Валанцёры нашага ліцэя з карысцю праводзяць вольны час: дапамагаюць ветэранам, вядуць душэўныя размовы з цікавымі людзьмі, працуюць у клубе па інтарэсах, ладзяць розныя акцыі. Адна з такіх акцый адбылася нядаўна для дзяцей сацыяльнага прытулка Драгічына. Падчас мерапрыемства, якое называлася “Рабі дабро”, навучэнцы паказалі казачную інсцэніроўку і перадалі падарункі.
Сустрэлі валанцёраў шумна, цёпла і весела. Вакол панавала радасная і ўзнёслая атмасфера. Дзеці акружылі навучэнцаў і цікаўна назіралі за імі. Некаторыя падыходзілі, абдымаліся. Не верылася, як можна было кінуць такіх дзяцей.
Выхаванцы прытулка выконвалі песні і чыталі вершы, за што атрымлівалі заслужаныя падарункі. Сустрэча атрымалася па-сяброўску шчырай і даверлівай.
Дамовіліся, што праз пэўны час дзеці з выхавальнікамі наведаюць ліцэй, дзе для іх пройдзе канцэрт.
Народная мудрасць гаворыць: “Шчасця дасягае той, хто імкнецца зрабіць шчаслівым іншых”. Гэтым у сваёй рабоце кіруюцца нашы валанцёры, на рахунку якіх шмат добрых спраў.
Алена НЯСЦЮК,
выкладчыца гісторыі Абласнога аграрна-вытворчага
прафесійнага ліцэя Драгічына.