Самыя музычныя

- 12:29Сацыяльны ракурс

Каля 130 дзяцей-сірот і дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі падалі заяўкі на ўдзел у конкурсе “Музыка дзіцячай душы”, які праводзіць Беларускі дзіцячы фонд. Адборачныя туры ва ўсіх абласных цэнтрах і Мінску выявілі ўдзельнікаў фіналу — вакалістаў і музыкантаў, якія збяруцца ў сталіцы напрыканцы сакавіка. 

Так, удзельнікамі абласнога тура ў Мінскай вобласці сталі 19 хлопчыкаў і дзяўчынак. Адна з іх — чатырнаццацігадовая Віка Хаўстава з Жодзіна, якая раней прайшла адбор у тэлеконкурс “Я пяю”, але не падышла па ўзросце. На конкурсе “Музыка дзіцячай душы” яна выканала песню Анжалікі Агурбаш “Белая Русь”. “Выбрала гэтую кампазіцыю таму, што ў ёй вельмі душэўна гаворыцца пра Беларусь”, — растлумачыла дзяўчынка. А яшчэ яна расказала, што разам з братам жыве ў прыёмнай сям’і, што мама ў іх самая лепшая, завуць яе Надзея Андрэеўна Каваленка, яна працуе ў аптэцы, а тата — у аб’яднанні “БелАЗ”. Вікторыя, па яе словах, збіраецца ста ць фармацэўтам, як прыёмная маці, але і пра спевы не забывае.
Другая ўдзельніца абласнога этапу конкурсу, з якой удалося паразмаўляць, — Віялета Банковіч з Маладзечна, яна ўдзельнічала ў музычным конкурсе ўпершыню. Дзяўчынку ў інваліднай калясцы суправаджала мама Таццяна. Яна і расказала, што Віялета добра малюе, захапляецца вырабамі сваімі рукамі, займаецца з выкладчыкамі дома і ўжо мае нямала дыпломаў за перамогі і прызавыя месцы ў абласных і раённых творчых конкурсах. А вось музычны конкурс для Віялеты — першы вопыт. Дзяўчынка займалася спевамі дома з дапамогай педагога, песню выбрала з любімага мультфільма.
— На працягу 20-ці гадоў мы працуем па праграме “Адораныя дзеці”, — расказала старшыня Мінскага абласнога аддзялення Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускі дзіцячы фонд” Галіна Генадзьеўна Пранько. — Раней праводзілі конкурсы “Юны мастак”, “Юны фатограф”, а сёлета вось конкурс “Музыка дзіцячай душы”. Журы выбрала некалькі лепшых выканаўцаў, але падарункі атрымалі ўсе ўдзельнікі.
Пераможцам Мінскага абласнога этапу конкурсу “Музыка дзіцячай душы” стаў Данііл Савеня, які вучыцца ў Маладзечне ў спецыяльнай школе для дзяцей з парушэннямі зроку. Лепшай выканаўцай інструментальнай музыкі журы палічыла Ксенію Зоркіну з Салігорска. Акрамя Ксеніі і Данііла, яшчэ чатыры лепшыя ўдзельнікі абласнога этапу прадставяць Міншчыну ў фінале музычнага конкурсу, які арганізаваў Беларускі дзіцячы фонд.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара.