Аляксандр Іванцэвіч: «Усебеларускі народны сход — гэта яшчэ адна нагода для гордасці за сваю краіну»

- 12:01Моя гражданская позиция

“Лёс краіны — у руках народа, у нашых руках. Гэта павінен разумець кожны дарослы, а адна з задач сучаснай школы заключаецца ў тым, каб данесці гэтую ідэю да кожнага дзіцяці”, адзначыў у размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” дырэктар Кемелішскай сярэдняй школы Астравецкага раёна Аляксандр Іванцэвіч.

— Упершыню стану дэлегатам Усебеларускага народнага сходу. І за такую магчымасць удзячны членам рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, ад якога вылучаўся.

Нават не маючы вопыту ўдзелу ў падобных сустрэчах, разумею, што гэта будзе яркая з пункту гледжання разнастайнасці ідэй і задач, эмацыянальнай палітры і ў цэлым па сваім змесце падзея. Прычым для ўсіх жыхароў Беларусі.

Не магу не адзначыць, што для мяне Усебеларускі народны сход — гэта яшчэ адна нагода для гордасці за сваю краіну. Упершыню ён прайшоў у 1996 годзе, а па выніках рэферэндуму 2022 года стаў канстытуцыйным органам — вышэйшым прадстаўнічым органам народаўладдзя ў краіне. Наданне яму канстытуцыйнага статусу паспрыяла ўзмацненню ролі грамадскасці ў палітычным жыцці краіны. А таму ўдвая адказна і прыемна стаць удзельнікам УНС.

Усё маё жыццё звязана з малой радзімай. Пасля вучобы ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы ў 2001 годзе ўпершыню пераступіў парог школы ў Кемелішках як настаўнік гісторыі, грамадазнаўства і дапрызыўнай падрыхтоўкі. І з гэтага часу больш не расставаўся з ёй. Узначальваю ўстанову адукацыі з 2011 года, а з 2009 года ўваходжу ў склад грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў”.

Думаю, усяго некалькі гэтых фактаў многае гаво­раць пра мае жыццёвыя погляды і прынцыпы. Яны заўсёды былі сугучныя з зададзеным у нашай краіне палітычным курсам. Яшчэ адзін важны фактар неабыякавасці да нашага агульнага заўтра — сям’я. Хачу, каб трое маіх дзяцей сталелі і станавіліся прафесіяналамі сваёй справы ў моцнай і квітнеючай Беларусі. А гэта залежыць ад кожнага з нас.

Поўнасцю згодны са словамі нашага Прэзідэнта, што нам ніхто не дапаможа, акрамя нас саміх, а ўсе рэзервы росту і развіцця мы павінны шукаць у сабе. Заўсёды прытрымліваўся такой пазіцыі і ў пытаннях асабістага станаўлення, і ў пытаннях развіцця ўстановы адукацыі, якую ўзначальваю ўжо больш за 12 гадоў.

Лёс краіны — у руках народа, у нашых руках. Гэта павінен разумець кожны дарослы, а адна з задач сучаснай школы заключаецца ў тым, каб данесці гэтую ідэю да кожнага дзіцяці.

Як гісторыка і дырэктара школы мяне радуе, што на парадку дня Усебеларускага народнага сходу будуць пытанні нацыянальнай ідэнтычнасці і традыцыйных каштоўнасцей. Захаванне і падтрымка інстытута сям’і — прыярытэты для руху ў гэтым напрамку.

Як прадстаўніка сістэмы адукацыі і жыхара сельскай мясцовасці мяне асабліва хвалююць пытанні замацавання маладых спецыялістаў на першых працоўных месцах. Акрамя таго, хацелася б закра­нуць тэму будаўніцтва жылля для мнагадзетных сем’яў у сельскай мясцовасці.

У адзін з дзён будзе разглядацца канцэпцыя нацыянальнай бяспекі. Сёння пытанні нацыянальнай бяспекі набываюць асаблівую знач­насць. Што да ўстаноў адукацыі нашай краіны, то яны заўсёды прытрымліваюцца канцэпцыі нацыянальнай бяс­пекі. Размова, вядома, аб стварэнні і функцыянаванні ваенна-патрыятычных клубаў і класаў. Толькі ў нашай установе клуб “Юныя сябры пагранічнікаў” існуе ўжо больш за 10 гадоў. На сённяшні дзень кожны пяты вучань з’яўляецца яго ўдзельнікам.

Вопытам удзелу ва Усебеларускім народным сходзе планую дзяліцца не толькі са сваім працоўным калектывам. Думаю, роля кожнага дэлегата заключаецца якраз у тым, каб ключавыя аспекты і стратэгічныя напрамкі развіцця краіны, якія будуць абмяркоўвацца на УНС, данесці да кожнага члена грамадства.

 Кацярына МАЦЕВІЧ