Знакавыя праекты, выхаванне любові да малой радзімы, падрыхтоўку будучых інжынераў абмеркавалі на Лунінеччыне

- 13:22Пресс-тур «Настаўніцкай»

Праекты да Года добраўпарадкавання і 80-годдзя Перамогі, выхаванне любові да малой радзімы, падрыхтоўка будучых інжынераў — тэмы, якія абмеркавалі карэспандэнты “Настаўніцкай газеты” ва ўстановах адукацыі Лунінецкага раёна.

— Сярэдняй школе № 3 Лунінца ў 2023 го­дзе прысвоена імя Героя Савецкага Саюза Аляксандра Петрушэўскага. У супрацоўніцтве з мясцовым краязнаўцам Таццянай Канапацкай тут быў адкрыты праект-экспазіцыя, прысвечаны памяці героя-земляка і выпускнікам-афіцэрам установы, а таксама гераічнаму подзвігу М.Ф.Гастэлы (у савецкі час імя лётчыка насіла піянерская арганізацыя школы), — расказала дырэктар Вольга Грыневіч. — Сёння ў нас дзейнічае ваенна-патрыятычны клуб “Вартавыя неба” пад кіраўніцтвам Людмілы Юрашкевіч, які наведваюць дзеці з 12 гадоў. Наладжана супрацоўніц­тва з ваеннай часцю.

Напярэдадні 80-годдзя Перамогі вучні накіроўваюцца да памятных мясцін, удзельнікі атрада “Добрае сэрца” наводзяць парадак і акультурваюць тэрыторыю каля помнікаў і абеліскаў. Праводзяцца ўрокі мужнасці, марафоны памяці, інтэрнэт-чэленджы. У фармаце “100 пытанняў даросламу” плануецца сустрэча з былым вязнем канцлагера Іванам Рудовічам. Былі сабраны ўспаміны дзяцей вайны Лунінецкага раёна, якімі па­дзялілася і былая настаўніца школы Валянціна Неўдах.

Класны кіраўнік настаўніца геаграфіі Святлана Яцушкевіч расказала пра вопыт арганізацыі экскурсій. У паездках па раёне і краіне дзяцей чакае знаёмства з гісторыяй, прыродай, традыцыямі, вядомымі людзь­мі, а таксама з прафесіямі пэўнага рэгіёна. Так, падчас наведвання горназдабываючага прадпрыемства РУВП “Граніт” у Мікашэвічах вучні ўбачылі кар’ер, выставу велікагрузных аўтамабіляў БелАЗ і шын, пагрузчыкаў, драбілак.

Выхаванцы дзіцячага са­да № 12 Лунінца сустрэлі ка­рэспандэнтаў прыгожым танцам “Лунінецкі вальс” — візітнай карткай горада, самага сэрца Палесся.

— У нас адпрацавана сістэма ўкаранення ў практыку сучасных педтэхналогій, — адзначыла загадчыца Марыя Пятроўская. — Выкарыстоўваецца сістэма Марыі Мантэсоры і адукацыйная мадэль “Першы крок”, рэалізуецца праект “Інфарматыка без разеткі”. Ажыццяўляецца псіхолага-педагагічнае суправаджэнне дзяцей з АПФР, ёсць лагапедычны клуб для выхавальнікаў і спецыялістаў і клуб татаў. Педагог-псіхолаг на пастаяннай аснове арганізуе семінар “Будучы школьнік” для бацькоў. Функцыянуе школа педагагічных навук з мэтай павышэння прафкампетэнтнасці спецыялістаў. Дарэчы, усе нашы выхавальнікі маюць спецыялізацыю “Дашкольная адукацыя”.

Высокую эфектыўнасць у рабоце з выхаванцамі мае метад праектаў.

— Педагогі і дзеці пры ўдзеле бацькоў рэалізавалі адукацыйныя праекты “Мой родны горад Лунінец”, “Беларуская народная цацка”, “Клімат і надвор’е. Як гэта працуе?”, “Энергія ветру — альтэрнатыўная крыніца энергіі” і іншыя, — адзначыла намеснік загадчыка Кацярына Лагуценка. — Асаблівая ўвага ўдзелена ініцыятывам да 80-годдзя Перамогі. У рамках праекта “Пра што нам раскажуць помнікі вайны?” выхаванцы вучыліся ўспрымаць звесткі пра гістарычныя падзеі і культурнае аблічча Лунінца. Пасля апытання малых пра іх уяўленні аб Вялікай Айчыннай вайне і яе героях рэалізаваны праект “Я памятаю! Я ганаруся!”.

— Добраўпарадкаванне тэрыторыі ўстановы — гэта маленькі ўклад у вялікую справу. Мы фарміруем у выхаванцаў актыўную грамадзянскую пазіцыю і жаданне ўдзельнічаць у жыцці свайго горада. Азеляненне заўсёды сумесная дзейнасць дарослых і дзяцей, — гаворыць загадчыца дзіцячага сада № 10 Лунінца Людміла Жук. — На тэрыторыі сада была высаджана алея з туй, створаны арт-аб’екты “Я люблю дзіцячы сад” і “Дзіўнае возера”, кампазіцыя “Карта Беларусі” з кветак, гаспадарчы дворык. Вясной гэтага года з’явіліся новыя ўнікальныя канструкцыі: малая архітэктурная форма “Зялёная аптэка”, атэль для насякомых, дарожныя знакі і аўтобусны прыпынак на пляцоўцы для вывучэння правіл дарожнага руху, ландшафтны аб’ект “Разнастай­насць фарбаў” з дэкаратыўнымі кустамі і высокія грады ў агародзе, адноўленыя дэкаратыўныя элементы і казачныя героі і персанажы. Карэспандэнты паназіралі за тым, як малыя разам з педагогам займаюцца пасадкай лавандавай алеі. Усе аб’екты нанесены на картасхему. Установа атрымала дыплом І ступені раённага этапу на абласным агля­дзе-конкурсе “Прыгажэйшай стане Брэстчына мая” і дыплом за актыўны ўдзел у абласным этапе.

Сярэдняя школа № 2 Лунінца самая вялікая ў раёне, тут зай­маюцца 1239 вучняў. Кірункаў для развіцця шмат. Дырэктар Эдуард Антановіч прадставіў журналістам удзельнікаў ваенна-патрыятычнага клуба “Ратавальнік” (у супрацоўніцтве з Лунінецкім РАНС) пад кіраўніцтвам Вадзіма Шмата. Аб’яднанне наведваюць 20 адважных юнакоў і дзяўчат, гатовых прыходзіць на дапамогу тым, хто трапіў у бяду.

Будучых інжынераў рыхту­юць у інжынерна-тэхнічным цэнтры школы, якім кіруе настаўнік працоўнага навучання Сяргей Карпец. Падпісаны дагаворы аб супрацоўніцтве з вядучымі ўніверсітэтамі краіны і мясцовымі прадпрыемствамі. Акрамя інжынерных груп, ёсць педагагічныя, вядзецца дапрофільная падрыхтоўка. Летась 13 выпускнікоў паступілі ў педагагічныя ўніверсітэты, з іх двое — па мэтавых накіраваннях.

Сяргей Карпец рыхтуе пераможцаў алімпіяд, тэхнічных конкурсаў, удзельнікаў адукацыйных змен дзіцячага тэхнапарка. У майстэрні па дрэваапрацоўцы ён прэзентаваў работы вучняў, выкананыя з дрэва пры падрыхтоўцы да спаборніцтваў: машынныя ціскі, чарцёжныя прылады, падсвечнікі, палічкі, арэхакол і г.д. Да 9 Мая ра­зам з вучнямі педагог рыхтуе тэматычную калону з макетамі зброі, кампазіцыяй з фігуркамі салдат. Аб інжынернай накіраванасці класа нагадваюць больш складаныя ў тэхнічным плане работы. Напрыклад, макет разумнай цяпліцы, які распрацавалі вучні Сяргей Варварскі і Марыя Семяненка і за які атрымалі дыплом І ступені ў абласным этапе конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. Вучаніца 11 класа Таццяна Юрашкевіч на працягу трох гадоў займаецца даследчай работай. Зараз дзяўчына вывучае магчымасці сарбцыйнай ачысткі (з дапамогай шунгіту і цэаліту) ад нітратаў і нітрытаў вады ў калодзежах.

Журналісты паназіралі за работай настаўнікаў фізкультуры. У вялікай спартзале вучні дэманстравалі навыкі гульні ў баскетбол і валейбол, а ў мультымедыйным ціры — уменне страляць па цэлі.

Падчас прэс-туру адбылася сустрэча педагогаў і кіраўнікоў устаноў адукацыі Іванаўскага і Лунінецкага раёнаў з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алегам Кузьміным. Былі абмеркаваны змяненні і навацыі, унесеныя ў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб змяненні кодэксаў па пытаннях адукацыі”.

— Асаблівую цікавасць выклікалі тэмы лічбавізацыі, нагрузкі на настаўнікаў і новыя патрабаванні да вучэбных праграм, — адзначыў Алег Аляксеевіч. — Абмеркавалі матэрыяльнае стымуляванне класных кіраўнікоў і кіраўнікоў устаноў. Дырэктараў, напрыклад, хваляваў механізм арганізацыі засваення вучнямі 10—11 класаў сельскіх школ адукацыйнай праграмы падрыхтоўкі ва­дзіцеляў механічных транспартных сродкаў, самаходных машын у райцэнтрах, дзе няма прафкаледжаў. Балючая праблема — вэйпы. І як прапанова — на заканадаўчым узроўні рэгуляваць іх продаж.

Сустрэча прайшла ў канструктыўным ключы, прадэманстраваўшы зацікаўленасць дзяржавы ў дыялогу з педагогамі. Прынятыя змяненні накіраваны на павышэнне якасці адукацыі і адаптацыю сістэмы да сучасных рэалій.

 Надзея ЦЕРАХАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА