Актыўныя, крэатыўныя, дапытлівыя: гордасць Цяцерынскай сярэдняй школы – навучэнцы педагагічных класаў

- 13:21Пресс-тур «Настаўніцкай»

У Цяцерынскай сярэдняй школе імя А.С.Лукашэвіча — самай вялікай сельскай школе ў Круглянскім раёне — асаблівая ўвага ўдзяляецца прафарыентацыйнай дзейнасці навучэнцаў, стварэнню ўмоў, якія садзейнічаюць іх усвядомленаму прафесійнаму выбару. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Ва ўстанове, якую наведваюць 124 школьнікі і дашкольнікі, выхоўваюць не толькі педагогі, але і створанае адукацыйнае асяроддзе. Як мяркуе дырэктар школы Уладзімір Аляхновіч, вучыць, выхоўваць і развіваць павінен кожны куток установы. Лесвіцы, столь, сцены, будынак звонку і знутры і нават школьная агароджа штодзень нагадваюць пра важныя жыццёвыя ісціны. У школе ёсць лесвіцы поспеху і здароўя, узнімаючыся па якіх вучні рухаюцца да прапісаных мэт: сэнсу, любові, упэўненасці, акрыленасці, натхнення, самаарганізацыі. Вакол школы — незвычайная агароджа падказак, дзе, выглянуўшы з акна любога кабінета, можна ўбачыць формулы па хіміі і фізіцы, памятныя даты па гісторыі, прынцыпы складання і аднімання, слоўнікавыя словы па рускай і беларускай мовах. У школьным двары — домікі для птушак у выгля­дзе забаўных чалавечкаў, матывуючыя слоганы, размешчаныя на банерах. Нават суседскі плот нагадвае навучэнцам і гасцям школы пра 80-годдзе Вялікай Перамогі.

Ранняя прафарыентацыя пачынаецца з дашкольнага ўзросту. У кастрычніку мінулага года на базе школы было адкрыта дашкольнае лясніцтва “Бусляняты”. Гэта першае ў Круглянскім раёне дашкольнае лясніцтва, у рады якога ўступілі шэсць выхаванцаў рознаўзроставай групы інтэграванага навучання і выхавання (дзеці ад 4 да 6 гадоў). Для дзяцей і педагогаў гэта стала сапраўднай па­дзеяй і святам. Разам з работнікамі Бялыніцкага лясгаса на тэрыторыі ўстановы дашкаляты высадзілі алею туй. Алея адзінства была закладзена ў гонар 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Работа ў “буслянят” арганізоўваецца па некалькіх напрамках: эколага-асветніцкім, краязнаўчым, творчым і інтэлектуальным. Дзеці ўдзельнічаюць у прыродаахоўных акцыях. Папоўнілася скарбонка дыдактычнага матэрыялу: намаганнямі педагогаў распрацаваны гульні і дапаможнікі.

— Мы ўпэўнены, што адкрыццё дашкольнага лясніцтва будзе садзейнічаць ранняй прафарыентацыі дзяцей, бо ў гульнявой форме яны атрымліваюць веды пра прыроду, лес, яго багацці, адбываецца экалагічнае выхаванне малых. Дашкольны ўзрост — вельмі спрыяльны перыяд для гэтага. І менавіта ад педагогаў залежыць, наколькі матываванымі будуць нашы выхаванцы, — гаворыць дырэктар.

Удзельнікам прэс-туру юныя “бусляняты” прадставілі экалагічную казку-інсцэніроўку “Лес — наш дом”.

На працягу апошніх гадоў навучэнцы школы актыўна звязваюць свой прафесійны шлях з ваеннымі спецыяльнасцямі. З 2022 года школа рэалізуе праект “Укараненне мадэлі ваенна-патрыятычнага выхавання навучэнцаў у адкрытай адукацыйнай прасторы ўстановы адукацыі”. Шосты школьны дзень, аздараўленне, дадатковая адукацыя, экскурсіі, даследчая дзейнасць — усе напрамкі прынялі новыя формы работы. У шосты школьны дзень вучні актыўна ўдзельнічаюць у конкурсах, гульнях і мерапрыемствах, якія знаёмяць з ваеннымі спецыяльнасцямі. Штогод яны адпачываюць у аздараўленчых летніках, з ахвотай запісваюцца ў ваенна-патрыятычны атрад.

Тэарэтычныя і практычныя заняткі наведваюць навучэнцы ў школьным аб’яднанні “Абаронца”. Праводзіць іх кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Сяргей Літвінюк. Праграмай аб’яднання прадугле­джа­на вывучэнне ваенных прафесій, падраздзя­лен­няў, ваеннай тэхнікі; асноў тактычнай, агнявой, страявой, пажарна-выратавальнай, турысцкай падрыхтоўкі; правіл аказання першай дапамогі і інш. Школьнікі даведваюцца, як арыентавацца на мясцовасці, карыстацца тапаграфічнай картай, выконваюць страявыя прыёмы і каманды, разборку і зборку аўтамата, вучацца страляць з пнеўматычнай зброі і інш.

Многія навучэнцы ўжо вызначыліся з выбарам прафесіі — яны бу­дуць паступаць менавіта ў сілавыя УВА. Некаторых у аб’яднанне прывяла цікавасць: старшакласнікі хочуць прымераць на сябе воінскія будні і зразумець, ці варта звязваць з гэтай сферай дзейнасці сваю будучую прафесію.

Цяцерынскія школьнікі з’яўляюцца членамі ваенна-патрыятычнага клуба “Дазор”, які быў адкрыты на базе сярэдняй школы № 1 Круглага пад патранажам Дэпартамента аховы МУС. Навучэнцы атрымліваюць прававыя веды, вучацца самаабароне. На рукавах у кожнага красуецца шаўрон з надпісам “Дазор”, а на галаве — чорны берэт з нашыўкай у выглядзе дзяржаўнага сцяга.

Гордасцю Цяцерынскай сярэдняй школы з’яўляюцца педагагічныя класы. Летась адбыўся першы выпуск такога класа, чацвёра з пяці яго навучэнцаў сталі студэнтамі педагагічных УВА: МДУ імя А.А.Куляшова і БДПУ. Сёлета ва ўстанове адкрылі ўжо трэці па ліку клас педагагічнай накіраванасці.

— Калі ты прыходзіш у школу маладым спецыялістам, то часта тэорыя разыходзіцца з практыкай, ты бачыш зусім іншыя параметры педагагічнай прафесіі, — адзначае класны кіраўнік педкласа, педагог з 37-гадовым стажам, настаўніца рускай мовы і літаратуры Тамара Скарабагатая. — А вучням у педагагічных класах даецца магчымасць акунуцца ў педагогіку, паставіць сябе на месца настаўніка, паспрабаваць свае сілы ў рабоце з дзецьмі.

Навучэнцы, якія прыйшлі ў педклас, заўсёды актыўныя, крэатыўныя, дапытлівыя. Педагогі адзначаюць, што працаваць з такім класам цікава і адказна. Перавага аддаецца актыўным метадам навучання. Настаўнікі творча падыходзяць да планавання заняткаў з улікам індывідуальных асаблівасцей навучэнцаў.

Значнае месца ў жыцці старшакласнікаў адводзіцца самаразвіццю і самаадукацыі. Навучэнцы разумеюць, што самастой­насць і ініцыятыва — перадумова паспяховай дзейнасці. Педкласаўцы актыўна ўдзельнічаюць у конкурсах, прафарыентацыйных мерапрыем­ствах, форумах, фестывалях і алімпіядах самага рознага ўзроўню. Без іх не абыходзіцца ні адно школьнае мерапрыемства. Разам з настаўнікамі яны прыдумва­юць новыя формы работы, напаўняюць іх цікавым зместам. Для забеспячэння пераемнасці, а таксама для папулярызацыі прафесіі арганізоўваюцца сустрэчы з ветэранамі педагагічнай працы. Педкласаўцы супрацоўнічаюць і з маладымі спецыялістамі ўстановы — выпускнікамі МДУ імя А.А.Куляшова настаўніцай біялогіі і геаграфіі Марыяй Зыкуновай і настаўніцай гісторыі і грамадазнаўства Алінай Кнут.

Сённяшнія навучэнцы здольны павесці за сабой. Школьнікі з’яўляюцца пераможцамі розных этапаў рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, пераможцамі і прызёрамі спартыўных спаборніцтваў, удзельнікамі праектаў ваенна-патрыятычнай накіраванасці, валанцёрскай дзейнасці. Яны адзначылі, што, дзякуючы вучобе ў педагагічным класе, зразумелі, што такое прафесія настаўніка, якія якасці патрэбны сапраўдным педагогам і як іх разві­ваць, атрымалі першы вопыт узае­мадзеяння з дзецьмі (педагагічныя пробы).

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА