Як адбываецца фарміраванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі, адказнасці і гатоўнасці да выканання свайго грамадзянскага абавязку перад Айчынай, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў начальнік аддзела па адукацыі Лунінецкага райвыканкама Мікалай Гарадкавец.
— Якасная і даступная адукацыя, накіраваная на выхаванне грамадзяніна і патрыёта сваёй краіны, раскрыццё яго асобаснага патэнцыялу, фарміраванне навыкаў і кампетэнцый, якія ў поўнай меры адпавядаюць патрэбам эканомікі, была і застаецца адным з прыярытэтаў дзяржавы. Асабліва гэта актуальна ў Год якасці.
За апошнія гады ў сістэме адукацыі многае зроблена: створана неабходная заканадаўчая база, забяспечваецца стабільнае фінансаванне, абнаўляюцца вучэбныя дапаможнікі, навучэнцам і педагогам аказваецца сацыяльная падтрымка. Сістэма аператыўна рэагуе на подых часу і вырашае актуальную задачу — выхаваць адукаванага грамадзяніна і патрыёта.
З году ў год Лунінеччына займае лідзіруючыя месцы ў вобласці па выніках алімпіяднага руху сярод сельскіх раёнаў. Штогод нашы школьнікі прывозяць узнагароды з рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў і конкурсаў, даказваючы непераадольную ісціну: школа — храм ведаў. Безумоўна, многае залежыць ад працавітасці і стараннасці вучняў, але значны ўклад у іх развіццё робяць настаўнікі. І сапраўднага настаўніка, які выхоўвае асобу, натхняе думаць, разважаць, адчуваць, ніколі ніхто не заменіць. Здольныя дзеці цягнуцца да педагогаў, якія дзеляцца з імі не толькі ведамі, але і вопытам. І кожны з нас разумее, што таленавітыя школьнікі павінны заставацца ў краіне, прыносіць карысць нашай дзяржаве. Таму кожны настаўнік даво-
дзіць гэтую думку да вучняў.
Фарміраванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі, адказнасці і гатоўнасці да выканання свайго грамадзянскага абавязку перад Айчынай немагчыма без каштоўнасных адносін да гістарычнай і культурнай спадчыны беларускага народа, захавання памяці аб мінулым, якія павінны перадавацца з пакалення ў пакаленне. Школьны музей — гэта менавіта тое месца, дзе лепш за ўсё ідзе працэс зацвярджэння гэтых каштоўнасцей. Ва ўстановах адукацыі Лунінецкага раёна функцыянуюць 7 музеяў, 31 музейная экспазіцыя, прысвечаная генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, 15 музейных экспазіцый іншых напрамкаў (краязнаўчага, этнаграфічнага). Вядзецца сістэмная работа з педагогамі і навучэнцамі па рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу школьных музеяў.
Настаўнік — прафесія маральная і патрыятычная. Адсюль і задачы — несці маральныя арыенціры, фарміраваць грамадзянскую пазіцыю і адказнасць за сваё жыццё, лёс сваёй сям’і і краіны. Патрыятызм педагога будуецца перш за ўсё на павазе да саміх сябе, сваёй справы, прафесіі. Без гэтага не варта чакаць павагі з боку грамадства. Важна не забываць і аб уласным руху наперад, асобасным і прафесійным развіцці. Таму, калі педагог будзе інвесціраваць у сваю асобу, значыць, ён будзе інвесціраваць у будучыню сваёй краіны.
На асаблівым кантролі ў краіне пытанне кадравага забеспячэння галіны. Прафарыентацыйную работу з вучнямі профільных класаў прафесійнай накіраванасці неабходна будаваць так, каб дзеці ўжо ў 10 класе ведалі сваю адукацыйную траекторыю пасля заканчэння школы. Гэта датычыцца і паступлення на педагагічныя спецыяльнасці, у тым ліку па мэтавых накіраваннях. Штогод на змену вопытным педагогам у раён прыбываюць маладыя. У гэтым навучальным годзе нашу педагагічную сям’ю папоўнілі 9 маладых спецыялістаў.
Традыцыйна шмат увагі ўдзяляем умацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы. Добра разумеем, што ў сучасных умовах школьнікі лепш засвойваюць праграму, а педагогам значна прасцей працаваць. З правядзеннем капітальных і бягучых рамонтаў ажыццяўляем замену абсталявання і інвентару, мэблі. Важнай падзеяй для раёна стаў пачатак будаўніцтва прыбудовы да 1-й школы Лунінца з рэканструкцыяй, разлічанай на 660 месцаў. Плануецца, што аб’ект будзе ўведзены ў эксплуатацыю ў 2025 годзе.
Мір у сям’і і на вуліцы, згода беларусаў, незалежнасць краіны — ключавыя словы Паслання Прэзідэнта. Гэта, на мой погляд, вызначае задачу для сістэмы адукацыі — павышэнне ролі сям’і ў выхаванні юных грамадзян краіны. Таму не страчвае сваёй актуальнасці работа школьных бацькоўскіх універсітэтаў. І кожны раз пераступаючы парог храма ведаў, педагогі Лунінеччыны цалкам аддаюць сябе рабоце і вучням. Бо ўсе мы падзяляем словы Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі: “Адукацыя — фундаментальная сфера нашага жыцця, якая пранізвае абсалютна ўсе галіны і вызначае, калі хочаце, развіццё ўсёй нацыі”.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА