Педагогі, якія не першы год працуюць у рамках Дэкрэта прэзідэнта № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне ў нядобранадзейных сем’ях”, ужо даўно сышліся ў меркаванні аб тым, што ментарскі (высакамерна-павучальны) тон у зносінах з праблемнымі бацькамі плёну не прыносіць і справа рухаецца з месца толькі ў выпадку наладжвання кантактаў з людзьмі названай катэгорыі. Асабліва гэта актуальна ў рабоце з сем’ямі, дзе выхоўваюцца дзеці ва ўзросце да 5 гадоў. Не даць аслабнуць дзіцяча-бацькоўскім адносінам, а часам і дапамагчы сфарміраваць іх — такую задачу ставяць перад сабой спецыялісты сферы аховы дзяцінства, шукаючы новыя формы ўплыву на бацькоў з групы сацыяльнай рызыкі.
Апошнім часам некаторыя сацыяльна-педагагічныя цэнтры краіны паспяхова працуюць па інавацыйнай праграме “Дамашняе візітаванне” (SafeСare), што распрацавана Міжнародным дзіцячым фондам.
Не ПАвучаць, а НАвучаць
Згаданая праграма накіравана на папярэджанне жорсткага абыходжання з дзецьмі і незадавальнення іх асноўных жыццёвых патрэб, а таксама на стварэнне ўмоў для развіцця і дабрабыту малых ва ўзросце ад 0 да 5 гадоў з сем’яў групы сацыяльнай рызыкі.
У сакавіку 2012 года трэнінгавы курс па “SafeCare” на базе Міжнароднага дзіцячага фонду прайшлі 30 спецыялістаў — прадстаўнікі СПЦ, устаноў аховы здароўя і грамадскіх арганізацый “Пазітыўны рух” і “Радзіслава”. Паслугу дамашняга візітавання ў практычную дзейнасць сёння ўкараняюць супрацоўнікі сацыяльна-педагагічных цэнтраў у Салігорску, Мінску, Чавусах, Гродне, Барысаве, Віцебску, Рагачове. Яны наведваюць сем’і, становішча якіх прызнана сацыяльна небяспечным, і навучаюць бацькоў навыкам эфектыўнага ўзаемадзеяння з дзіцем, стварэнню бяспечнага дамашняга асяроддзя, прафілактыкі захворванняў і падтрымання здароўя малога.
— Адметнасцю гэтай праграмы з’яўляецца тое, што яна прадугледжвае не павучанне бацькоў, а навучанне, — расказвае педагог-псіхолаг сацыяльна-педагагічнага цэнтра Салігорскага раёна Ірына Уладзіміраўна Садоўнікава, якая яшчэ летась пачала выкарыстоўваць “SafeCare” ў сваёй рабоце. — Мы прывыклі да ментарскага тону ў зносінах з гора-бацькамі, прывыклі настойваць, калі чалавек не прымае нашы сентэнцыі, навязваць наша бачанне сітуацыі. Між тым гэта ўжо даўно перастала спрацоўваць. Самае галоўнае ў рабоце з сям’ёй — наладзіць кантакт з бацькамі, стаць для іх сябрам. “Дамашняе візітаванне” якраз і прапаноўвае такі падыход — тлумачыць людзям, якія аступіліся ў жыцці, іх праблемы на даступнай мове і дапамагаць вырашаць іх. У аснове праграмы ляжыць прыняцце чалавекам пазіцыі, якую спрабуюць данесці да яго спецыялісты.
Па словах Ірыны Уладзіміраўны, такі від узаемадзеяння мяняе не толькі светапогляд “праблемных” бацькоў. Ён дае магчымасць увогуле пераасэнсаваць адносіны паміж спецыялістамі сферы аховы дзяцінства і гора-бацькамі.
Пахвалы многа не бывае
Праграма“SafeCare” складаецца з трох модуляў: “Дамашняя бяспека”, “Узаемадзеянне бацькоў і дзіцяці”, “Здароўе”. Па кожным модулі распрацавана па 6 заняткаў. Спачатку ацэньваецца становішча сям’і і дзіцяці, падчас чатырох наступных заняткаў адбываецца непасрэдна навучанне бацькоў, а потым — падвядзенне вынікаў.
У першыя месяцы работы па праграме І.У.Садоўнікава брала на ўзбраенне толькі які-небудзь адзін з названых модуляў: ведаючы сітуацыю ў сям’і, было нескладана вызначыць, якога плана дапамога патрабуецца дзецям і бацькам.
— Калі ў доме антысанітарыя, то разам з бацькамі мы прыкладваем усе намаганні для стварэння бяспечнага асяроддзя для малога, — заўважае Ірына Уладзіміраўна. — Пры адсутнасці эмацыянальнага кантакту паміж маці і дзіцем работа ідзе ў іншым кірунку.
Модуль “Здароўе” спецыялісты СПЦ таксама трымаюць на кантролі, хаця, паводле слоў І.У.Садоўнікавай, медыкі ў Салігорскім раёне з гэтай задачай спраўляюцца выдатна. У сваю чаргу прадстаўнікі сферы аховы здароўя адзначылі цікавую і даступную форму падачы матэрыялу па модулі “Здароўе” праграмы “SafeCare”. Бацькам яго можна прапаноўваць у выглядзе памятак, што ніколі не будзе лішнім.
Сёння Ірына Уладзіміраўна і сацыяльны педагог цэнтра Юлія Паўлаўна В’юхіна працуюць з пяццю сем’ямі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і выкарыстоўваюць ужо ўсе тры модулі ў комплексе. Дамашнія візіты адбываюцца кожны тыдзень і доўжацца гадзіну. Задачы ставяцца наступныя: выпрацаваць у маці навыкі ўзаемадзеяння з дзіцем, навучыць яе ацэньваць рызыку і бяспеку для здароўя ўласнага дзіцяці, а таксама адпрацаваць з ёю веды па добраўпарадкаванні дома. Увесь гэты час спецыялісты назіраюць за бацькамі з мэтай даць ім карысную параду ў патрэбны момант, нешта падказаць ці паказаць.
— Я сама была здзіўлена тым, што атрымалася ў выніку, — дзеліцца ўражаннямі І.У.Садоўнікава. — З жанчынамі, сем’і якіх мы наведвалі, у нас усталяваліся выдатныя зносіны! Мы пачалі разумець адна адну; яны нават сталі чакаць нас, ім самім было цікава. Пры гэтым узрост зусім не меў значэння: камусьці з маці было 16, а некаму — за 40. Адчуваючы наша шчырае імкненне дапамагчы ім, яны гэтак жа адкрыта паставіліся да нас. Трэба ўлічваць яшчэ і той момант, што яны выдатна ведаюць: калі нічога не зробяць для выпраўлення сітуацыі, дзіця можа быць адабрана. І форма мяккай гутаркі, а не навязванне меркавання збоку — найлепшы спосаб дастукацца да іх свядомасці ў такім выпадку. Значную ролю адыгрывае і факт знаходжання бацькоў у родных сценах — там яны адчуваюць сябе больш разняволенымі, што толькі спрыяе шчырай гутарцы.
Акрамя ўсяго іншага, праграма дамашняга візітавання прадугледжвае абавязковую пахвалу бацькоў нават за невялікія іх дасягненні на шляху да стабілізацыі сямейнага становішча. Тут спрацоўвае вядомы псіхалагічны прынцып: калі чалавека хваляць за што-небудзь, ён стараецца рабіць гэта яшчэ лепш.
У якасці прыкладу Ірына Уладзіміраўна прыгадвае мінулагодні выпадак з непаўналетняй маці, бацькі якой па пэўных прычынах не змаглі даць ёй належнае выхаванне. Дзяўчына нарадзіла дзіця ў 16 гадоў і, па сутнасці, засталася сам-насам у новай жыццёвай сітуацыі. Усім неабходным навыкам абыходжання з дзіцем яе цалкам навучалі спецыялісты СПЦ, выкарыстоўваючы праграму “SafeCare”. У выніку сям’я была знята з уліку нядобранадзейных, і на сёння там захоўваецца стабільная сітуацыя. Кантроль за маладой маці будзе ажыццяўляцца да дасягнення ёю паўналетняга ўзросту.
Супрацоўнікі сацыяльна-педагагічнага цэнтра Салігорскага раёна ладзяць таксама групавыя тэматычныя заняткі ў школе маладых бацькоў. Напрыклад, падчас заняткаў па тэме дзіцячага траўматызму, на якія былі запрошаны і прадстаўнікі раённай дзіцячай бальніцы, бацькі вучыліся абследаваць дамашнюю тэрыторыю на прадмет выяўлення на ёй небяспечных для дзяцей рэчаў (раскіданых на падлозе лекаў, рассыпанага пральнага парашку і інш.).
На сёння ў Салігорскім раёне налічваецца 14 дзяцей (з 14-ці сем’яў) ва ўзросце да 3-х гадоў, становішча якіх прызнана сацыяльна небяспечным. Знята з уліку за 2012 год 57 малых (усяго за мінулы год з уліку асоб, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, у раёне было знята 327 дзяцей).
Што тычыцца развіцця паслугі дамашняга візітавання на Салігоршчыне, то ў перспектыве тут плануецца правядзенне вучобы для псіхолагаў і сацыяльных педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі горада і раёна.
Арыентацыя на сям’ю
Трэба адзначыць, што супрацоўнікі сацыяльна-педагагічнага цэнтра Салігорскага раёна маюць сертыфікаты трэнераў Міжнароднага дзіцячага фонду па сямейна-арыентаваным падыходзе і нядаўна правялі на базе СПЦ трэнінгі і навучальныя мерапрыемствы па гэтай тэме для псіхолагаў і сацыяльных педагогаў устаноў адукацыі раёна. На заняткі былі запрошаны і калегі са Слуцкага раёна — праект, такім чынам, набыў міжрэгіянальны фармат.
— З 1 чэрвеня па 1 кастрычніка 2012 года мы ўзаемадзейнічалі з Міжнародным дзіцячым фондам: распрацавалі праект па сямейна-арыентаваным падыходзе ў рабоце з нядобранадзейнымі сем’ямі — “Сям’я для кожнага дзіцяці”, вынікі якога цяпер і ўкараняем у сваім раёне, — паведаміла намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце СПЦ Салігорскага раёна Святлана Уладзіміраўна Адзінец. — Праект накіраваны на ўдасканаленне дзейнасці ўсіх міжведамасных структур па абароне правоў дзяцей і дазваляе больш дакладна вызначыць стан сям’і, выявіць праблему і знайсці шляхі яе вырашэння. Мэта праекта чытаецца ў яго назве — захаваць сям’ю для кожнага дзіцяці.
Па словах С.У.Адзінец, пэўныя поспехі ў рабоце з нядобранадзейнымі сем’ямі ў раёне ўжо маюць месца. Так, за час рэалізацыі праекта на Салігоршчыне павялічылася колькасць сем’яў, якія былі зняты з уліку па сацыяльна небяспечным становішчы. Адпаведна, паменшылася і колькасць дзяцей з групы сацыяльнай рызыкі. Для параўнання: у студзені 2012 года ў раёне налічвалася 230 дзяцей са 139 сем’яў, становішча якіх было прызнана сацыяльна небяспечным; у студзені 2013 года іх колькасць знізілася да 173 (106 сем’яў).
— Супрацоўнікі нашага цэнтра сёння больш працуюць на ранняе выяўленне сямейнай нядобранадзейнасці, — заўважыла Святлана Уладзіміраўна. — У рамках праекта “Сям’я для кожнага дзіцяці” мы распрацавалі свой парадак правядзення сацыяльнага расследавання, які пасля зацвярджэння рашэннем раённай камісіі па справах непаўналетніх у кастрычніку 2012 года быў накіраваны ва ўсе міжведамасныя структуры. У згаданым дакуменце для кожнай структуры паэтапна прапісаны крокі выяўлення сямейнай нядобранадзейнасці, пазначаны шляхі правядзення сацыяльнага расследавання і прадстаўлены алгарытм работы з нядобранадзейнымі сем’ямі.
Глафіра ЛЯТКОЎСКАЯ.
liatkouskaya@ng-press.by