Дырэктар гімназіі № 1 Ашмян Вольга Саванец лічыць, што бацькі і педагогі ўласным прыкладам павінны выхоўваць юных патрыётаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Немалаважная і асоба кіраўніка ўстановы адукацыі. Будучы дэпутатам Ашмянскага раённага Савета дэпутатаў, намеснікам старшыні раённай арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, з’яўляюся членам аднайменнай з ім палітычнай партыі і членам грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”. У нашай гімназіі дзейнічаюць тры пярвічкі: прафсаюзная і названых грамадскіх аб’яднанняў. Аб рабоце арганізацый расказваем вучням. Навучэнцы нашай гімназіі з’яўляюцца членамі БРПА, БРСМ, аб’яднання малодшых школьнікаў “Акцябраты”.
Нашы дзеці пры падтрымцы педагогаў прымаюць актыўны ўдзел у грамадска карысных справах, аказваюць дапамогу адзінокім і састарэлым людзям, праводзяць дабрачынныя акцыі для дзяцей і дарослых з абмежаванымі магчымасцямі. Больш за 240 гімназістаў сёння з’яўляюцца членамі цімураўскага руху. Акрамя таго, у гэтым навучальным годзе 14 навучэнцаў гімназіі наведваюць аб’яднанне па інтарэсах “Валанцёрскі менеджмент” і ўжо рэалізавалі праект “Бабулі і ўнукі”, які шырока асвятляўся на старонках раённай газеты і ў сацыяльных сетках гімназіі.
Удзел у акцыях “Беларусь памятае”, “Сімвал памяці”, дэкадзе грамадзянска-патрыятычных спраў “Афганістан у лёсах нашых землякоў” дазваляе выхоўваць не толькі паважлівыя адносіны да мінулага Беларусі, традыцый і звычаяў нашага народа, але і гордасць за дасягненні Радзімы, жаданне ўнесці свой уклад у будучыню краіны.
Важным момантам у выхаванні патрыятызму з’яўляецца рэалізацыя праекта “ШАГ”. Асаблівую ўвагу ўдзяляем экскурсіям па родным краі. За апошнія тры гады нашы вучні наведалі больш за 100 аб’ектаў, у тым ліку Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і мемарыяльны комплекс “Хатынь”. Многія бацькі таксама ўдзельнічаюць у такіх экскурсіях.
Цікавасці да пазнання гісторыі і культуры малой радзімы ў многім садзейнічаюць створаныя ў гімназіі адукацыйнае асяроддзе і музей “Вехі гісторыі”, дзе праходзяць урокі мужнасці, сустрэчы з ветэранамі, школьныя краязнаўчыя канферэнцыі.
Вялікую ўвагу ўдзяляем выкарыстанню выхаваўчага патэнцыялу вучэбных прадметаў. Гераічныя прыклады гісторыі — трывалая аснова патрыятычнага выхавання навучэнцаў. Яны становяцца асновай эмацыянальнага ўспрымання і асэнсавання мінулага і сучаснасці Беларусі.
Новы час патрабуе ад школы прымянення сучасных форм і метадаў грамадзянска-патрыятычнага выхавання. Тое, што мы ўкладзём у нашых дзяцей сёння, заўтра дасць адпаведныя вынікі. Выхаваем патрыётаў — можам быць упэўнены ў будучыні.
Фота Кацярыны МАЦЕВІЧ