Вучоныя з Беларусі, Украіны, Польшчы, Канады, Казахстана, Расіі, В’етнама прынялі ўдзел у Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Рэгіянальная анамастыка: праблемы і перспектывы даследавання”, якая адбылася на базе Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава.
Вучоныя абмяркоўвалі анамастыка-педагагічныя праблемы ў адукацыйнай прасторы, тэорыю і метадалогію анамастычных даследаванняў, сучасныя праблемы тапанімікі і антрапанімікі, літаратурнай анамастыкі, а таксама іншыя актуальныя пытанні гэтай галіны мовазнаўства. Нагадаем, анамастыка — навука пра ўласныя імёны, заканамернасці іх развіцця і функцыянавання.
— Унікальнасць уласнага імя ў тым, што яно можа служыць матэрыялам для любых лінгвістычных і нават больш за тое — філалагічных даследаванняў, — заўважыў прафесар Данецкага нацыянальнага медыцынскага ўніверсітэта Валерый Калінкін. — Дазволю сабе наступную аналогію: вучоныя пры вывучэнні пэўнай з’явы выбіраюць аб’ект, найбольш паказальны для хуткага і эфектыўнага атрымання неабходных звестак. Калі займаюцца генетыкай, рэдка вывучаюць генетыку чалавека: ведаеце, сто пакаленняў — гэта амаль дзве тысячы гадоў, а калі разглядаць менш чым сто пакаленняў, няма сэнсу гаварыць пра генетычныя з’явы, бо даследуецца спадчыннасць. І 46 храмасом — нямала. Але ёсць такая маленькая мушка дразафіла, у якой усяго 4 храмасомы, размнажаецца яна з хуткасцю ў чатыры дні, такім чынам мы маем сто пакаленняў за 400 сутак. Потым усё гэта экстрапаліруецца і пераводзіцца на чалавека. Я лічу, што імя ўласнае — такая ж незаменная “дразафіла” філалогіі. Яго даследаванне можа даць адказы практычна на любыя пытанні азначанай навуковай галіны.Лінгвістычная ў сваёй аснове анамастыка ўключае разнапланавыя кампаненты, якія дапамагаюць выяўляць спецыфіку названых аб’ектаў і традыцыі, звязаныя з іх імёнамі. Гэтая асаблівасць выводзіць анамастыку за межы ўласна лінгвістыкі і трансфармуе ў цесна звязаную з комплексам гуманітарных навук, а таксама навук аб Зямлі і сусвеце аўтаномную дысцыпліну, што выкарыстоўвае пераважна лінгвістычныя метады.
Адной з найбольш аўтарытэтных у блізкім і далёкім замежжы анамастычных навуковых школ з’яўляецца віцебская. Шырокае прызнанне ў навуковым свеце атрымалі работы прадстаўнікоў ВДУ імя П.М.Машэрава: прафесара Валянціны Маславай, прафесара Ганны Мезенка і іх калег. Пра вызначальны ўплыў даследаванняў віцяблян на развіццё сучаснай анамастыкі гаварылі многія выступоўцы.
Імёны ўласныя рэагуюць на прыродныя і грамадскія падзеі, змены ў соцыуме. Яны могуць выконваць ролю маркёраў, храналагізатараў тэкстаў, гістарычных, літаратурных і археалагічных помнікаў. З прычыны асаблівай кансерватыўнасці ўласных імёнаў яны звычайна перажываюць эпоху свайго ўзнікнення, пры гэтым утрымліваючы сведчанні больш старажытнага стану мовы, і захоўваюць вялікую моўную і пазамоўную інфармацыю, атрымаць якую можна толькі лінгвістычнымі метадамі.
— Культура ўключана ў мову (гэта факт бясспрэчны), паколькі мова як сродак камунікацыі ўбірае ў сваю семантыку ўсё, што звязана з культурнай кампетэнцыяй яе носьбітаў, і перадае гэта з пакалення ў пакаленне. Разам з тым нельга блытаць паняцці: тое, што многія анамасты дагэтуль называюць лінгвакультуралогіяй, на справе нярэдка з’яўляецца звычайным лінгвакраязнаўчым, гістарычным, калі хочаце, каментарыем, — падкрэсліла Валянціна Маслава. Па словах намесніка старшыні аргкамітэта канферэнцыі Ганны Мезенка, актуальнасць правядзення форуму абумоўлена шэрагам прычын — ад працэсаў сусветнай глабалізацыі да праблем ідэнтыфікацыі ў дакументах уласных імёнаў. На практычных аспектах сучаснай анамастыкі акцэнтаваў увагу член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Аляксандр Лукашанец:
— Мне даводзіцца літаральна штодзень сутыкацца з разыходжаннямі ў запісах у дакументах уласных імёнаў пры перадачы іх сродкамі розных моў і розных графічных сістэм. Штогод мы даём больш за тысячу адказаў на адпаведныя запыты. Вопыт сведчыць, што існуюць пэўныя складанасці з ідэнтыфікацыяй слоў і запісаў, асабліва ў пашпартах, у тым ліку абумоўленыя сітуацыяй беларуска-рускага двухмоўя. І хаця, па маім меркаванні, у сферы іменнаслоўнай практыкі прынцып паралельнага парытэтнага выкарыстання абедзвюх дзяржаўных моў выконваецца найбольш паслядоўна і поўна, тут ёсць істотныя праблемы. Найперш яны звязаны з характарам двухмоўя, калі пастаянна суіснуюць і ўзаемадзейнічаюць мовы з амаль аднолькавымі графічнымі сістэмамі, а таксама з асаблівасцямі двухмоўнай кампетэнцыі нашага грамадства. Гэтыя праблемы, несумненна, патрабуюць крытычнага асэнсавання і практычнага ўрэгулявання.
— Глабалізацыя садзейнічае аб’яднанню і нівеліраванню асаблівасцей, у тым ліку назваў, — заўважыла Ганна Мезенка. — Глабалізацыя ў анамастыцы, з аднаго боку, станоўчая з’ява. З другога — яна пазбаўляе свайго, нацыянальнага. Усё гэта павышае значэнне рэгіянальных даследаванняў. Напрыклад, менавіта на рэгіянальным узроўні можна паказаць, у чым беларусы, якія размаўляюць на рускай мове, адрозніваюцца ад расіян. Рэгіяналістыка — магчымасць, здольнасць і прамая неабходнасць кожнага народа паказаць сваю адметнасць, спецыфіку. Добра, што мы маем шмат агульнага. Так распарадзілася жыццё, што чалавецтва ўсё больш і больш рухаецца па гэтым шляху. Але ж мы розныя, і наша багацце ў тым, каб вялікае, агульнае грунтавалася на індывідуальным. Імя ўвогуле таямніца, якую ўсе спрабуюць разгадаць, аднак пакуль нікому гэта не ўдалося. Гэта тое, што нас ідэнтыфікуе, вылучае і дыферынцыруе сярод мноства, а таму мы павінны клапаціцца пра ўласныя імёны, каб яны дапамагалі нам жыць і паспяхова самарэалізавацца ў грамадстве.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.