Пляценне папяровай лазой і калекцыяніраванне чамаданаў. Чым яшчэ захапляецца настаўніца Жанна Макрэцкая?

- 13:14Увлечения

Пляценне папяровай лазой, догляд уласнага саду, цікавыя падарожжы, тэатральная дзейнасць — настаўніца беларускай мовы і літаратуры Клецкай гімназіі Жанна Макрэцкая здзіўляе сваімі разнастайнымі захапленнямі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Папяровая лаза і высокія тэхналогіі

Жанна Аляксандраўна лічыць сябе звычайным чалавекам, які проста займаецца тым, што любіць, і любіць тое, чым займаецца. Гэта тычыцца і выбранай прафесіі, і захапленняў, якія робяць яе жыццё насычаным і цікавым. Яны, нібыта маленькія рознакаляровыя шкельцы ў калейдаскопе, ствараюць кожны раз яскравы малюнак.

Пачнём з пляцення папяровай лазой. Ім настаўніца займаецца ўжо некалькі гадоў. І кожны раз, перш чым прыступіць непасрэдна да пляцення, яна нарыхтоўвае неабходны матэрыял: з белых аркушаў паперы з дапамогай спецыяльных пруткоў ро­біць трубачкі. Адразу штук 50—100. Затым іх фарбуе і пакрывае лакам, каб яны былі трывалымі. А потым іх неабходна крыху намачыць, каб сталі падатлівымі. І хуценька плесці. 

— Канечне, загадзя неабходна зрабіць аснову для вырабу. Яна можа быць круглай ці прамавугольнай. У першым выпадку працаваць куды прасцей — адна трубачка скончылася, клеіш да яе наступную. А вось з вугламі справіцца цяжэй, — дзеліцца Жанна Аляксандраўна.

На яе кухні лыжкі і відэльцы стаяць у падстаўцы з папяровай лазы, на стале ў кошыках з такога ж матэрыялу — садавіна і прысмакі, скрыні выдатна падыходзяць для захоўвання розных прадметаў.

— Мару навучыцца ствараць жаночыя сумачкі. Бачыла такія ў інтэрнэце. Ніжняя частка з папяровай лазы, верхняя — са скуры. Спадзяюся, у хуткім часе паспрабую, — з усмешкай расказвае настаўніца.

З паперай на ты і яе вучні ў гімназіі. Разам яны не толькі ро­бяць з такога незвычайнага матэрыялу зоркі, шары, але і займаюцца выцінанкай.

— Упрыгожванне дошкі ў класе стала асаблівым відам мастацтва. Да кожнага выхаваўчага мерапрыемства, значнай падзеі ці свята дзеці ператвараюць дошку ў прыгожы і інфармацыйна насычаны стэнд у адпаведнасці з тэмай. Выразаюць, малююць, прапаноўваюць свае ідэі, рэалізоўваюць мае, — гаворыць педагог.

Яна імкнецца не адставаць ад сучасных тэндэнцый. З дапамогай камп’ютарных праграм стварае для гімназістаў квізы, крыжаванкі, ролікі для вывучэння родный мовы і літаратуры. Знаходзіць час і на развіццё ўласнага адукацыйнага сайта.

Касачы і кампанія

Жанна Аляксандраўна жыве ва ўласным доме. Перад ім вялізная клумба, на якой растуць самыя розныя кветкі. Перш чым іх пасадзіць, прадумвае ўсё да дробязей. Асаблівай гордасцю лічыць сваю калекцыю касачоў.

— Пачалося ўсё з жарту. Калега залюбавалася цвіценнем касачоў на клумбе каля гімназіі. А я і кажу: “Дайце толькі час, бу­дзеце прыходзіць да мяне, захап­ляцца маімі касачамі!” Яны не ўспрынялі мае словы сур’ёзна. Зараз у мяне 15 гатункаў гэтых кветак. Такая прыгажосць атрымалася! — падкрэслівае суразмоўніца.

Але не толькі касачамі прыцягвае ўвагу сад настаўніцы. У два рады растуць тут карлікавыя яблыні сучасных гатункаў, грушы, персікі, абрыкосы і нектарыны.

— Дзіўна, але нязвыклыя для нашых шырот плады вырастаюць буйнымі і паспяваюць саспець — такія салодкія, сочныя. Сапраўдная смаката. Высаджвае іх муж, а даглядаем разам. А вось радок лаванды — мая вотчына. Люблю гэтыя кветкі. Мару навучыцца ствараць з іх не толькі сашэ, але і прыгожыя карціны, — дзеліцца планамі Жанна Аляксандраўна.

Пруткі, чамаданы і тэатр

— Я люблю вязаць. Я халерык па сваёй натуры, таму тыя, хто мяне добра ведае, здзіўляюцца, як у мяне хапае цярпення на такую дзейнасць. Аднак гэтае хобі са мной са школьных гадоў. Памятаю, калі бачыла вязаныя рэчы на настаўніках, адразу пачынала думаць, як паўтарыць узор, — смяецца суразмоўніца.

Слухаючы аўдыякнігі класікаў, яна можа засядзецца за вязаннем да позняй ночы. Прызнаецца, што такая манатонная справа дазваляе спакойна паразважаць, застацца сам-насам са сваімі думкамі. 

Жанна Макрэцкая ўзначальвае раённае метадычнае аб’яднанне настаўнікаў беларускай мовы, рыхтуе навучэнцаў да ўдзелу ў конкурсе “Жывая класіка”, у 2021 годзе стала пераможцай раённага конкурсу “Самы класны класны”.

Аднойчы Жанна Аляксандраўна знайшла ў бабулінай хаце стары чамадан. Забрала дадому, адмыла і пакінула сабе. Муж вельмі здзівіўся: навошта ён табе? Гэтая рэч стала першай у калекцыі чамаданаў настаўніцы. Зараз іх сем.

— Мяне цікавяць чамаданы даўніх часоў — даваенных, ваенных. Адзін такі мне аддаў сусед. З ім яго бацька вярнуўся з фронту. Размясціла сваю калекцыю ў мансардзе. Чамаданы не пустуюць — у іх ляжаць старыя фотаздымкі нашых бабуль, дзядуляў. І нашы госці маюць магчымасць разглядаць іх, — расказвае Жанна Аляксандраўна.

Яе чамаданы часта выходзяць у свет — як рэквізіт для пастановак гімназічнага тэатра.

— Разам з настаўніцай рускай мовы і літаратуры Таццянай Шклярык мы выступаем у ролі і рэжысёраў, і пастаноўчшыкаў, і сцэнарыстаў. Шмат чаго нам ужо ўдалося паставіць. Напрыклад, А.Ду­дарава “Радавыя”, С.Алек­сіевіч “У вайны не жаночае аблічча”, п’есу “За што?”, якую напісаў наш былы дырэктар Сяргей Іванавіч Белаш. Сур’ёзныя, драматычныя творы. З пастаноўкамі прымаем удзел у раённым конкурсе тэатральных калектываў. Самае важнае, што дзецям цікава, ім падабаецца выступаць на сцэне. А гэта і нас натхняе, надае сіл, — адзначае Жанна Аляксанд­раўна.

З сувенірамі па свеце

— Падарожжа — гэта выдатны спосаб прадухіліць эмацыянальнае выгаранне, вярнуцца дадому акрыленым чалавекам. Гэта незабыўныя ўспаміны і ўражанні ад новых страў, якія люблю каштаваць, ад людзей, якіх сустракаю, і ад месцаў, якія наведваю, — разважае педагог.

Яна шмат дзе была: у Чэхіі, Аўстрыі, Венгрыі, Абхазіі, Латвіі, Літве, Чарнагорыі, Румыніі, Венгрыі, Германіі і іншых краінах… У сям’і стала добрай традыцыяй адпраўляцца ў паездку не з пустымі рукамі, а з сувенірамі і падарункамі. Іх уручаюць на памяць тым, з кім завязваюцца сяброўскія адносіны не толькі на час падарожжа, а, як паказала жыццё, на доўгія гады.

— Ёсць яшчэ адзін вельмі прыемны момант. Калі ты гаворыш, што родам з Беларусі, то чуеш толькі добрыя водзывы і бачыш станоўчыя адносіны да сябе. І тады такое пачуццё радасці і гордасці напаўняе за свой народ! — прызнаецца суразмоўніца.

Вучаніца педагога Валерыя Васілеўская два гады запар атрымлівала дыплом ІІІ ступені на рэспубліканскім этапе прадметнай алімпіяды. Сёлета таксама будзе дэманстраваць свае веды ў інтэлектуальным спаборніцтве. Сямёра гімназістаў былі ўдзельнікамі тэлевізійнай перадачы “Я ведаю!”. Вось такі звычайны чалавек і такія звычайныя поспехі!

Сябе яна лічыць удачлівым чалавекам. Шанцавала ёй і на настаўнікаў, і на калег, і на вучняў.

— Зараз з’яўляюся класным кіраўніком 11 класа. Гэта будзе мой чацвёрты выпуск. Не магу нарадавацца сваімі навучэнцамі. Актыўныя, неабыякавыя, ініцыятыўныя. Напрыклад, зараз зрабілі ў класе выставу гарбузоў, на зімовых канікулах праводзім з імі парад снегавікоў у скверы каля гімназіі, традыцыйным стаў класны конкурс на самую прыгожую навагоднюю ёлку, усім класам пісалі рэспубліканскі дыктант. Ра­зам ходзім у паходы, наведваем тэатры, ездзім у аквапарк. З 26 маіх гімназістаў 25 будуць зда­ваць беларускую мову. І для мяне гэта вялікі гонар і вялікая адказ­насць, — лічыць настаўніца.

Марына ЖДАНАВА
Фота аўтара і прадастаўлена суразмоўніцай