Якія праекты рэалізуюць у дзіцячым садзе № 27 Баранавіч для выхаванцаў і іх бацькоў

- 9:00Главная, Знак качества, Образование

Дзіцячы сад № 27 Баранавіч пад кіраўніцтвам Святланы Акулюшынай два гады запар прызнаваўся лепшай установай дашкольнай адукацыі і адзначаўся дыпломамі І ступені ўпраўлення па адукацыі гарвыканкама, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Установа мае статус “Зялёная школа”, удзельнічае ў адукацыйным праекце ПВТ “Інфарматыка без разеткі”, з’яў­ляецца апорнай па правядзенні практычных і лабараторных заняткаў для слухачоў курсаў павышэння кваліфікацыі і студэнтаў Баранавіцкага дзяржуніверсітэта. Для самых маленькіх і іх бацькоў тут працуюць адапта­цыйная пляцоўка і мацярынс­кая школа.

— Сёння практычна ў кожным дзіцячым садзе функцыянуе адаптацыйная пляцоўка, — адзначае загадчыца ўстановы Святлана Акулюшына. — У нас такая паслуга з’явілася ў 2008 годзе, мы былі першымі ў горадзе, хто вырашыў дапамагчы бацькам і дзецям у праходжанні гэтага складанага і самага “крыклівага” этапу прывыкання да ўмоў дзіцячага сада. Пляцоўка працуе на працягу двух тыдняў да паступлення малога ў сад па тры гадзіны кожны дзень. Праз яе праходзяць 70% нашых выхаванцаў. З імі займаецца выхавальнік. У першыя два дні разам з малышамі ў групе знаходзяцца іх бацькі. А далей — спачатку на 20 мінут, а потым на некалькі гадзін — бацькі пакідаюць групу.

Поспех адаптацыі ў большай ступені залежыць ад правільных паводзін мам і татаў. Для іх псіхолаг праводзіць кансультацыі, трэнінгавыя заняткі, вучыць, як правільна прыводзіць і забіраць дзіця з сада. Бывае, што ў гэты момант яно плача, і бацькі пачынаюць праяў­ляць жаль, ледзь не плачуць разам з ім, пытаюцца, хто яго пакрыў­дзіў. І такой рэакцыяй яны наносяць шкоду. Убачыўшы слёзы ў вачах блізкага чала­века, дзіця будзе перажы­ваць удвая: і за сябе, і за яго. Даросламу варта падбадзёр­ваць і хваліць малога за самастойнасць, гаварыць, што ён малайчына, бо дачакаўся маму, а пакуль ён быў у садку, мама паспела зрабіць шмат спраў.

— Дзіцячыя слёзы трэба перажыць, перачакаць, — працягвае намеснік загадчыка Марына Пугачова. — У гэты адказны пе­рыяд нашы спецыялісты шукаюць падыход да кожнай сям’і. Штогод у маі праводзіцца бацькоўскі сход, дзе мы расказваем пра тое, як правільна падрыхтаваць дзіця да да­школьнай установы. Бацькі, якія настроены на паспяховую адаптацыю, самі прыклада­юць максімум намаганняў, прывучаюць малога да самастойнасці: есці лыжкай, хадзіць на гаршчок і г.д.

У 2020 годзе ва ўстанове пачала функцыянаваць мацярынская школа. Тут заняткі праводзяцца на працягу навучальнага года адзін раз на тыдзень для дзяцей, якім 2—3 гады. У адрозненне ад адаптацыйнай пляцоўкі, на занятках мацярынскай школы дзеці знаходзяцца разам з бацькамі, якія дапамагаюць ім выконваць заданні педагога. Для іх ладзяцца музычныя заняткі, пальчыкавыя і рухавыя гульні, гульні з пяском і вадой і настольны тэатр.

У дзіцячым садзе № 27 Баранавіч функцыянуюць 12 груп, якія наведваюць 237 дзяцей, у тым ліку тры групы з 12-гадзінным рэжымам знаходжання. З выхаванцамі працуюць 26 педагогаў. Тут доб­рая матэрыяльная база, шмат цацак і гульняў, у тым ліку дыдактычных, якія педагогі ствараюць самі. У рабоце з выхаванцамі выкарыстоўваецца інтэрактыўная дошка. Малыя наведваюць дадатковыя гуртковыя заняткі. Іх назвы гавораць самі за сябе: “Акварэлька”, “Вясёлая азбука”, “Чытайка”, “Любазнайка”, “Юны матэматык”, “Майстэрня тэхнічнага канструявання”. Педагогі назапасілі эфектыўны вопыт па фарміраванні творчых здольнасцей дзяцей, па развіцці іх пазнавальнай актыўнасці, прымяненні нагляднага мадэлявання і мнематэхнікі ў карэкцыйнай рабоце, па ўзаемадзеянні да­школьнай установы з сям’ёй і г.д.

Калі прагуляцца па ўстанове, можна заўважыць, што ў кожнай групе ёсць цэнтр па фарміраванні асноў грамадзянска-патрыятычнай культуры. Аформлены стэнды па азнаямленні дзяцей са славутасцямі краіны, а таксама прысвечаныя генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. На тэрыторыі ўстановы ценявыя навесы ўпрыгожаны мураламі патрыятычнай накіраванасці з прыроднымі сімваламі краіны і іх назвамі на беларускай мове, а таксама з выявамі жывёл і раслін Чырвонай кнігі, славутасцей Баранавіч. Іх выканала таленавітая выхавальніца Аляксандра Мартынава. У дзіцячым садзе арганізуюцца выставы сямейнай творчасці, аформлены лепшы вопыт сямейнага выхавання. Бацькі дашкольнікаў далучаюцца да адукацыйных праектаў “Мой радавод”, “Нашы сямейныя традыцыі”, “Ніхто не забыты, нішто не забыта”. А з 2023 года яны дапамага­юць у ажыццяўленні праекта “Зялёныя школы” (установе прысвоены адпаведны статус), прымаюць удзел у экалагічных акцыях. Дарэчы, установа лідзіруе ў горадзе па зборы макулатуры. Асаблівую цікавасць бацькоў выклікаў праект “Як мы эканомім ваду дома”.

— З выхаванцамі ў гульнявой форме мы вывучаем птушак, якія насяляюць тэрыторыю дзіцячага сада, дрэвы, якія тут рас­туць, гуляем па нашай экалагічнай сцежцы, назіраем за змяненнямі ў прыродзе. А на занятках з дапамогай настольных гульняў замацоўваем веды, — расказала выхавальніца Ала Яшчук.

Фарміраванне асноў бяспекі жыцця­дзейнасці — у ліку першачарговых задач. З карыснай інфармацыяй можна азнаёміцца не толькі на асобным стэндзе, але і ў кутках бяспекі кожнай групы, у спецыяльна абсталяваным пакоі бяс­пекі, дзе адлюстраваны асноўныя тэмы (правілы бяспечных паводзін на вуліцы, чыгунцы, вадаёме, у заапарку, дома і г.д.). Мы назіралі за сюжэтна-ролевай гульнёй “Ідзём у школу”, якую з выхаванцамі правяла Аляксандра Мартынава. Дзеці выконвалі ролі вадзіцеляў, пасажыраў і пешаходаў. А з выхаванцамі 3—4 гадоў выхавальніца Вольга Ляднёва “тушыла пажар” — гэтая гульня ў большай ступені накіравана на прафарыентацыю. У залежнасці ад тэмы тыдня малыя вывучаюць розныя прафесіі: гуляюць у бальніцу, кафэ, выступаюць у ролі міліцыянераў, леснікоў і г.д. Баранавічы — ваенны гарадок, ва ўстанове займаюцца дзеці вайскоўцаў, таму для старэйшых дашкольнікаў арганізоўваецца наведванне алеі авіятараў і музея Героя Беларусі У.Карвата на базе 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы.

Асаблівая ўвага — падрыхтоўцы малых да школы. Педагог-псіхолаг Ганна Ляўчук працуе індывідуальна з кожным, праводзіць дыягностыку. Ёй дапамагаюць выхавальнікі і настаўнік-дэфектолаг Алена Федасеева. Бывае так, што бацькі хочуць адправіць у школу пяцігадовага сына ці дачку, а вынікі дыягностыкі гавораць аб тым, што малы яшчэ не гатовы.

— Для таго каб дзіця было паспяховым у школе, у яго павінна быць не толькі пэўная база ведаў, але і псіхалагічная сталасць, — адзначае Ганна Аляксандраўна. — Вялікую ўвагу мы ўдзяляем матывацыі да вучобы, якая павінна быць не знешняй (мама сказала), а ўнутранай, калі ёсць жаданне вучыцца для таго, каб стаць паспяховым чалавекам. Звяртаем увагу на развіццё памяці, мыслення, маўлення.

— Што тычыцца маўлення, то мы абмяркоўваем гэтае пытанне з бацькамі, калі іх дзіцяці спаўняецца тры гады, — гаво­рыць Алена Канстанцінаўна. — Пры нязначных парушэннях праводзіцца работа на пункце карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. Калі ў выхаванца больш складаная сітуацыя, рэкамендуем перайсці ва ўстанову, дзе функцыянуюць маўленчыя групы.

Карэкцыйная работа з дзецьмі право­дзіцца два разы ў тыдзень індывідуальна або ў падгрупе. Спачатку ў малыша трэба выклікаць (паставіць) правільны гук. У сувязі з асаблівасцямі развіцця органаў арты­куляцыі атрымліваецца гэта не адразу. Калі гук пастаўлены, трэба навучыцца вымаў­ляць яго спачатку ў складах, потым у словах, слова­злучэннях, сказах, вершах і паступова аўтаматызаваць, увесці ў маўленне.

З 2012 года дзіцячы сад № 27 Баранавіч цесна супрацоўнічае з БарДУ па падрыхтоўцы педагагічных кадраў. Студэнты праходзяць тут практыку і пераймаюць вопыт, некаторыя пасля застаюцца працаваць. На базе ўстановы штогод праводзяцца канферэнцыі, семінары і майстар-­класы для педагогаў і спецыялістаў дашкольнай адукацыі горада.

Яшчэ будучы студэнткай БарДУ, выхавальніцай у дзіцячы сад уладкавалася Анжа­ліка Адуева — спачатку на 0,5 стаўкі, каб сумяшчаць работу з вучобай. Паспрабавала — спадабалася. І пасля заканчэння ўніверсітэта ўжо як малады спецыяліст дзяўчына прыйшла ў знаёмы для сябе калектыў. Анжаліка Фёдараўна вядзе заняткі ў ясельнай групе. Самымі строгімі сваімі суддзямі лічыць бацькоў малых, якія імкнуцца даваць парады маладому, неспрактыкаванаму педагогу. Затое з дзеткамі ў дзяўчыны поўнае паразуменне.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара