Таццяна Семчанка: Дзень народнага адзінства — ключавы элемент нацыя­нальнай самасвядомасці

- 16:07Моя гражданская позиция

Дзень народнага адзінс­тва для Беларусі больш чым проста свята. Гэта ключавы элемент нацыя­нальнай самасвядомасці, які дапамагае краіне захоўваць сваю ўнікальнасць, адзначыла ў размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты”  дырэктар Філатаўскай сярэдняй школы імя С.А.Лавянецкага Круглянскага раёна Таццяна Семчанка.

— Дзень народнага адзінс­тва для Беларусі больш чым проста свята. Гэта ключавы элемент нацыя­нальнай самасвядомасці, які дапамагае краіне захоўваць сваю ўнікальнасць. Гэта напамін аб значнасці яднання нацыі, якое ў сучасных рэаліях набывае асаблівы сэнс.

Сённяшні свет пастаянна сутыкаецца з рознымі пагрозамі. Глабальныя і рэгіянальныя канфлікты, палітычныя крызісы ставяць пад удар бяспеку і незалежнасць многіх дзяржаў. Наша Беларусь, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, непазбежна адчувае на сабе наступствы геапалітычных супярэчнасцей. На наглядных прыкладах мы бачым, як лёгка можа быць разбурана грамадства, калі яно не аб’яднана агульнымі мэтамі і каштоўнасцямі, калі сярод народа няма ўнутранай згоды.

Нацыянальная кансалідацыя — адзіны магчымы спосаб захаваць суверэнітэт і стабільнасць рэс­публікі.

Усведамленне ўсіх гэтых пасылаў неабходна закладваць у маладое пакаленне, бо менавіта за дзецьмі будучыня Беларусі. І тут вялікая роля школы і педагогаў. Установы адукацыі і мы, настаўнікі, шмат у чым адказныя за фарміраванне ў навучэнцаў нацыянальнай ідэнтычнасці, грама­дзянскасці, патрыятызму.

Вельмі важна, каб праяўленне пат­рыятызму сярод моладзі было не фармальным, а асэнсаваным і шчырым. Выхаваўчая работа ў навучальнай установе цяпер набывае выключны прыярытэт. Асновай па-ранейшаму застаецца прывіццё любові да Радзімы, павагі да гісторыі і культуры свайго народа. Аднак неабходна ўлічваць і новыя выклікі: інфармацыйныя войны, маніпуляцыі грамадскай свядомасцю. У гэтых умовах трэба вучыць падлеткаў уменню супраць­стаяць уплыву знешніх уздзеянняў, адрозніваць праўду ад ілжывых сцвярджэнняў.

На ўсё гэта робіць упор педагагічны калектыў нашай школы. Сярод акцэнтаў выхавання таксама ўсебаковае ўключэнне вучняў у грамадскае жыццё. Хлопчыкі і дзяўчынкі актыўна ўдзельнічаюць у разнастайных сацыяльных праектах, што спрыяе ўкараненню ў іх сэрцах разумення агульнасці і ўзае­мадапамогі сярод беларусаў. Многае робім і для далучэння дзяцей да нацыянальных традыцый. Зараз рэалізуем інавацыйны праект па стварэнні сеткавай рэгіянальнай мадэлі фарміравання грама­дзянска-патрыятычнай пазіцыі навучэнцаў. Работа вядзецца ў партнёрстве з іншымі ўстановамі адукацыі раёна. Разам — усёй педагагічнай грамадскасцю — гадуем дзяцей сапраўднымі грамадзянамі, гатовымі жыць і працаваць на карысць роднай краіны.

Аб’яднанымі намаганнямі падышлі і да святкавання Дня народнага адзінства. Праз масавыя мітынгі, акцыі, флэш-мобы чарговы раз нагадалі навучэнцам, што сіла беларускага народа — у згуртаванасці.

Падрыхтавала Ганна СІНЬКЕВІЧ