Таму што мы каманда!

- 6:00Сацыяльны ракурс

З 19 па 27 чэрвеня на базе 72-га гвардзейскага аб’яднанага вучэбнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў праводзіўся рэспубліканскі спартыўна-патрыятычны летнік для навучэнцаў, якія наведваюць факультатыўныя заняткі, аб’яднанні па інтарэсах ваенна-патрыятычнай накіраванасці. Арганізатарамі летніка з’яўляюцца Міністэрства адукацыі і Міністэрства абароны, непасрэдным выканаўцам — Рэспубліканскі цэнтр турызму і краязнаўства навучэнскай моладзі.

Як паведаміла намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра турызму і краязнаўства навучэнскай моладзі Лідзія Андрэеўна Жур, ваенна-патрыятычны летнік праводзіцца ў адпаведнасці з планам работы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь на 2012 год з мэтай актывізацыі дзейнасці ўстаноў адукацыі па патрыятычным выхаванні навучэнскай моладзі і павышэнні якасці дапрызыўнай падрыхтоўкі падчас летніх канікулаў. Правядзенне такога летніка на базе менавіта 72-га гвардзейскага аб’яднанага вучэбнага цэнтра стала традыцыйным і налічвае ўжо 5 гадоў.

— Хоць у ваенным гарадку Печы мы пачалі праводзіць летнік адносна нядаўна, аднак такой форме ваенна-патрыятычнага выхавання навучэнскай моладзі, як арганізацыя падобных летнікаў, ужо шмат гадоў. Раней летнік ладзіўся і на базе нашага цэнтра, і на базе 120-й асобнай гвардзейскай механізавай брыгады ва Уруччы, і як палатачны летнік у розных рэгіёнах краіны. Аднак лепшага месца, чым 72-гі гвардзейскі вучэбны цэнтр, няма. Тут існуе неабходная база, створаны ўсе ўмовы для таго, каб вучні змаглі на некалькі дзён летніх канікул акунуцца ў атмасферу армейскіх будняў, — расказвае Лідзія Андрэеўна.

Магчымасць адчуць сябе сапраўдным абаронцам Айчыны, прадэмастраваць свае фізічныя і інтэлектуальныя здольнасці падлеткам прадастаўляе праграма летніка. Кожны год арганізатары намагаюцца прымеркаваць яго правядзенне да пэўнай даты. Напрыклад, у мінулым годзе такой тэмай было 70-годдзе пачатку Вялікай Айчыннай вайны, сёлета — 200-годдзе вайны 1812 года. Асабліва яскрава гэта адчувалася падчас канферэнцыі. Акрамя канферэнцыі, праводзіліся конкурсы “Візітоўка каманды”, інсцэніраванай патрыятычнай песні, баявых лісткоў, агляду строя і песні, ваенна-спартыўная гульня “Зарніца”, спаборніцтвы па стральбе, якія традыцыйна дапамагаюць арганізоўваць Барысаўская ААС ДТСААФ, а таксама сумесныя спаборніцтвы ўдзель­нікаў летніка і прадстаўнікоў Барысаўскага ГРАНС.

Так, да конкурсу візітовак, у адпаведнасці з праграмай, кожная каманда рыхтавала выступленне працягласцю да 7 хвілін. Выступленні маглі быць рознага жанру. Пры вызначэнні пераможцаў журы ўлічвала актуальнасць, арыгіналь­насць, якасць выканання, масавасць. Падчас агляду строю і песні навучэнцы паказвалі сваё ўменне выконваць страявыя каманды, здаваць рапарт кіраўніку агляду. Журы ўлічвала правільнасць выканання раўнення, тэмп руху і дысцыпліну строю, выбар песні, узровень яе выканання, правіль­насць мелодыі, маналіт­насць гучання, дакладнасць дыкцыі, наяў­насць і падрыхтаванасць запявал. У спаборніцтвах па стральбе ўдзельнічалі па 5 чалавек ад кожнай каманды. Удзельнікі здзяй­снялі па 3 пробныя і 5 заліковых выстралаў. Пераможцай становілася каманда, якая набірала найбольшую колькасць балаў.

У конкурсе інсцэніраванай патрыятычнай песні ўлічваўся патрыятычны характар песні, якасць яе выканання, узровень музычнага суправаджэння, узровень інсцэніроўкі (артыстызм). Падчас конкурсу баявых лісткоў на аркушах паперы фарматам А3 удзельнікі прадстаўлялі інфармацыю пра каманду, установу адукацыі, нарысы, вершы, аповеды навучэнцаў пра будні рэспубліканскага ваенна-спартыўнага летніка, заметкі па гісторыі і сучаснасці Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Улічвалася актуаль­насць, інфарматыў­насць, арыгінальнасць баявога лістка.

У выніку шматдзённых спаборніцтваў у агульнакамандным заліку дыплом І ступені атрымала каманда Барысава, ІІ месца заняла каманда Гомельскай вобласці, ІІІ-яе — каманда Гродзен­скай вобласці.

— Сёлета ў летніку адпачылі 120 навучэнцаў 14—18-гадовага ўзросту. Усяго было прадстаўлена 8 каманд: па адной ад кожнай вобласці і Мінска, а таксама каманда з Барысава. Барысаву такая прывілея даецца нездарма, паколькі гэтая каманда нярэдка перамагае ў спаборніцтвах, яна — прыклад і ўзор для іншых каманд. Такую паспяховасць барысаўскіх навучэнцаў можна растлумачыць, напрыклад, тым, што свае трэніроўкі яны праводзяць на базе 72-га вучэбнага цэнтра. Гэта па-першае. Па-другое, поспех каманды залежыць ад яго кіраўніка. Барысаўчанам і тут, можна сказаць, пашчасціла. Кожная каманда налічвала 15 чалавек (9 хлопцаў і 6 дзяўчат). Такі гендарны склад прадугледжаны нездарма, паколькі ва ўстановы адукацыі сілавых структур нашай краіны часта паступаюць і дзяўчаты, — паведаміла загадчык аддзела музея­знаўства і патрыятычнага выхавання РЦТіКНМ Ірына Іванаўна Пятровіч.

Як і кожнае свята, ваенна-спартыўны летнік, безумоўна, з’яўляецца святам спорту, здароўя і добрага настрою, правядзенне летніка было напоўнена эмоцыямі і пачуццямі. А вось што гэта за эмоцыі і пачуцці, лепш адчуць самому. Для ўдзе­лу ў наступным ваенна-патрыятычным летніку вам, паважаныя чытачы, варта звярнуцца да арганізатараў, у тым ліку і ў Рэспубліканскі цэнтр турызму і краязнаўства навучэнскай моладзі.

Ігар ГРЭЧКА.