Для дашкалят з Арэхаўскага дзіцячага сада Клічаўскага раёна кожны паход у музейны пакой “Беларуская хатка” — сапраўдныя прыгоды з песнямі, гульнямі і пачастункамі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Каб любіць Беларусь сваю мілую
З беларускімі святамі, традыцыямі і побытам дзетак знаёміць педагог дашкольнай адукацыі Жанна Васькова. Усё жыццё яна захапляецца беларускім фальклорам.
— Ведаю шмат абрадаў, народных казак, песень. Дзеці на іх добра адгукаюцца! — расказвае Жанна Міхайлаўна. — Яны вельмі любяць прыходзіць у “Беларускую хатку”, дзе не проста гуляюць, а вывучаюць гісторыю роднага краю, вучацца любіць Беларусь. Так у іх закладваюцца асновы патрыятызму.
Загадчыца сада Наталля Рамнёнак стараецца, каб у будынку ўстановы, якую зараз наведваюць 28 дзетак, кожны куточак быў максімальна задзейнічаны і прыносіў карысць: ці то памяшканне для гульняў, заняткаў, ці то музейны пакой або міні-цэнтр бяспекі.
У найбліжэйшы час у садзе плануецца стварыць куток беларускай прыроды.
— Да свайго сада стаўлюся з вялікай пяшчотай, бо сама калісьці сюды хадзіла, — адзначае загадчыца. — Хочацца зрабіць яго яшчэ лепшым. Выдатна аформлены музейны пакой “Беларуская хатка” — наша асаблівая гордасць. Ставараць яго пачалі яшчэ ў 1999 годзе, і гэтая работа з тых часоў не спыняецца, экспазіцыя пастаянна папаўняецца дзякуючы педагогам, а таксама бацькам дзетак, якія прыносяць розныя рэчы.
— Дзеці, прыходзячы сюды, адчуваюць сябе як дома, — заўважае Жанна Васькова. — Дазваляю ім узяць прадметы ў рукі, разгледзець, пасядзець на ложку ці заглянуць у печ. Гэта іх вельмі прываблівае. Магчыма, на генетычным узроўні тут яны адчуваюць штосьці роднае, блізкае.
Журавінавы край
— На Клічаўшчыне добра захаваліся старажытныя традыцыі і абрады, — тлумачыць выхавальніца. — Масленіца, Каляды, Купалле, Дажынкі — усе святы дзеці добра ведаюць. Прыдумваем сцэнарыі з песнямі, танцамі, загадкамі. Хочаце, пакажу вам, як мы святкуем?
Жанна Міхайлаўна пачынае зваць дзяцей у хату. Малыя заходзяць і адразу становяцца ў карагод. Спачатку спяваюць, потым надыходзіць чарга любімага танца “Лявоніха”: святочны настрой дапамагае стварыць музычны кіраўнік Наталля Полаз. Пасля танцаў “гаспадыня” запрашае хлопчыкаў і дзяўчынак пагуляць у адукацыйныя гульні. Гэта квесты, загадкі пра гісторыю, геаграфію роднай краіны, Клічаўскага краю. Дзеці разам з выхавальніцай складваюць карту нашай рэспублікі. Трэба адзначыць, што малыя многае ведаюць: усе вобласці, асноўныя гарады Беларусі, дзяржаўныя сімвалы.
— І шмат чаго яшчэ ўмеюць! — дадае Жанна Міхайлаўна. — Яны могуць паставіць гаршчок у печ, расказаць, для чаго прызначаны тыя ці іншыя прылады з нашай экспазіцыі, якія далёка не кожны дарослы нават бачыў! Дзеці ведаюць, як гайдаць калыску, маюць уяўленне пра народныя рамёствы: ткацтва, пляценне з лазы і саломкі, вышыўку. Пасля заняткаў мы з дзецьмі п’ём чай з прысмакамі.
Сад вельмі ганарыцца ўнікальнай калекцыяй прадметаў сялянскага побыту.
— Людзі прыносяць іх да нас з вялікай ахвотай. Разважаюць так: чым дома будуць у куфары ляжаць, хай лепш іншыя на іх паглядзяць, — падкрэслівае педагог. — Гэтая люлька, напрыклад, належыць адной з нашых выхавальніц, якую бацькі ў маленстве калыхалі ў ёй! Больш за ўсё дзецям падабаецца стары прас — яны здзіўляюцца, які ён цяжкі. А апошнім да нас прыбыў вялікі самавар, які абавязкова стаяў у кожнай беларускай хаце і быў сімвалам сямейнага дабрабыту.
Музейны пакой “Беларуская хатка” Арэхаўскага дзіцячага сада адчыніў свае дзверы 25 гадоў назад. Увесь час яго багатая калекцыя папаўняецца.
У “Беларускай хатцы” “гаспадыня” заўсёды сустракае гасцей у прыгожай народнай сукенцы. Дзецям таксама пашылі беларускія касцюмы. Нядаўна ў садзе рыхтаваліся да Каляд. У святочныя дні ў госці да выхаванцаў прыходзяць Мядзведзь і Каза, дзеці дораць адно аднаму пачастункі, гавораць пажаданні, спяваюць калядныя песні. Цікавыя сцэнарыі да свят складае Наталля Полаз.
Захаваць спадчыну
Жанна Васькова ўпэўнена: захаваць традыцыі продкаў вельмі важна, бо сёння, на жаль, многія старыя абрады забываюцца. Знаёміць з імі дзяцей трэба з малодшага ўзросту.
— У вёсцы Віркаў, дзе я пачынала працаваць 40 гадоў назад, з дзецьмі аднавяскоўцаў я аднавіла старажытны дзіцячы калядны абрад “Куры”, — расказвае Жанна Міхайлаўна. — Дарэчы, яму быў прысвоены статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Дзяўчынкі з хлопчыкамі — “кураняты” — ходзяць па дварах з вялікімі торбамі і збіраюць пачастункі. Дзяўчынкі — абавязкова з вялікімі яркімі хусткамі. Калі пачастункі добрыя, то і пажаданні гаспадарам адпаведныя. Практыкуем і яшчэ адзін падобны абрад — “Цыганы”. Калі ёсць магчымасць, запрагаем коніка і едзем у іншыя сёлы.
Жанна Васькова адзначае: вельмі важна, каб у наш тэхналагічны век сучасныя дзеці станавіліся бліжэй да прыроды. А Наталля Рамнёнак дадае, што ў садзе плануюць стварыць адпаведны куток:
— Гэта важная частка патрыятычнага выхавання. Дзеткі павінны ганарыцца роднай прыродай, тым больш што ў нас яна такая багатая! Клічаўшчына славіцца вялікімі балотамі, грыбнымі і ягаднымі лясамі, разнастайнасцю жывёльнага, расліннага свету, які мы пастараемся прадставіць у экспазіцыі. У нашым краі шмат лясніцтваў. Дарэчы, стварыць куток прыроды — ідэя Жанны Міхайлаўны. Матэрыял для яго будзем ствараць самі.
Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара