколькі будынкі, якія ўзводзіліся да 80-х гадоў, у тым ліку і пяціпавярховыя (без ліфтаў) не прыстасаваны для пражывання інвалідаў-калясачнікаў. На сёння ўжо 12 з іх атрымалі кватэры ў дамах з элементамі безбар’ернага асяроддзя. У чарзе на абмен знаходзяцца яшчэ 15 чалавек.
Вялікая работа праводзіцца ў сталіцы па адаптацыі гарадскога пасажырскага транспарту да патрэб людзей з інваліднасцю. 68% рухомага транспартнага саставу горада мае нізкі ўзровень падлогі пры ўваходзе і выхадзе, у 27% — рухомая апарэль. Праблема ў тым, што аўтобусы часта не могуць ушчыльную пад’ехаць да прыпынку, каб інвалід-калясачнік мог бесперашкодна заехаць у салон. Іншы раз гэтаму перашкаджаюць машыны аўтааматараў, якія паркуюцца не ва ўстаноўленых месцах.
Распрацавана ў Мінску і Канцэпцыя па захаванні бяспекі дарожнага руху на 2012—2015 гады і асобна праграма па бяспецы людзей з абмежаванымі магчымасцямі, у якой ёсць пункт аб павышэнні культуры абслугоўвання вадзіцелямі грамадскага транспарту. У камітэт ужо звярнуліся прадстаўнікі Мінсктранса з просьбай падрыхтаваць своеасаблівы звод правіл для вадзіцеляў па гэтым пытанні.
Сумесна з ДАІ горада праводзяцца акцыі “Стоп-паркоўка”, да ўдзелу ў іх запрашаюцца інваліды-калясачнікі і інваліды па зроку. Пры камітэце быў створаны каардынацыйны савет па справах інвалідаў, на пасяджэннях якога абмяркоўваюцца і пытанні стварэння ўмоў бесперашкоднага доступу да сацыяльна значных аб’ектаў. Пры прыёмцы аб’ектаў і падрыхтоўцы іх да эксплуатацыі побач з камісіяй прысутнічаюць і студэнты — будучыя архітэктары і будаўнікі. Запрашаюць іх спецыяльна. Яны ўдзельнічаюць у праверцы аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры на прадмет трываласці элементаў безбар’ернага асяроддзя, выяўлення парушэнняў.
Ёсць такое паняцце, як удзельная вага аб’ектаў, абсталяваных элементамі безбар’ернага асяроддзя, сярод агульнай колькасці сацыяльна значных аб’ектаў. Мяркуецца, што пры заканчэнні ў 2015 годзе тэрміну па рэалізацыі гарадской праграмы стварэння камфортных умоў для жыццядзейнасці інвалідаў і іншых людзей з абмежаванымі магчымасцямі ўдасца дасягнуць паказчыка 70% (аб’ектаў, абсталяваных элементамі безбар’ернага асяроддзя). У межах праграмы ўзводзіцца безбар’ернае асяроддзе або яго элементы, перш за ўсё па месцы жыхарства інвалідаў-калясачнікаў. Штогод у многіх дамах, дзе яны пражываюць, з’яўляюцца пад’ёмнікі, у тым ліку электрычныя, і пандусы.
Сёлета ў Мінску ўпершыню будзе праведзены конкурс “Горад без бар’ераў” па вызначэнні лепшага па даступнасці аб’екта. Плануецца, што ён стане міжведамасным. Самае галоўнае патрабаванне да яго ўдзельнікаў — наяўнасць поўнай даступнасці аб’екта, які яны прэзентуюць. Пераможцы конкурсу атрымаюць узнагароды.
Карпаратыўнае валанцёрства
Агенцтва сацыяльных праектаў B2S займаецца сёння каардынацыяй работы валанцёраў, якія пажадалі дапамагчы ў зборы даных для карты даступнасці.
— Карпаратыўнае валанцёрства прадугледжвае стварэнне груп добраахвотнікаў з ліку супрацоўнікаў кампаніі-работадаўцы. Гэта дапамагае з’яднаць калектыў і ў вырашэнні важных для грамадства сацыяльных праблем, — гаворыць спецыяліст агенцтва Таццяна Казлоўская. — Рух карпаратыўнага валанцёрства вельмі папулярны ў краінах Захаду і толькі пачынаецца ў нашай краіне. Праект “Даступны горад” стаў для нас адным з першых вялікіх праектаў, якія тычацца гэтай сферы. Любая кампанія, любы чалавек можа стаць карпаратыўным валанцёрам і далучыцца да нас. Спадзяёмся, што многія работадаўцы запросяць сваіх супрацоўнікаў прыняць удзел у праекце на бязвыплатнай аснове. Эксперты па гэтых пытаннях з асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў правядуць з добраахвотнікамі міні-трэнінгі прама ў іх офісах. Пасля валанцёры з рулеткамі (лінейкамі), узяўшы спецыяльна распрацаваныя анкеты, пачнуць падарожжа па горадзе і будуць вывучаць яго аб’екты з пункту погляду даступнасці. Яны будуць раздаваць лістоўкі ўладальнікам або арандатарам аб’ектаў з інфармацыяй аб перавагах безбар’ернага асяроддзя. Па выніках такога маніторынгу абследаваныя будынкі атрымаюць адпаведны статус. Пакуль размова ідзе толькі пра грамадскія будынкі, якія будуць нанесены на карту даступнасці.
Валанцёраў чакаюць і некаторыя бонусы: іх кампаніі атрымаюць граматы на адпаведных мерапрыемствах, будзе праведзены конкурс на самага актыўнага валанцёра. Найбольш актыўных узнагародзяць сертыфікатамі, якія дазволяць ім наведаць цікавыя культурныя мерапрыемствы.
Намеснік кіраўніка анлайн-гіпермаркета 21vek.by Павел Матусевіч адзначыў: “Дзейнічай, калі маеш магчымасць дапамагаць. Стварыўшы карту безбар’ернага асяроддзя, мы дапаможам людзям з інваліднасцю здабыць свабоду перамяшчэння, а маці з дзіцячай каляскай — магчымасць правільна планаваць свой маршрут. Калі мы прапаноўвалі супрацоўнікам удзельнічаць у праекце “Даступны горад”, многія пагаджаліся. У сакавіку валанцёры пройдуць курс навучання і пачнуць свае замеры. Яны прымуць удзел у стварэнні цікавай і вельмі патрэбнай карты даступнага Мінска. Гэта і справа добрая, і выдатны team-building (з англ. “пабудова каманды”), што так важна для нашай кампаніі”.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.