Цёплым надвор’ем, усмешкамі настаўнікаў і вучняў, а таксама цікавымі сустрэчамі запомніўся супрацоўнікам Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” прэс–тур па Брэстчыне, першы дзень якога праходзіў ва ўстановах адукацыі гасціннай Іванаўшчыны. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Урокі мужнасці
Спачатку журналісты завіталі ў Іванаўскі раённы цэнтр турызму, экалогіі і патрыятычнага выхавання. Матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы дазваляе паспяхова працаваць па турыстычна-краязнаўчым, ваенна-патрыятычным і эколага-біялагічным кірунках. Так, у цэнтры абсталяваны палігон па турыстычна-прыкладным мнагаборстве, спартыўныя карты, сучасны скаладром і цір.

Больш за год на базе ўстановы дзейнічае раённы цэнтр ваенна-патрыятычнай і дапрызыўнай падрыхтоўкі навучэнцаў “Шчыт”, які ўзначальвае маёр запасу Мікалай Маркевіч.
— Цэнтр адыгрывае важную ролю ў падрыхтоўцы юнакоў і дзяўчат да службы ва Узброеных Сілах, у прафарыентацыі і ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі, — расказаў дырэктар установы Аляксандр Шурхай. — Летам на базе загараднага аздараўленчага лагера “Брыганціна” арганізуецца ваенна-патрыятычная змена, у рамках якой праводзяцца ваенна-палявыя зборы для дзесяцікласнікаў. У цэнтры праходзяць урокі мужнасці, сустрэчы з воінамі-інтэрнацыяналістамі, супрацоўнікамі ваенкамата і аддзела па надзвычайных сітуацыях. Наладжана цеснае ўзаемадзеянне з вайсковымі часцямі. На базе цэнтра працуюць профільныя аб’яднанні “Абаронца Айчыны” і “Пошукаўцы-даследчыкі”, а таксама ваенна-гістарычны клуб “Гвардзеец”.
Творчая прастора
Больш за 30 гадоў у сярэдняй школе № 4 Іванава, якую ўзначальвае Яўген Стасюк, вядзецца работа па эстэтычным выхаванні дзяцей. З гэтай мэтай арганізаваны факультатыўныя заняткі музычнага, харэаграфічнага і тэатральнага кірункаў, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі займаюцца ігрой на фартэпіяна, скрыпцы, баяне, акардэоне, блок-флейце, саксафоне, цымбалах і гітары, вакальнымі і харавымі спевамі, класічнымі і народнымі танцамі.
— У школе дзейнічаюць два ўзорныя калектывы: хор “АсСоль” і музычны тэатр, — гаворыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Марына Гарох. — Калектыў хору на чале з яго кіраўніком Наталляй Мароз і канцэртмайстрам Вольгай Засімовіч вылучаецца высокім выканальніцкім майстэрствам і актыўнай канцэртнай дзейнасцю. У рэпертуары — дзіцячыя песні сучасных аўтараў, творы рускіх, беларускіх і замежных кампазітараў, патрыятычныя песні. Хор паспяхова ўдзельнічае ў раённых, абласных і рэспубліканскіх фестывалях і конкурсах.

Настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 4 Іванава Людміла Вядзёрчык разам з навучэнцамі педгрупы
Не менш вынікова працуе і музычны тэатр, створаны амаль 30 гадоў назад. У яго рэпертуары — не толькі тэатральныя пастаноўкі, але і мюзіклы, паказы рознай тэматыкі. Юныя акцёры рыхтуюць тэматычныя мерапрыемствы і літаратурна-музычныя кампазіцыі ў рамках акцый, фестываляў і каляндарных дат. Толькі ў бягучым навучальным годзе выхаванцы 4-й школы заваявалі больш за 120 дыпломаў па выніках абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і фестываляў выканальніцкага майстэрства.
Акрамя факультатываў эстэтычнага кірунку, ва ўстанове дзейнічаюць педагагічныя і інжынерныя класы, ваенна-патрыятычны клуб “Янаўцы”, рэалізуюцца праекты, прымеркаваныя да 80-годдзя Вялікай Перамогі, пра якія “Настаўніцкая газета” яшчэ раскажа больш падрабязна, не абышоўшы ўвагай і эфектыўную арганізацыю працоўнага навучання.
Свет адкрыццяў
Дзіцячы сад № 6 Іванава, адкрыты 12 гадоў назад, прыцягвае ўвагу здалёк адметным архітэктурным стылем, добраўпарадкаванай тэрыторыяй. У дашкольнай установе, якую наведваюць больш за 180 хлопчыкаў і дзяўчынак, дзейнічае басейн, дзе выхаванцы пад кіраўніцтвам педагога Таццяны Дарагакупец вучацца плаваць.
— Вялікая ўвага ўдзяляецца рабоце з асаблівымі дзецьмі, — расказвае загадчыца ўстановы Ларыса Дашкевіч. — З гэтай мэтай адкрыты дзве спецыяльныя групы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення і чатыры групы інтэграванага навучання і выхавання, дзе працуюць сапраўдныя майстры сваёй справы — настаўнікі-дэфектолагі Іна Кучынская, Яніна Герлічка, Юлія Пуцыковіч, Людміла Паўлюкавец і Ганна Цямчык. У адпаведнасці з запытамі выхаванцаў, створана прадметна-прасторавае асяроддзе з дыдактычнымі гульнямі і зонамі, а побач з кабінетам настаўніка-дэфектолага размясцілася дыдактычная сценка. Яна ўяўляе сабой маляўнічы пейзаж з дыдактычнымі заданнямі, домікам, куды хочацца зазірнуць, яркімі матылямі і вясёлкай. У мінулым навучальным годзе ва ўстанове завяршыўся эксперыментальны праект па апрабацыі рознаўзроўневага зместу адукацыі асаблівых дзяцей ва ўмовах інклюзіі.
На высокім узроўні арганізавана работа па грамадзянска-патрыятычным і духоўна-маральным выхаванні дашкольнікаў. Ва ўстанове створаны міні-музей беларускага побыту і міні-планетарый, дзейнічаюць фотавыставы, прысвечаныя памятным мясцінам роднага краю і краіны, падзеям Вялікай Айчыннай вайны і знакамітаму земляку-мастаку Напалеону Орду. Паспяхова рэалізаваны праект “Чытаем пра вайну”, у рамках якога дзеці разам з бацькамі і педагогамі выраблялі тэматычныя кніжкі-малышкі, чыталі кнігі і здымалі відэаролікі пра Вялікую Айчынную вайну. Па выніках праекта арганізавана акцыя буккросінгу “Прачытаў кнігу сам — перадай іншаму”, створаны кніжны куток “Мы памятаем! Мы ганарымся!”.

Пад кіраўніцтвам Людмілы Масюк дашкольнікі займаюцца дзіцячым фітнесам, а пад кіраўніцтвам Юліі Пуцыковіч — тэхнічным канструяваннем. Разам з ПВТ рэалізуюцца праекты “Інфарматыка без разеткі” і “Лабараторыя адкрыццяў”. У планах — стварэнне цэнтра экалогіі.
Па-машэраўску
Крытышынская сярэдняя школа імя П.М.Машэрава сустракае вучняў і гасцей дагледжанай тэрыторыяй, дзе закладзена алея з рэдкіх раслін і ўсталяваны бюст у гонар чалавека, памяць пра якога беражліва захоўваюць ва ўстанове. На прыкладзе былога кіраўніка БССР, Героя Савецкага Саюза і Героя Сацыялістычнай Працы дзеці вучацца любіць Радзіму, а на прыкладзе ААТ “Машэраўскі” — шанаваць працу хлебароба і не толькі.
— Пётр Машэраў не раз бываў у гэтых мясцінах, таму нядзіўна, што мясцовая гаспадарка яшчэ з 1980-х гадоў носіць яго імя, а з нядаўняга часу — і школа, — гаворыць яе дырэктар Вераніка Жур. — Жыць і працаваць па-машэраўску — не пустыя словы для працаўнікоў мясцовай гаспадаркі, надзейнага партнёра школы, і для вучняў. Імя Машэрава піянерская дружына з гонарам носіць ужо больш за 20 гадоў. У школе аформлена стэндавая экспазіцыя, прысвечаная жыццю і дзейнасці Пятра Міронавіча. Штогод у піянерскіх атрадах праходзяць урокі мужнасці, прымеркаваныя да дня яго нараджэння. Педагогі распрацавалі тэматычныя пазакласныя мерапрыемствы і прэзентацыі пра выдатнага сына беларускай зямлі. Яму прысвечаны многія даследчыя работы школьнікаў. Матэрыялы, сабраныя юнымі краязнаўцамі, выкарыстоўваюцца для папаўнення і абнаўлення інфармацыі на стэндах, прысвечаных Машэраву і гісторыі ААТ “Машэраўскі”.

Педагог-арганізатар Настасся Курган разам з вучнямі Крытышынскай сярэдняй школы імя П.М.Машэрава
Для журналістаў Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” крытышынскія педагогі і вучні арганізавалі завочную экскурсію ў ваеннае мінулае роднага краю і музычна-танцавальныя выступленні, прысвечаныя трагічным старонкам айчыннай гісторыі. Пранікнёныя кампазіцыі, прасякнутыя драматызмам чалавечых лёсаў, нікога не пакінулі абыякавымі.
Знаёмства з установамі адукацыі Іванаўшчыны чарговы раз пераканала, што на Палессі працуюць таленавітыя педагогі, якія ўласным прыкладам вучаць любіць выбраную справу, шанаваць гісторыю, паважаць продкаў і з гордасцю працаваць на роднай зямлі.
Таццяна Пархамчук, начальнік аддзела па адукацыі Іванаўскага райвыканкама:
— Сістэма адукацыі раёна — гэта 45 устаноў, у тым ліку 22 школы і 18 дзіцячых садоў, якія наведваюць больш за 4,6 тысячы вучняў і каля 1,3 тысячы малышоў. У адукацыйным працэсе зайдзейнічаны 1055 педагогаў. Звыш 84% настаўнікаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю.
У прыярытэце — работамі з кадрамі. Летась педагагічную сям’ю Іванаўшчыны папоўнілі 18 маладых спецыялістаў. Іх замацавальнасць складае 94,4%. Такога выніку ўдаецца дасягнуць у тым ліку дзякуючы арэнднаму жыллю, якое адразу прадастаўляецца маладым педагогам. Калі летась былі выдадзены 7 мэтавых накіраванняў па запатрабаваных педспецыяльнасцях, то сёлета атрыманы ўжо 12 заявак ад будучых выпускнікоў.
У 2027 годзе ў Іванаве плануецца ўвесці ў эксплуатацыю дзіцячы сад на 100 месцаў з басейнам.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





