Чым сёння жыве сістэма адукацыі Камянеччыны, расказала Жанна Аўдзей

- 13:15Планерка

Чым сёння жыве сістэма адукацыі Камянеччыны, карэспандэнту  “Настаўніцкай газеты” расказала начальнік раённага аддзела па адукацыі Жанна Аўдзей.

— У рэгіёне працуюць 45 устаноў адукацыі, у тым ліку гімназія, 20 школ і 19 дзіцячых садоў, якія наведваюць амаль 4 тысячы вучняў і каля 1,1 тысячы малышоў. Для тых, хто мае патрэбу, арганізаваны падвоз.

За апошнія 3 гады школьны аўтапарк папоўнілі 13 адзінак транспарту, з якога 6 набыты за кошт сродкаў мясцовага бюджэту. Летась раённы ЦКРНіР атрымаў спецтранспарт. Тэрмін эксплуатацыі школьных аўтобусаў не перавышае 10 гадоў.

У адукацыйным працэсе за­дзейнічаны 775 педагогаў. Сярод іх — 15 маладых спецыялістаў, якія прыехалі ў бягучым навучальным годзе. На жаль, іх зама­цавальнасць складае ўсяго 56%, але прымаюцца меры па паляп­шэнні сітуацыі.

Ва ўстановах адукацыі дзейнічаюць класы педагагічнай, аграрнай, інжынернай і ваенна-патрыятычнай накіраванасці. У рамках працоўнага навучання старшакласнікі паспяхова асвойваюць адукацыйныя праграмы прафесійнай падрыхтоўкі рабочых.

З бягучага навучальнага года для фарміравання лагічнага і алгарытмічнага мыслення дзяцей, выхавання іх інфармацыйнай культуры, пазнавальных, ін­тэлектуальных і творчых здольнас­цей праз праектную дзей­насць працуюць міжшкольны гурток па вывучэнні асноў робататэхнікі на базе STEM-цэнтра Высокаўскай сярэдняй школы імя М.М.Рудэнкі, а таксама клас робататэхнікі і праграмавання ў сярэдняй школе № 2 імя А.І.Самуйліка Камянца.

Важную ролю ў ваенна-пат­рыятычным выхаванні і праф­арыентацыі старшакласнікаў адыгрываюць міжшкольныя цэнтры дапрызыўнай падрыхтоўкі, створаныя ў сярэдняй школе № 1 імя Л.С.Паеўскага Камянца і Раснянскай сярэдняй школе. Вялікія надзеі ўскладаем на ваенна-патрыя­тычны клуб міліцэйскай накіраванасці “Вежа”, адкрыты сёлета ў сярэдняй школе № 2 імя А.І.Самуйліка Камянца.

Установы адукацыі рэгіёна не стаяць у баку ад эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці. Так, у гімназіі і сярэдняй школе № 1 імя Л.С.Паеўскага Камянца рэалізуецца інавацыйны праект па ўкараненні рэгіянальнай сеткавай мадэлі фарміравання грамадзянска-патрыятычнай пазіцыі вучняў, у Белавежскай сярэдняй школе — эксперыментальны праект па апрабацыі мадэлей кіравання якасцю адукацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, а ў сярэдняй школе № 2 імя А.І.Самуйліка — эксперыментальны праект па апрабацыі мадэлі стварэння дружалюбнага і падтрымліваючага асяроддзя.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца рабоце з адоранымі вучнямі. Даволі вынікова ў гэтым кірунку працуе настаўнік матэматыкі і інфарматыкі Аляксандр Ляшкевіч з Высокаўскай сярэдняй школы імя М.М.Рудэнкі, выхаванцы якога неаднаразова станавіліся пераможцамі абласнога і заключнага этапаў рэспубліканскага конкурсу даследчых работ вучняў, рэспубліканскага конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі “ТэхнаІнтэлект”, рэспубліканскага конкурсу па прафесійнай падрыхтоўцы вучняў Hi Tech і рэспуб­ліканскага конкурсу тэхнічнай творчасці і робататэхнікі навучэнскай моладзі TechSkills.

Пад кіраўніцтвам педагога, пра якога ўжо пісала “Настаўніцкая газета”, вучні займаюцца праграмаваннем і робататэхнікай, актыўна і вынікова ўдзельніча­юць у адпаведных конкурсах, турнірах і спаборніцтвах, у тым ліку міжнароднага ўзроўню. Так, летась Паліна Ляшкевіч перамагла ў абласным этапе рэспубліканс­кага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”, а Іван і Максім Гаданюкі сталі стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Двойчы яго стыпендыятам станавіўся і Аляксандр Ляшкевіч.

Шмат узнагарод прынеслі ў скарбонку дасягненняў Камянеч­чыны і выхаванцы настаўніцы матэматыкі Ірыны Горнік з Высокаўскай сярэдняй школы імя М.М.Рудэнкі, якія паспяхова ўдзельнічаюць у алімпіядным руху, конкурсах і навукова-практычных канферэнцыях даследчых работ.

Заслугоўваюць увагі таксама вопыт і дасягненні высокаўскай настаўніцы біялогіі Ларысы Панеўскай, чые выхаванцы паказваюць добрыя вынікі ў алімпіядным руху і не толькі.

Сістэмна і мэтанакіравана паляпшаецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі. Так, у 2022 годзе праведзены капітальны рамонт з элементамі рэканструкцыі і мадэрнізацыі харчаблока будынка пачатковых класаў сярэдняй школы № 2 імя А.І.Самуйліка Камянца, а таксама рамонт стадыёна, летась выкананы работы па бягучым рамонце Воўчынскай сярэдняй школы, а сёлета ажыццёўлены капітальны рамонт з мадэрнізацыяй Камянюцкай сярэдняй школы і бягучы рамонт сярэдняй школы № 2 імя А.І.Самуйліка Камянца. На наступны год запланаваны бягучы рамонт памяшканняў і капітальны рамонт з элементамі рэканструкцыі і мадэрнізацыі харчаблока будынка дзіцячага сада № 2 Камянца, капітальны рамонт сярэдняй школы № 1 імя Л.С.Паеўскага, бягучы рамонт Дзмітравіцкай сярэдняй школы, а таксама рамонт асфальтавага пакрыцця ў шэрагу школ і дзіцячых садоў. Ва ўстановах адукацыі плануецца таксама замяніць 12 камп’ютарных класаў.

У прыярытэце — забеспя­чэнне якасці адукацыі на ўсіх узроў­нях, работа з адоранымі і высокаматываванымі вучнямі, павышэнне даступнасці і варыятыўнасці адукацыі з улікам адукацыйных патрэб дзяцей, арганізацыя бяспечных і здароўезберагальных умоў ва ўстановах, стварэнне сучаснага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя і сістэмы практыка-арыентаванага навучання для паспяховай сацыялізацыі выпускнікоў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ