Алеся Стэльмак: стараюся быць для настаўніцтва лідарам, вяду за сабой, паказваю ўласны прыклад

- 12:07Моя гражданская позиция

Увагу ўдзяляем не толькі навучанню. Упор робім і на выхаванне, асобаснае станаўленне вучняў. Прыярытэтным лічым фарміраванне ў дзяцей патрыятызму і грамадзянскасці, любові да Айчыны”, адзначыла ў размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” начальнік аддзела па адукацыі Бабруйскага райвыканкама Алеся Стэльмак.

— Са сферай адукацыі маё жыццё трывала звязана звыш 25 гадоў. Маладым педагогам у свой час я вярнулася на малую радзіму і вось ужо чвэрць стагоддзя шчырую на адукацыйнай ніве. Працавала на розных пасадах: прайшла шлях ад настаўніка, метадыста да кіраўніка. Гэта дазволіла набыць рознабаковы прафесійны вопыт, які істотна дапамагае мне сёння.

Зона маёй адказнасці — гэта 24 навучальныя ўстановы, каля 300 педагогаў і звыш 1,5 тысячы дзяцей. Абавязкаў мноства, кожны дзень дыктуе новыя задачы. Аднак любую работу імкнуся выконваць добрасумленна, з аддачай і душой. На гэта заўсёды арыентую і педагагічныя калектывы раёна. Я чалавек з актыўнай грама­дзянскай пазіцыяй, таму стараюся быць для настаўніцтва лідарам, вяду за сабой, паказваю ўласны прыклад. Вынікі адпаведныя. Абсалютна ўсе ўстановы адукацыі займаюцца інавацыйнай дзейнасцю, укараняюць перадавыя тэхналогіі. Звыш 70% нашых педагогаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, двое з’яўляюцца настаўнікамі-метадыстамі, але таксама працягваюць прафесійнае ўдасканаленне. Заўзятасць і неабыякавасць педагогаў знахо­дзяць адлюстраванне ў поспехах навучэнцаў. Дзеці дэманструюць высокі ўзровень ведаў, вынікова ўдзельніча­юць у алімпіядным руху і спартыўных спаборніц­твах, інтэлектуальных, творчых і даследчых конкурсах.

У нашым аддзеле па адукацыі ўвагу ўдзяляем не толькі навучанню. Упор робім і на выхаванне, асобаснае станаўленне вучняў. Прыярытэтным лічым фарміраванне ў дзяцей патрыятызму і грамадзянскасці, любові да Айчыны, павагі да гісторыі, спрадвечных беларускіх каштоўнасцей, нацыянальных культурных традыцый. Не менш важны аспект прафарыентацыя. У нас дзейнічаюць чатыры педагагічныя, восем аграрных, два ваенна-патрыятычныя і адзін спартыўна-педагагічны класы. У планах — адкрыццё інжынернага класа, бо профілі спрыя­юць прафесійнаму самавызначэнню дзяцей. Арыентуем мо­ладзь і на навучанне па мэтавых дагаворах, асабліва папулярызуем педагагічныя спецыяльнасці. І ў гэтай рабоце ёсць зрухі: сярод чатырнаццаці маладых спецыялістаў, якія прыйшлі сёлета ва ўстановы адукацыі, васьмёра — ураджэнцы раёна.

Галоўным дасягненнем сістэмы адукацыі раёна лічу тое, што нашы выпускнікі выходзяць са школы цалкам гатовыя да дарослага жыцця. Яны знаходзяць сваё месца ў грамадстве, ствараюць сем’і, працуюць на карысць роднай краіны. Прытрымліваюся меркавання, што менавіта ў гэтым заключаецца асноўная мэта ўстаноў адукацыі — даць якасныя веды, выхаваць і паспрыяць жыццеўладкаванню дзіцяці.

З такімі думкамі рыхтуюся да ўдзелу ва Усебеларускім народным сходзе. Выбранне ў склад дэлегатаў ад Магілёўскай вобласці стала прыемнай нечаканасцю. Цяпер у мяне важная місія: размаўляю з педагогамі, цікаўлюся, што іх турбуе, якія пытанні трэба агучыць. Упэўнена, грамадскія прапановы абавязкова пачуюць, а прынятыя рашэнні будуць скіраваны на забеспячэнне стабільнасці і рос­квіту Беларусі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ