Як хлопец з ліцэя становіцца чарадзеем

- 10:51"АРТ-вакацыі": галерэя творцаў

Надоечы ў рамках сумеснага з Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі праекта “АРТ-вакацыі”: галерэя творцаў” “Настаўніцкая газета” пабывала ў Ваўкавыскім дзяржаўным будаўнічым прафесійным ліцэі, дзе пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі Алены Клімавай ужо шмат гадоў плённа займаецца творчасцю вакальная група “Хлопцы з ліцэя” — пераможца Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнцаў “АРТ-вакацыі”.

Маім першым прыемным уражаннем ад паездкі ў Ваўкавыск стаў ужо сам будынак тутэйшага прафліцэя па вуліцы Школьнай, 1 — прыгожы, размешчаны на высокай горцы ў гістарычным цэнтры горада, бачны здалёк. “Нас жартам называюць тут Гарвардам на горцы”, — заўважае дырэктар ліцэя Андрэй Аляксандравіч Карачанцаў, ласкава запрашаючы прайсці ўнутр. Падчас невялікай экскурсіі па ліцэі ён раз-пораз звяртае маю ўвагу на такія, напрыклад, рэчы, што гэтая ўстанова прафтэхадукацыі невялікая па памерах, але на самай справе вельмі ўтульная, з вокнаў тут адкрываюцца цудоўныя краявіды Ваўкавыска. Звяртае маю ўвагу таксама і на рамонт, зроблены не ў апошнюю чаргу рукамі саміх ліцэістаў, будучых будаўнікоў. Паказвае на дыхтоўныя мастацкія фотаздымкі пад шклом у рамках, развешаныя ўсюды на сценах: касцёл Святога Вацлава, царква Святога Мікалая, ваенна-гістарычны музей імя Баграціёна, выканкам, ліцэй, у якім мы знаходзімся… Праходзячы міма аднаго кабінета, заўважаю мемарыяльную дошку, якая сведчыць пра тое, што ў гэтым будынку (раней тут размяшчалася школа) вучыўся вядомы беларускі і расійскі акцёр Аляксандр Дзядзюшка. Словам, я паступова разумею, што Ваўкавыскі дзяржаўны будаўнічы прафесійны ліцэй — гэта тутэйшы цэнтр не толькі прафесійна-тэхнічнай адукацыі, але, калі хочаце, і культуры як такой, увасобленай ужо нават у самой прасторы. Наша гутарка з Андрэем Аляксандравічам працягваецца ў яго працоўным кабінеце, дзе да нас далучаецца яго намеснік па вучэбна-выхаваўчай рабоце Ала Сямёнаўна Рубашка. І я даведваюся ўсё новыя і новыя для сябе факты пра ліцэй: што ён стаў апошняй установай прафесійна-тэхнічнай адукацыі, адкрытай у нашай краіне ў 1997 годзе (тады яшчэ як Ваўкавыскае ПТВ № 238 будаўнікоў); што тут рыхтуюць прафесіяналаў розных спецыяльнасцей будаўнічага профілю (тынкоўшчыкаў, муляраў, бетоншчыкаў, маляроў і інш.) і даюць магчымасць навучэнцам паралельна атрымліваць другую спецыяльнасць, напрыклад, “Слесар па рамонце аўтамабіляў” і “Вадзіцель катэгорыі С”; што сёння тут вучацца 162 навучэнцы, з іх толькі дзве дзяўчынкі…
Паступова мы падыходзім да тэмы выхаваўчай дзейнасці ў ліцэі, у тым ліку сродкамі эстэтыкі. І адзін з кампанентаў гэтага выхавання эстытыкай менавіта месца, будынак, дом “Гарвард на горцы”. Пры гэтым Андрэй Карачанцаў заўважае: “Вы ведаеце, за свой шматгадовы вопыт кіравання ўстановамі адукацыі я прыйшоў да высновы, што праблемныя дзеці, часта абдзеленыя бацькоўскай увагай, яны не гладкія, не пушыстыя, але, калі ты не будзеш ім хлусіць, калі ты іх па-сапраўднаму нечым зачэпіш, павядзеш за сабой, шчыра агорнеш іх увагай, якой ім не хапае ў сям’і, яны будуць удзячныя табе ўсё жыццё”.
У сваю чаргу Ала Сямёнаўна Рубашка дадае: “Дзеці, якія ў нас вучацца — гэта тыя дзеці, якія, можа быць, заставаліся ў цені поспехаў сваіх прасунутых аднакласнікаў у сярэдняй школе, адкуль яны да нас прыйшлі. Таму за аснову выхаваўчай дзейнасці ў ліцэі мы і ўзялі праграму “Выхаванне поспехам”. (Такім чынам, другі кампанет выхавання эстэтыкай — гэта стварэнне сітуацыі поспеху для кожнага навучэнца.М.Ч.). Поспех — гэта вельмі важны складнік у развіцці маладога чалавека, можна сказаць, нават рухавік у яго развіцці, таму неабходна знайсці нейкі паспяховы від дзейнасці, асабліва для нашай катэгорыі дзяцей. Мы так і гаворым ім: “Да вучобы прачнулася цікавасць — налягай на вучобу, рукамі рабіць добра атрымліваецца — паказвай тут, што ты можаш, а калі спяваць вельмі падабаецца — спявай!” Вы яшчэ пазнаёміцеся з Аленай Аляксандраўнай Клімавай, мастацкім кіраўніком вакальнай групы “Хлопцы з ліцэя”, і яна вам раскажа, якімі шэрымі мышкамі многія дзеці прыходзяць вучыцца ў ліцэй і каго яна з іх робіць. Многія з яе выхаванцаў, удзельнікаў вакальнай групы, у школе нават на ўроку спеваў рот не адкрывалі, а тут яны выходзяць на сцэну і спяваюць”.
Я знаёмлюся з Аленай Аляксандраўнай Клімавай, яна пачынае расказваць пра сябе. І цяпер мы абазначым трэці кампанент выхавання эстэтыкай — незвычайныя лёсы і педагогі-энтузіясты.
Нарадзілася на Сахаліне ў сям’і мамы-беларускі і таты-расіяніна. “17 гадоў пражыла на востраве Сахаліне, так што дзяўчына я паўночная, загартаваная, — расказвае Алена Аляксандраўна. — Мама, выхавальніца ясляў, і тата, вадзіцель, вучылі нас з братам ніколі не пасаваць перад цяжкасцямі, прывучалі да адказнасці ў жыцці… А ведаеце, што такое зіма на Сахаліне? Яна пачынаецца ў кастрычніку і заканчваецца толькі ў маі — чэрвені. Сёння я люблю разглядаць свой фотаздымак з выпускнога: на дварэ чэрвень, а мы ўсе апрануты ў зімовае. Ільды яшчэ нават не сышлі”.
Там, на Сахаліне, Алена Аляксандраўна скончыла музычную школу па класе скрыпкі. “Памятаю, надзяваю двое рукавіц, бяру тую скрыпку і іду, — працягвае мая суразмоўніца. — Ісці было далёка, рукі нават у дзвюх рукавіцах адмярзалі, я плакала — ну чаму я не вучуся на фартэпіяна, якое не трэба было несці ў школу?! — але ішла, ішла вучыцца… І, у рэшце рэшт, засталася ўдзячнай сваёй музычнай школе на ўсё жыццё, бо там, акрамя ўсяго, я ўдзельнічала ў камерным дзіцячым аркестры, народным дзіцячым аркестры, спявала ў хоры. Гэта былі вельмі сур’ёзныя па ўзроўні калектывы. Мы гастралявалі па ўсім Сахаліне, ляталі нават у Маскву. Тады, у гады вучобы ў музычнай школе, і адбылося маё сапраўднае далучэнне да музыкі. Тады я зразумела яшчэ і тое, што вельмі важна выносіць свае ўменні на публіку, ніколі не спыняцца на дасягнутым”. А потым у жыцці Алены Клімавай была Беларусь, Гродзенскае музычна-педагагічнае вучылішча, дзе яна сутыкнулася з беларускай мовай, спачатку смяшыла сваіх аднакурсніц вымаўленнем тэрмінаў, ды ўсё больш і больш уцягвалася ў беларускасць, станавілася, калі можна так сказаць, беларускай. Сапраўдны прарыў у гэтым сэнсе, сапраўднае далучэнне да беларускіх народных традыцый, беларускай народнай музыкі адбылося ў пачатку нулявых гадоў, калі Алена Аляксандраўна пачала спяваць у народным ансамблі музыкі, песні і танца “Вяселле” пры Ваўкавыскім раённым доме культуры. “Гэта было неверагоднае адкрыццё зусім новага для мяне свету, — узгадвае мая гераіня. — Я проста жыла ўсім гэтым: беларускімі народнымі спевамі, танцамі. Усё гэта хутка стала для мяне родным, як быццам я і нарадзілася некалі ў Ваўкавыску. З ансамблем “Вяселле” мы выступалі на самых прэстыжных фестывалях у Беларусі, пабывалі ў Польшчы, Расіі, Іспаніі, Турцыі, Украіне… Гэта быў вельмі паспяховы калектыў, якому я як расіянка вельмі ўдзячна яшчэ і за тое, што ён адкрыў для мяне беларускі музычны фальклор”.
Тым часам Алена Аляксандраўна працавала ўжо ў Ваўкавыскім будаўнічым прафтэхліцэі — спачатку проста культарганізатарам, кіравала мастацкай самадзейнасцю ва ўстанове. Вакол яе паступова згуртавалася суполка: яна як адказная за спевы, Андрэй Малец — аранжыроўшчык, і Наталля Гарбачык — харэограф. “Без Андрэя і Наталлі я, безумоўна, нічога адна не зрабіла б, — гаворыць Алена Аляксандраўна. — Проста спяваць — гэтага было мала, гэта было нецікава. Патрэбен быў вобраз, карцінка (бо менавіта яе ў першую чаргу бачыць глядач і толькі потым ужо чуе спевы), патрэбна была аранжыроўка (каб карцінка супадала з вакалам)”.Алена Клімава (трэцяя справа) разам з бацькамі і братам у дзяцінстве(Сайт) Паступова юных артыстаў з Ваўкавыскага ліцэя пачалі заўважаць на гарадскіх і раённых конкурсах ды фестывалях, на розных тэматычных канцэртах. І ўсё больш і больш вылучалася з гэтай самадзейнасці хлапечая вакальная група, асабліва калі ў ліцэі пачалі спыняць навучанне па непапулярных дзявочых спецыяльнасцях і ўстанова ўсё выразней пачала ператварацца ў мужчынскую. Да канца нулявых нашых хлопцаў з ліцэя ўжо чакалі на канцэртах. Людзі менавіта так і пыталіся, калі ў ГДК мусіў адбыцца чарговы гарадскі канцэрт: “А хлопцы з ліцэя будуць выступаць?” Паўстала пытанне назвы. Былі розныя варыянты. І аднойчы Алене Аляксандраўне адкрылася: “А навошта прыдумляць нейкія недарэчныя фінціклюшкі? У горадзе ёсць два каледжы — педагагічны і аграрны. А ліцэй адзін. І нашых хлопцаў з ліцэя ведаюць усе. Дык няхай наш калектыў так і называецца — “Хлопцы з ліцэя”!” Так у 2009 годзе і пачала афіцыйна называцца вакальная група Ваўкавыскага будаўнічага прафесійнага ліцэя — “Хлопцы з ліцэя”. Прыблізна з гэтага ж часу калектыў Алены Аляксандраўны Клімавай увайшоў у свой самы зорны перыяд.

СЛОВЫ НАВУЧЭНЦАЎ ЛІЦЭЯ

Раман Зарэцкі, будучы вадзіцель-аўтаслесар: “Ніколі не забуду свой удзел у гала-канцэрце “АРТ-вакацый” у Маладзечне. Я ўбачыў сваіх аднагодкаў — такіх жа хлопцаў з ПТВ, якія выступаюць у розных калектывах. Ніколі не думаў, што нас так шмат”.
Дзяніс Бубноў і Руслан Жардзецкі: “Мы займаемся пакуль у ансамблі паўгода, але шмат чулі пра “АРТ-вакацыі” і прыкладзём усе намаганні для таго, каб перамагчы ў гэтым фестывалі ў 2017 годзе”.

А далей проста некаторыя прынцыповыя творчыя моманты з вуснаў непасрэдна самога мастацкага кіраўніка “Хлопцаў з ліцэя”. Адносна рэпертуару: “Наш калектыў дзіцячы. І тут вельмі важна падбіраць словы, каб дзеці разумелі, пра што яны спяваюць і што яны гэтымі словамі могуць данесці публіцы. Менавіта таму ў нашым рэпертуары з’явілася жартоўная “Мяшчаначка” (перааранжыраваныя песні бабулек з Падлясся), “Ой, да, ой, да…” (з рэпертуару Івана Кірчука з “Тройцы”). Што тычыцца ваеннай тэматыкі, то зноў жа мы не можам узяць песню, напісаную з пазіцыі чалавека, які сам прайшоў вайну. Тут павінна быць песня, адпаведная ўзросту сённяшніх маладых людзей: так, была страшэнная вайна, на якой мы не ваявалі, але мы ведаем пра яе і свята захоўваем пра яе памяць. Іншым разам я іду ў бібліятэку і перагортваю старыя песеннікі. А чаму і не? Там ёсць вельмі многа цікавых рэчаў. Проста перааранжыраваць іх — і ўсё. І, безумоўна, самае галоўнае, каб гэта былі прыгожыя, даступныя дзецям словы”.

МЕРКАВАННЕ ЭКСПЕРТА

Сустаршыня журы Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнцаў “АРТ-вакацыі” Алена Лаўрыновіч: “Калектыў “Хлопцы з ліцэя” — адзін з самых маладых, прадстаўленых у праекце “АРТ-вакацыі”: галерэя творцаў”. Тым не менш ён вельмі яскрава заявіў пра сябе ў 2011 годзе, прадставіў вельмі шматгранную праграму і разнапланавы рэпертуар (класіка, фальклор, эстрада) у 2013 годзе, а ў 2015 годзе стаў фактычна адной з зорак фестывалю. Па традыцыі фестывалю, заключную песню гала-канцэрта, а па сутнасці, фестывальны гімн “Фестываль, ляціш, як песня, ты…” даручаецца выконваць лепшаму калектыву гэтага фестывальнага сезона. І якраз у 2015 годзе такое права атрымалі “Хлопцы з ліцэя”. Самае галоўнае іх багацце — шчырасць у выкананні і жаданне дарыць радасць гледачу”.

Адносна выхавання сцэнічнай культуры: “У гэтым плане нам бясцэнную падтрымку аказвае наш гарадскі Дом культуры. Нам прадастаўляюць і сцэну для рэпетыцый, і студыю для звядзення аранжыровак, запісу падгалосак і інш. Такім чынам, нашы “Хлопцы з ліцэя” выступаюць і ў сваім ліцэі перад сябрамі, і ў іншых установах адукацыі перад школьнікамі, і на прадпрыемствах перад рабочымі, перад сваімі калегамі, і на канцэртах перад ветэранамі вайны і працы, і на конкурсных пляцоўках фестывалю “АРТ-вакацыі”… Так і напрацоўваецца наша сцэнічная культура. І людзям жа сапраўды падабаюцца “Хлопцы з ліцэя”. Яны бачаць:
гэтыя хлопцы могуць добра праспяваць і патанцаваць, а недзе нават і рассмяшыць сваёй непасрэднасцю”. Такім чынам, яшчэ адзін кампанент выхавання эстэтыкай — выхаванне сцэнай і выхаванне канцэртнай дзеяй.
Адносна крытэрыяў набору ўдзельнікаў: “Безумоўна, на першым месцы вакальныя даныя. Але тут такая справа. Да мяне сёлета прыйшлі два баяністы, якія сем гадоў адвучыліся ў музычнай школе па класе баяна. Але каардынацыі паміж слыхам і голасам у іх няма, яны нават не разумеюць, дзе яны знаходзяцца, беручы тую ці іншую вышыню гуку. А яшчэ плюс мутацыя голасу ў 15—16 гадоў… Вось і пачынаюцца праблемы. Наогул, я праслухоўваю ўсіх і, калі бачу, што той ці іншы хлопец можа браць ноткі, запрашаю яго ў калектыў. Мне нават не важна, зможа ён хутка выйсці на сцэну або толькі праз год. Няхай увесь год будзе тэхнічна напрацоўваць слых і гук, пакуль не дасягне ўзроўню сцэны”.
Адносна ўдзячнасці: “Я вельмі ўдзячна ўсім, хто са мной працуе ці працаваў побач, а таксама ўсім маім выхаванцам. Многія з маіх выпускнікоў сталі мне сапраўды роднымі. Ёсць для каго жыць і працаваць”.
Адносна сілы волі: “Сіла волі — гэта адна з тых рэчаў, якую мы культывуем у калектыве. Не бегчы ў камп’ютар гуляць пасля заняткаў, ні тым больш ісці за вугал напіцца ці накурыцца, а хуценька схадзіць дадому паабедаць і ўрокі зрабіць, а потым паехаць на рэпетыцыю і займацца да 9 вечара. Вось так і выхоўваецца сіла волі. Я ім так і кажу: “У вашым жыцці на першым месцы павінна стаяць слова “трэба”, а слова “хачу” — на другім. Пабачыце: тады ў будучым вашым жыцці і ў сям’і, і на працы ўсё будзе добра”. Такім чынам, пяты кампанент выхавання эстэтыкай — гэта выпрацоўка сацыяльнага пазітыву і ўпэўненасці ў будучыні.
Адносна будучых планаў: “Галоўнае — не спыняцца на дасягнутым. І найперш мяне сёння цікавяць народныя спевы. Я бачу, што яны і дзяцей прыцягваюць. Асабліва ім падабаецца перарабляць усё гэта на сучасны лад. Фальклор — для нас гэта вельмі важна. І гэта вельмі складаная з’ява, якую трэба яшчэ зразумець і прыняць душой”.

Мікола ЧЭМЕР.
Мінск — Ваўкавыск — Мінск.
Фота з асабістага архіва Алены КЛІМАВАЙ.