Як вучню пераўзысці педагога, ведае настаўніца геаграфіі Алена Ляўчук з Пружан

- 9:00Главная, Знак качества, Образование

Каля 20 гадоў настаўніца геаграфіі Алена Ляўчук з сярэдняй школы № 5 Пружан рыхтуе алімпіяднікаў па сваім прадмеце, якія паспяхова выступаюць не толькі на рэспубліканскім, але і на міжнародным узроўні. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

А прывялі Алену Міхайлаўну ў прафесію любімыя педагогі, у кожнага з якіх яна чамусьці вучылася і на якіх раўнялася. Сярод іх — родная цётка Соф’я Саўчук, былая настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 1 Пружан. Ра­зам з ёй дзяўчынка з 6 класа збірала лекавыя расліны і заўсёды здзіўлялася, як яна запамінае шматлікія зёлкі і цікава расказвае пра любую з іх. А вось тагачасная настаўніца рускай мовы і літаратуры На­дзея Казлоўская з сярэдняй школы № 3 Пружан бачыла ў здольнай вучаніцы, актыўнай удзель­ніцы розных літаратурных конкурсаў вялікі патэнцыял, каб стаць педагогам-філолагам.

Але пасля заканчэння школы Алена Ляўчук выбрала факультэт прыродазнаўства БрДУ імя А.С.Пушкіна, дзе сустрэла не толькі выдатных выкладчыкаў Міхаіла Амельянчука і Яўгена Мяшэчку, якія невылечна захапілі геа­графіяй, але і будучага мужа, з якім вярнулася на малую радзіму і амаль 30 гадоў працавала ў сярэдняй школе № 5 Пружан.

Да гэтага часу ў ёй з любоўю і павагай успамінаюць Юрыя Леўчука, называючы географам з вялікай літары і Глобусам. Таленавіты педагог, якога не стала ­некалькі гадоў назад, нібыта гэты невялікі шар, змяшчаў у сабе ўсю планету і з’яўляўся высокаэрудзіраваным носьбітам ведаў не толькі пра Зямлю. Выхаванцы Юрыя Уладзіміравіча неаднара­зова заваёўвалі дыпломы Рэспуб­ліканскай алімпіяды па геаграфіі і двойчы станавіліся стыпендыя­тамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Сёння справу мужа працягвае Алена Міхайлаўна.

— Алімпіядным рухам зацікавіліся каля 20 гадоў назад, — гаворыць педагог. — Гэта запатрабавала дадатковых ведаў і самаадукацыі. Вялікую ролю ў прафесійным станаўленні і развіцці адыграў удзел у абласной творчай групе настаўнікаў геаграфіі пад кіраўніцтвам тагачаснага метадыста Брэсцкага абласнога ІРА Святланы Быстровай. Дзякуючы калегам, асвойвалі новыя тэхналогіі і цікавыя методыкі.

У рабоце з алімпіяднікамі Юрый і Алена Ляўчук утварылі эфектыўны тандэм, дапаўняючы адно аднаго: ён захапляўся эканамічнай геаграфіяй, а яна — фізічнай. Разам шукалі адораных дзяцей з 6 класа і абавязкова падбіралі ім таварышаў для матывуючай канкурэнцыі. На рахунку выхаванцаў таленавітых педагогаў 25 абласных і 6 рэспубліканскіх дыпломаў.

— Алімпіядная падрыхтоўка прадугледжвае рознабаковае развіццё школьнікаў і ўключае іх ­удзел не толькі ў вучэбна-даследчай дзейнасці, але і ў інтэлектуальных спаборніцтвах, — расказвае Алена Міхайлаўна. — Так, вучні абгрунтавалі эканамічную эфектыўнасць абхадной дарогі ў нацыянальным парку “Белавежская пушча”, аналізавалі змяненні складу вады ў рацэ Мухавец ад яе вытоку да вусця, даследавалі размяшчэнне патэнцыяльна небяспечных для здароўя крыніц пітной вады (калодзежаў) у заходняй частцы Пружанскага ра­ёна на прадмет забруджвання нітратамі. На аснове даследчых работ была складзена інтэрактыўная карта Пружаншчыны, якая змяшчала інфармацыю пра дэмаграфічныя, геа­графічныя, гісторыка-культурныя і іншыя асаблівасці рэгіёна.

У свой час у школе дзейнічаў інтэлектуальны клуб “Бліцкрыг”, створаны Юрыем Леўчуком. У ім займаліся дзеці рознага ўзросту. Клубаўцы актыўна ўдзельнічалі і перамагалі ў абласным туры гульні “Што? Дзе? Калі?”. Алена Міхайлаўна падбірала заданні і складала пытанні для юных эрудытаў.

— Удзел у інтэлектуальных гульнях вельмі важны для алімпіяднікаў, бо развівае кемлі­васць і хуткасць мыслення, а таксама фарміруе стрэсаўстойлівасць, — заўважае Алена Ляўчук і дадае: — Матываваных дзяцей відаць здалёк. Яны або вельмі спакойныя і разважлівыя, або гіперактыўныя. Муж вызначаў такіх вучняў па почырку (неакуратным і амаль нечытэльным), бо іх рука не паспявае занатоўваць ход думак.

Паводле назіранняў педагога, алімпіяднік — гэта не абавязкова выдатнік. Галоўнае — знайсці правільны падыход, дзякуючы якому можна і з сераднячка зрабіць паспяховага алімпіядніка. І гэта Алене Ляўчук удаецца: у кожным яе класе па 2—3 такія вучні. З імі настаўніца займаецца па суботах на базе школьнага рэсурснага цэнтра па геаграфіі. Працуе з задавальненнем і вынікова, але заўважае, што 80% поспеху яе выхаванцаў — гэта іх праца.

Азіраючыся на пройдзены шлях, Алена Міхайлаўна ні разу не пашкадавала аб зробленым прафесійным выбары. Дзеці натхня­юць педагога, трымаюць у тонусе і падштурхоўваюць да пастаяннага самаразвіцця.

— Задача настаўніка — каб вучні пераўзышлі яго, — лічыць Алена Ляўчук. — Радуе, што кожны год хтосьці з выпускнікоў школы паступае на профільныя спецыяльнасці ва ўніверсітэт, а затым працуе па іх, як, напрыклад, сённяшняя выкладчыца эканамічнай геаграфіі Ульяна Кот з БДУ.

Пра кожнага свайго выхаванца педагог гаворыць з любоўю і цеплынёй. Сярод іх — выпускнік школы, пераможца сёлетніх міжнародных алімпіяд у Сербіі і Кітаі, а цяпер студэнт факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ Станіслаў Брадніцкі. Працаваць з ім пачынаў яшчэ Юрый Ляўчук, пасля здольнага вучня ўзяла пад сваё крыло Алена Міхайлаўна.

— Станіслаў пачынаў з перамог на раённых і абласных алімпіядах, дайшоўшы ўрэшце і да рэспубліканскіх, — дзеліцца педагог. — Стас, нібыта губка, якая літаральна ўбірала ўсе веды. Ён мог адшукаць памылкі нават у алімпіядных заданнях, тэматычна блізкіх да ўніверсітэцкай праграмы. Важна, што яго заўсёды падтрымлівалі бацькі, а сам ён ніколі не ленаваўся. У 7 класе сказала яму: “Калі вывучыш настаўніцкі геа­графічны атлас літаральна на памяць, то на рэспубліцы будзеш у ліку лепшых”. Стас добра запомніў гэта і ўзяў атлас сабе, а вярнуў толькі пасля заканчэння школы, заваяваўшы “серабро” ў Сербіі і “бронзу” з “золатам” у Кітаі. Для ўдзе­лу ў міжнародных спаборніц­твах юнаку давялося спецыяльна вывучыць англійскую мову, бо ў школе ён вывучаў французскую. На дасягнутым Стас не спыняецца. Яго мэта — скончыць універсітэт з чырвоным дыпломам і стаць навукоўцам-геолагам.

— Маім жыццёвым компасам стала геаграфія, а працуе ён не без дапамогі любімых педагогаў-прафесіяналаў, родных і сяброў, — прызнаецца юнак.

Алена Міхайлаўна ганарыцца не толькі таленавітымі вучнямі. Намаганнямі педагога амаль 30 гадоў назад быў створаны арыгінальны школьны ракарый. Пазней такія ракарыі пачалі з’яўляцца і ў го­радзе.

Педагог збірае лекавыя расліны, з якіх фарміруе фітачаі, і захапляецца керамікай. У свой час Алена Ляўчук разам са стрыечнай сястрой Наталляй Грыцко стварыла ў Пружанах гліняную майстэрню за кошт сродкаў міжнароднага праекта па адраджэнні чорна-глянцавай керамікі на Пружаншчыне. Гэтая майстэрня, перададзеная раённаму аддзелу культуры, паспяхова працуе і сёння.

А вось у рамках другога міжнароднага праекта па развіцці турызму і экалогіі “Падляшскі шлях белага бусла” педагогу ўдалося пракласці веламаршрут з Польшчы праз Белавежскую пушчу ў Пружанскі раён. На рахунку Алены Ляўчук і праект, рэалізаваны ра­зам з раённым аддзелам ідэалагічнай работы і па справах мола­дзі. Усе гэтыя праекты накіраваны на развіццё турыстычнага патэнцыялу рэгіёна.

***

Міхаіл Варанко, дырэктар сярэдняй школы № 5 Пружан:

— Нашы педагогі добра разумеюць, што якасная адукацыя — гэта пропуск у будучыню, таму робяць усё магчымае, каб навучыць і выхаваць дас­тойных грамадзян. Для гэтага ва ўстанове створаны належныя кадравыя і матэрыяльна-тэхнічныя ўмовы. Так, за апошнія гады мадэрнізаваны кабінеты біялогіі, хіміі, працоўнага навучання і фізікі.

Паспяхова вырашаць пастаўленыя задачы даз­валяе высокі кадравы патэнцыял. Педагогі і вучні актыўна і вынікова ўдзельнічаюць у конкурсах творчых работ, інтэлектуальных турнірах, алімпіядах і экалагічных мерапрыемствах. Вопыт нас­­таўнікаў рэгулярна прэзентуецца на старонках “Настаўніцкай газеты” і прадметных часопісаў.

Радуюць вынікі выпускнікоў на ЦЭ і ЦТ. Так, сёлета ЦЭ па рускай і беларускай мовах, матэматыцы на высокім узроўні здалі больш за 60% вучняў. Гордасць школы — стабальнікі ЦТ і ЦЭ, падрыхтаваныя настаўніцай матэматыкі Аленай Саўчук і настаўніцай біялогіі Анжалікай Пекач, а таксама алімпіяднікі, якіх падрыхтавалі настаўніца хіміі Наталля Карпыза, настаўніца геаграфіі Алена Ляўчук, настаўніца абслуговай працы Ірына Субота і нас­таўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Казакевіч-Альшанец. На рахунку вучняў 26 і 4 дып­ломы, атрыманыя на раённым і абласным этапах мінулагодняй рэспубліканскай прадметнай алімпіяды адпаведна.

Для работы з адоранымі дзецьмі створаны рэсурсныя цэнтры па хіміі, геаграфіі, матэматыцы, замежных мовах і абслуговай працы, дзе працуюць настаўнікі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Наталля Карпыза, Алена Ляўчук, Наталля Рэчыц і Ірына Субота. Высокаматываваныя вучні паспяхова займаюцца ў навуковым таварыстве “Даследчык”. Ад 80 да 100% выпускнікоў профільных класаў паступаюць ва УВА па сваіх профілях. Важную ролю ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні школьнікаў адыгрывае дзейнасць ваенна-патрыя­тычнага клуба “Патрыёт” пад кіраўніцтвам Алега Дабрадзея. Усе яго выхаванцы паступаюць у вышэйшыя ваенныя ўстановы адукацыі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ