Уладзімір Лебедзеў: «Якой будзе будучыня нашай Беларусі, залежыць толькі ад нас»

- 13:49Моя гражданская позиция

“Мая грамадзянская пазіцыя нязменная: мой выбар — моцная і квітнеючая Беларусь”, адзначыў у размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” начальнік аддзела па адукацыі Горацкага райвыканкама Уладзімір Лебедзеў.

— У педагогіку я ў свой час прыйшоў дзякуючы прыкладу настаўнікаў. Іх энтузіязм і захопленасць выкладаннем істотна паўплывалі на мой выбар прафесійнага шляху. Калі сам стаў працаваць у школе, працягнуў прытрымлівацца выбраных арыенціраў. Стараўся быць для вучняў чалавекам, які натхняе, на якога б хацелася раўняцца, за якім бы хацелася ісці. Упэўнены, што менавіта ў гэтым і заключаецца галоўная місія любога педагога.

Цяпер, узначальваючы сістэму адукацыі раёна, матывую на такі падыход да работы горацкае настаўніцтва. Дзяржавай многае робіцца для належнай арганізацыі адукацыйнага працэсу. Ажыццяўляецца будаўніцт­ва і рэканструкцыя навучальных устаноў, удасканальваюцца падручнікі, ука­раняюцца сучасныя методыкі і тэхналогіі. У тэхнічным плане ўстановы забяспечаны ўсім неабходным. Аднак, калі гаварыць пра якасць
адукацыі, то ключавой фігурай быў, ёсць і застаецца педагог. Ад настаўніка шмат у чым залежыць тое, якімі вырастуць нашы дзеці. Радуе, што горацкая педагагічная грамадскасць гэта ўсведамляе. Нашы настаўнікі добрасумленна ставяцца да сваёй справы, актыўна займаюцца самаразвіццём. Як вынік — навучэнцы дэманструюць высокі ўзровень ведаў, паспяхова ўдзельнічаюць у алімпіядным руху, спартыўных спаборніцтвах, інтэлектуальных і творчых конкурсах.

Важна, што, акрамя навучання, павышаную ўвагу педагогі ўдзяляюць выхаванню падрастаючага пакалення. Ва ўстановах адукацыі вя­дзецца дзей­насць па фарміраванні ў дзяцей грамадзянска-патрыятычных якасцей, прывіцці ім любові да Радзімы, павагі да традыцый і каштоўнас­цей беларускага народа. У гэтым напрамку настаўнікі таксама з’яўляюцца для дзяцей узорам для пераймання. Але не забываем і пра ўзаемадзеянне з бацькамі вучняў, бо выгадаваць патрыётаў магчыма толькі ў тандэме сям’і і школы.

Плённую працу педагогаў раёна імкнёмся заахвоч­ваць як маральна, так і матэрыяльна. Узнагароджваем настаўнікаў граматамі і падзякамі, у калектыўных дагаворах прадугледзелі дадатковыя значныя прыбаўкі да заработнай платы. Дасягненні ніколі не застаюцца незаўважанымі, таму педагагічныя работнікі заўсёды гатовы праявіць неабыякавасць і ініцыятыў­насць. На­ву­чальныя ўстановы ак­тыўна ўдзельнічалі ў правядзенні выбарчай кампаніі. Усяго ў гэтай рабоце было задзейнічана звыш 160 педагогаў, на базе школ размясціліся восем участкаў для галасавання. Настаўнікі мэтанакіравана праводзілі асветніцкую работу з насельніцтвам, тлумачылі, што ў адзіны дзень галасавання свой грамадзянскі абавязак павінен выканаць кожны.

Якой будзе будучыня нашай Беларусі, зале­жыць толькі ад нас. Улічваючы выклікі сучаснасці, нам трэба дэманстраваць народнае адзінства. Мая грамадзянская пазіцыя нязменная: мой выбар — моцная і квітнеючая Беларусь.

Фота Ганны СІНЬКЕВІЧ