Багатым вопытам супрацоўніцтва з бацькамі выхаванцаў ганарацца ў дзіцячым садзе № 10 Баранавіч

- 15:56Дети — наше всё!

 “У аснове нашай работы — трохвугольнік узаемадзеяння “педагог — дзеці — бацькі”, — адзначыла ў размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” загадчыца баранавіцкага дзіцячага сада № 10 Аксана Каролік.

— Што ні дзень, у нас мерапрыемствы: адукацыйныя ці забаўляльныя, у якіх бацькі прымаюць самы актыўны ўдзел, бо выхаванне — праца камандная, — расказвае загадчыца сада Аксана Каролік. — Наш дэвіз — зрабіць кожны момант дзяцінства цікавым і пазнавальным, каб у дзяўчынак і хлопчыкаў не было ні хвілінкі на сум.

Прыгожы рознакаляровы будынак дзіцячага сада № 10, які ўсяго некалькі гадоў назад з’явіўся ў маладым раёне Баранавіч, адразу прыцягвае ўвагу. Не менш яркімі падзеямі насычана тут і жыццё да­шкалят.

— Калі не будзе цеснага супрацоўніцтва з сем’ямі нашых выхаванцаў, мы не зможам знайсці да дзяцей індывідуальны падыход, а зна­чыць, выгадаваць гарманічную асобу, — заўважае Аксана Генадзьеўна. — Таму трохвугольнік узаемадзеяння “педагог — дзеці — бацькі” мы паклалі ў аснову нашай работы. Я добра ведаю, як гэта важна, бо даўно працую ў адукацыі: мой агульны педагагічны стаж — 31 год. Усё ў нас з любоўю зроблена і аформлена рукамі педагогаў і бацькоў: экспазіцыі вырабаў, малюнкаў, адукацыйныя куткі на розную тэматыку, стэнды, плакаты. Дарэчы, сёння мы лічымся аднымі з першых у горадзе па ўзроўні ваен­на-патрыятычнага выхавання да­школьнікаў — сярод бацькоў нашых выхаванцаў шмат ваенных. Наша задача — зрабіць бацькоў нашымі партнёрамі, і ў нас гэта добра атрымліваецца. Раён наш малады, тут жыве шмат сем’яў, дзе ёсць па некалькі дзетак. Стараемся ўвайсці з імі ў дыялог, запрашаем мам і татаў на ўсе мерапрыемствы. Падчас прыходзіць так шмат родных — і бабулі, і дзядулі — што нават складана ўсіх размясціць!

У садку падкрэсліваюць, што навучыць бацькоў удзяляць увагу дзецям — адна з задач дашкольнай установы. У некаторых дарослых, на жаль, няма звычкі рэгулярна займацца з дзецьмі — нават нейкі выраб зрабіць часта няма калі. Выправіць сітуацыю дапамагаюць педагогі, якія тлумачаць, як важна праводзіць час з дзіцем.

— Каб потым, ужо ў школе, падлеткі не пісалі ў анкетах псіхолагу, што ў іх праблемы з бацькамі, — падкрэслівае выхавальніца Святлана Лапкоўская. — Калі мы на дашкольным этапе не навучым дзяцей і дарослых узаемадзейнічаць, потым ужо можа быць позна.

Аксана Каролік адзначае, што за гады яе працы загадчыцай не было ніводнага выпадку, каб бацькі былі нечым незадаволены ці адмовілі ў просьбе дапамагчы. Вось і зараз у садку прысутнічаюць мамы: разам з дзеткамі яны робяць наглядны матэрыял да наступнага мерапрыемства. У вялікім пакоі некалькі круглых сталоў, за якімі кіпіць творчая праца: усе нешта фарбуюць, клеяць. Такая сумесная дзейнасць дапамагае малым бліжэй пазнаёміцца, а бацькам наладзіць кантакт. Так, Марына Лукошка, маці Вані са старшай групы, разам з сынам прымае ўдзел амаль ва ўсіх мерапрыемствах, якія адбываюцца ў дашкольнай установе. 

— У дзіцяці і бацькоў павінны быць сумесныя справы не толькі дома, але і ў садку, — лічыць яна. — Зараз мы з сынам робім насценгазету, якая прысвечана здароваму ладу жыцця.

— Марына Пятроўна сама піша вершы, сцэнарыі да свят, — дадае загадчыца. — Мы ганарымся таленавітымі бацькамі нашых выхаванцаў, вельмі іх цэнім. Дарэчы, сярод іх ёсць і тыя, хто прымае ўдзел менавіта ў адукацыйнай дзейнасці ўстановы. Вялікую ўвагу ўдзяляем і рабоце з сем’ямі, дзе ёсць дзеткі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, а таксама хлопчыкам і дзяўчынкам, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Аксана КАРОЛІК: Вялікі дзякуй начальніку ўпраўлення па адукацыі Таццяне Шастак за арганізацыю шматлікіх мерапрыемстваў на ўзроўні дзіцячых садоў, школ. Дзякуючы ёй, Баранавічы ўжо трэці год запар займаюць лідзіруючую пазіцыю ў вобласці.

— Да ўсіх мам і татаў імкнёмся знайсці індывідуальны падыход, стараемся прыцягнуць да сумеснай выхаваўчай працы, — гаворыць выхавальніца Вікторыя Каптыш.

Для кожнага месяца ў садку зага­дзя складзены багаты спіс мерапрыемстваў. Як усё паспець, цікаўлюся ў загадчыцы.

— Галоўнае — гэта дружны, зла­джаны педкалектыў і пастаянная сувязь з бацькамі, — адказвае яна. — Без такой каманднай работы мы не змаглі б дасягнуць ні адной выхаваўчай мэты.

Дзіцячы сад № 10 — самы вялікі і па плошчы, і па колькасці дзяцей у Баранавічах: сёння тут 300 выхаванцаў — усяго 13 груп.

На тэрыторыі сада абсталявана сучасная пляцоўка па навучанні дзяцей ПДР. Выхаванцы гуляюць у гульні, накіраваныя на авалоданне навыкамі бяспекі. Яны штодзень прымяраюць на сябе ролю вадзіцеля ці пасажыра, вывучаюць дарожныя знакі, якія, дарэчы, устаноўлены ў арыгінальным памеры! У садку плануюць на­быць і спецыяльныя роставыя аўтамабілі. Заняткі па ПДР з дашкалятамі право­дзяць кіраўнікі фізічнага выхавання Валянціна Праскура і Наталля Чыжыкава, а таксама выхавальнікі ўсіх 13 груп. Рэгулярна прыязджаюць у госці супрацоўнікі гарадскога аддзела ДАІ і аддзела па надзвычайных сітуацыях.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара