У наступным годзе сярэдняя школа № 3 Лунінца імя Героя Савецкага Саюза А.В.Петрушэўскага адзначыць 60-гадовы юбілей. Пра гэты факт карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” паведаміла дырэктар установы Вольга Грыневіч, калі знаёміла з арыгінальнай экспазіцыяй у школьным фае.
Фотаздымкі выпускных класаў розных гадоў, намаляваная на сцяне паліца з кнігамі, дзе замест назваў твораў — гады выпускаў… Такі падыход у афармленні выбраны невыпадкова. Кожны школьны выпуск — як асобны том у гісторыі школы.

— Вось гэта здымак 1968 года, на ім можна ўбачыць майго тату. А гэта ўжо 1974 год. Тут мая мама ў школьнай святочнай сукенцы, — з цеплынёй расказвае дырэктар. — Дарэчы, гэтыя фатаграфіі можна ўбачыць не толькі на сцяне, але і ў двухтомніку, які выйшаў 4 гады назад да 55-годдзя школы.
Хоць Вольга Мікалаеўна сама і не заканчвала 3-ю школу Лунінца, але яна з’яўляецца для яе вельмі блізкай. Акрамя бацькоў, тут вучыліся і родзічы. Ды і калектывам установы яна кіруе 6 гадоў. Да гэтага працавала тут з 1998 па 2006 год педагогам-псіхолагам, а пасля работы ў іншых установах адукацыі горада стала дырэктарам. Па яе ініцыятыве ў 2020 годзе напярэдадні раённай жнівеньскай канферэнцыі і была створана экспазіцыя, прысвечаная гісторыі школы.
— У 1960-я гады дзве лунінецкія школы, якія працавалі ў той час у горадзе, былі перагружаны, таму мясцовыя ўлады прынялі рашэнне аб будаўніцтве трэцяй. Сюды пасля адкрыцця была пераведзена частка навучэнцаў і педагогаў 1-й і 2-й школ. Перад першым дырэктарам Тамарай Васільеўнай Краўцовай стаяла няпростая задача згуртаваць вучнёўскі і настаўніцкі калектыў. І яна з гэтым паспяхова справілася, пачалі складвацца і свае традыцыі. Асаблівай гордасцю школы быў хор. Яго ўдзельнікі наведвалі з канцэртамі многія гарады былога Саюза. Моцнай была і цяпер застаецца піянерская арганізацыя імя М.Гастэлы. Справу Тамары Васільеўны працягвалі і іншыя дырэктары. Найбольш вядомае з іх імя Аркадзя Уладзіміравіча Ангейберга. З яго сынам мы падтрымліваем сяброўскія адносіны, — паведаміла сённяшні кіраўнік школы.
З асаблівым гонарам Вольга Мікалаеўна расказвала пра выпускнікоў, якія не забываюць пра родную школу, дапамагаюць ёй з матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем. Так, дзякуючы клопатам старшыні Лунінецкага райвыканкама Аляксандра Іванавіча Савіны заканчваецца ўкладка пліткі, рамонт актавай залы. У плане добраўпарадкавання нельга не адзначыць і дапамогу бацькоў, а таксама арганізаваную на высокім узроўні пазабюджэтную дзейнасць. Усё робіцца дзеля аднаго — камфортнага навучання і выхавання падрастаючага пакалення.
Вас вітае родны край!
Святлана Яцушкевіч з сярэдняй школы № 3 Лунінца цудоўна ведае, як згуртаваць вучнёўскі калектыў, спазнаць унутраны свет сваіх выхаванцаў.

Яе педагагічны рэцэпт даволі просты, але эфектыўны — сумесныя падарожжы, экскурсіі, вандроўкі… Здаецца, нічога новага, незвычайнага. Экскурсіі са сваім класам на працягу навучальнага года праводзяць усе класныя кіраўнікі. Але не ўсе робяць гэта настолькі часта, рэгулярна, пры любой нагодзе, нават пры любым надвор’і. Калі на вуліцы цёпла, свеціць сонца, значыць, будзе прагулка на свежым паветры. Калі за акном дажджліва, сцюдзёна, слотна або ветрана, то паездку Святлана Пятроўна плануе ў музей, тэатр або ўстанову дадатковай адукацыі.
— Не сакрэт, што экскурсіі валодаюць высокім выхаваўчым патэнцыялам. Дзякуючы ім, дзеці знаёмяцца з гісторыяй, прыродай, традыцыямі малой радзімы і Беларусі ў цэлым, з яе дасягненнямі, вядомымі людзьмі. Да гэтай формы пазакласных мерапрыемстваў я часта звяртаюся ў шосты школьны дзень або ў перыяд канікул. Мае экскурсіі адрозніваюцца па змесце, працягласці, спосабе перамяшчэння, пры іх арганізацыі заўсёды ўлічваю ўзроставыя асаблівасці навучэнцаў, — паведаміла настаўніца.
Пазнанне Радзімы, як вядома, пачынаецца з вывучэння роднага краю, таму для сённяшніх сваіх 6-класнікаў Святлана Пятроўна першую экскурсію ў мінулым годзе правяла па Лунінецкім раёне. Падчас паездкі ў Мікашэвічы разам з вучнямі наведалі сярэднюю школу № 1 імя А.У.Зайчанкі, яе экалагічны музей і музей буквара. Не засталося па-за ўвагай гасцей з Лунінца рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Граніт”, яго музей. І, канечне, палюбаваліся прамысловымі краявідамі са знакамітай агляднай пляцоўкі. Тут убачылі кар’ер, выставу тэхнікі для здабычы граніту.
Святлана Пятроўна і яе вучні з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі Усебеларускай маладзёжнай экспедыцыі “Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства”, акцый “Я гэты край Радзімаю заву”, “Квітней, мой лес!”, праекта “Зялёныя школы”.
Лунінецкі раён адметны ўнікальнымі куточкамі, багатымі на гістарычныя, культурныя і прыродныя помнікі. Адным з такіх куточкаў з’яўляецца Кажан-Гарадок. У маршрут па аграгарадку Святлана Яцушкевіч уключыла археалагічны помнік Гарадзішча-1, брацкую магілу расстраляных нацыстамі яўрэяў. Наведалі таксама Свята-Мікалаеўскую царкву, якая цяпер знаходзіцца на рэканструкцыі. Па словах настаўніцы, храм нярэдка параўноўваюць са знакамітай Пізанскай вежай, бо яе званіцы не стаяць строга вертыкальна.
— Наведалі прыдарожную капліцу і батанічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння “Векавыя дубы Кажан-Гарадоцкія”. Заключным аб’ектам нашага наведвання была племянная каняферма, дзе азнаёміліся з дзвюма пародамі коней: беларускай і палескай запражной. Гідам падчас экскурсіі выступіў старшыня сельсавета Іван Карпавіч Зубко, — удакладняе настаўніца.
З кожны годам геаграфія падарожжаў паступова пашыраецца. У экскурсійныя маршруты ўключаюцца населеныя пункты і аб’екты не толькі Лунінецкага раёна. Так, з мэтай азнаямлення з адметнасцямі Беларускага Палесся была арганізавана пазнавальная экскурсія ў Пінск, дзе наведалі Палескі драматычны тэатр і пастаноўку “Шэры воўк”. Цікавым і карысным было наведванне музея Беларускага Палесся, экспазіцыі “Піншчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны” і “Прырода Палесся”. Таксама была арганізавана пешаходная экскурсія па вуліцы Леніна і фота са знакамітай скульптурай палешука.
— У Брэсце мы заказалі экскурсію ва ўнікальны археалагічны музей “Бярэсце”, музей выратаваных мастацкіх каштоўнасцей і зімовы сад БрДУ імя А.С.Пушкіна. Не абышлося і без экскурсіі па горадзе. У перыяд зімовых канікул была арганізавана пазнавальная паездка ў Нацыянальны парк “Прыпяцкі” з яго сафары-паркам, а таксама тэатралізаваным паказам з удзелам Дзеда Мароза. На гэтых зімовых канікулах наведалі пастаноўку “12 месяцаў” на базе Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці, — расказвае настаўніца.
Раз у год вучні з Лунінца праходзяць аздараўленне ў санаторыях Беларусі. Гэты час Святлана Пятроўна таксама напаўняе карыснымі паездкамі. Так, падчас адпачынку ў Дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры “Колас” наведалі ваенна-гістарычны музей імя А.В.Суворава ў Кобрыне, музей 5-ы форт у Брэсце, конна-спартыўны клуб “Дэвайс” і археалагічны помнік “Каменная ложа”.
Настаўніца невыпадкова падрабязна расказвала пра аб’екты, якія наведвае разам з выхаванцамі. Пералічаныя ёй помнікі гісторыі, прыроды, прамысловыя прадпрыемствы, установы адукацыі і культуры варта ўключаць у экскурсійныя маршруты кожнаму класнаму кіраўніку.
— Для навучэнцаў старшых класаў экскурсіі носяць пераважна прафарыентацыйны характар, таму асноўнымі аб’ектамі для наведванняў з’яўляюцца прамысловыя прадпрыемствы — гордасць і візітоўка Лунінеччыны. На Лунінецкім малочным заводзе ўбачылі работу ўсіх ліній па перапрацоўцы малака. Наведалі прадпрыемства “Вікторыя”, прычым пабывалі ва ўсіх аддзелах — і ў канструктарскім, і ў ліцейным. Наведалі лакаматыўнае дэпо “Лунінец”, дзе азнаёміліся са спецыфікай работы, а таксама ўстановамі адукацыі, якія рыхтуюць спецыялістаў для чыгункі.
Цікавай была сустрэча ў рэдакцыі газеты “Лунінецкія навіны”. Журналісты расказалі пра гісторыю выдання, а таксама дапамаглі маёй ужо выпускніцы Юліі Германовіч вызначыцца з прафесіяй. Цяпер яна з’яўляецца студэнткай спецыяльнасці “Журналістыка” Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, — паведаміла Святлана Пятроўна.
Ігар ГРЭЧКА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





