Фарміраванне грамадзянскай пазіцыі пачынаецца ў сям’і, пасля чалавек расце ў грамадстве, адзначыў у размове з карэспандэнтам «Настаўніцкай газеты» намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сонгін.
— Сябе лічу тым чалавекам, у якога рост, станаўленне і прафесійнае развіццё адбываліся ў той час, калі наша Беларусь стала незалежнай рэспублікай і ўзяла курс на эвалюцыйны шлях. Фундамент выхавання, грамадзянскіх і патрыятычных рыс характару быў закладзены ў савецкую эпоху, а ў далейшым яшчэ больш прырастаў і ўмацоўваўся. Мае бацькі заўжды вучылі працавітасці, паважліваму стаўленню да людзей, уменню наладжваць стасункі з імі, жыць у гармоніі са сваім сумленнем і адказваць за кожны свой учынак. Так, быць чалавекам — галоўная місія кожнага з нас.
Мне пашанцавала: на працягу ўсяго прафесійнага шляху сустракаліся Настаўнікі з вялікай літары, якія дапамагалі расці прафесійна, удасканальваць сваю педагагічную работу. А яна пачыналася з малога. Пасля заканчэння Лідскага педагагічнага вучылішча пачаў працаваць выхавальнікам у групе прадоўжанага дня Далекскай базавай школы на Лідчыне. Пасля службы ў арміі зноў вярнуўся ў Далекія. Каля шасці гадоў быў настаўнікам пачатковых класаў. А пасля заканчэння БДПУ па спецыяльнасці «Гісторыя» стаў выкладаць гэты прадмет у той жа школе. Кіраўніцкія рысы майго характару праявіліся, калі ўзначаліў Гудскую базавую школу, якая пасля стала Гудскім вучэбна-педагагічным комплексам «дзіцячы сад — базавая школа» Лідскага раёна.
Скажу шчыра, быць дырэктарам навучальнай установы — работа асаблівая, без перабольшання — занятасць, напружанасць, неспакой 24/7. Гэта накладвае адбітак на жыццёвы ўклад, патрабуе вялікай адказнасці за калектыў установы, за кожнага педагога і вучня.
Потым у маім паслужным спісе была пасада начальніка ўпраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама, а ў далейшым быў прызначаны начальнікам галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама. Дзякуючы самаадданасці сапраўдных прафесіяналаў Гродзенская вобласць займала лідзіруючыя пазіцыі ў сістэме адукацыі краіны. Будаваліся новыя аб’екты, праходзіла мадэрнізацыя вучэбнай базы, абнаўлялася метадычнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу. Камандны падыход заўсёды спрыяў аб’яднанню педагогаў для рэалізацыі новага праекта, мерапрыемства, інавацыйнай распрацоўкі. Камандная дзейнасць — гэта заўсёды рух наперад, стымул у рабоце, бо аб’ядноўвае людзей з рознымі падыходамі і магчымасцямі.
Калі мяне выбралі дэпутатам Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання, стаў працаваць у Пастаяннай камісіі па заканадаўстве. За гэты перыяд прынята шмат заканадаўчых актаў. Непасрэдна адказваў за падрыхтоўку і прыняцце законапраекта аб трацейскіх судах у Рэспубліцы Беларусь, а таксама змяненні ў закон аб канстытуцыйным судаводстве. У парламенце восьмага склікання працую ў Пастаннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы. За кароткі тэрмін парламентам разгледжаны праект Закона «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях адукацыі», за які адказвала камісія. Закон прыняты ў першым і другім чытаннях. У цэлым дакумент падрыхтаваны з улікам правапрымяняльнай практыкі ў мэтах удакладнення асобных норм Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.
Новаўвядзенні дазваляюць аператыўна рэгуляваць практычныя пытанні ў адукацыйнай галіне. Раскажу пра некаторыя з іх. Так, у прыватнасці, праект закона замацоўвае норму, у якой мясцовыя органы ўлады надзяляюцца паўнамоцтвамі арганізоўваць бясплатную перавозку навучэнцаў да месцаў правядзення адукацыйных, спартыўных, культурных і іншых мерапрыемстваў (цяпер прадугледжаны падвоз толькі ў сельскіх населеных пунктах да ўстаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі). Прадастаўляецца магчымасць асваення навучэнцамі 10—11-х класаў адукацыйнай праграмы падрыхтоўкі вадзіцеляў механічных транспартных сродкаў і самаходных машын. Ёсць новаўвядзенні, якія тычацца ўзаемадзеяння з заказчыкамі кадраў. У мэтах узмацнення іх адказнасці за мэтавую падрыхтоўку прадугледжваецца абавязак прадпрыемства або арганізацыі, якія з’яўляюцца заказчыкамі кадраў, кампенсаваць сродкі, затрачаныя дзяржавай на падрыхтоўку спецыяліста, у тым выпадку, калі скасаванне або невыкананне ўмоў дагавора аб мэтавай падрыхтоўцы будзе неабгрунтаваным. Днямі Прэзідэнт краіны падпісаў закон, дзе комплексна карэкціруецца Кодэкс аб адукацыі.
У рабоце над законапраектам быу заняты не толькі дэпутацкі корпус, але і педагагічная грамадскасць, што яшчэ раз пацвярджае камандны падыход у аснове нашай парламенцкай дзейнасці. Калі вызначаць ролю каманды стратэгічна, то каманда — гэта ўсё наша беларускае грамадства, і кожны з нас нясе высокую адказнасць за агульны дом — Рэспубліку Беларусь.
Ала КЛЮЙКО
Фота з сайта Палаты прадстаўнікоў і з архіва ГрАІРА