Сёння “Настаўніцкая газета” адкрывае новую рубрыку, прысвечаную правядзенню 29—30 жніўня Рэспубліканскага педагагічнага савета, на якім мяркуецца правесці дзелавую, канструктыўную размову педагагічнай грамадскасці аб развіцці адукацыі нашай краіны на найбліжэйшы час, аб існуючых праблемах і аб шляхах іх вырашэння. Удзельнікамі нарады стануць кіраўнікі сістэмы адукацыі, дырэктары навучальных устаноў, настаўнікі, метадысты. Кожны з чытачоў “Настаўніцкай газеты” можа далучыцца да размовы на нашых старонках і выказаць свае прапановы і пажаданні. Пачынае нашу размову міністр адукацыі М.А.Жураўкоў.
Па традыцыі новы навучальны год пачынаецца ў кожным рэгіёне са жнівеньскай канферэнцыі педагагічных работнікаў, якая з’яўляецца своеасаблівай мяжой паміж мінулым і новым навучальным годам. Такія канферэнцыі — гэта і падвядзенне вынікаў мінулага навучальнага года з усімі яго дасягненнямі і праблемнымі пытаннямі, і планаванне работы на найбліжэйшы навучальны год. Такім чынам, рэгіянальныя канферэнцыі ўяўляюць сабой у сукупнасці своеасаблівую дарожную карту развіцця сістэмы адукацыі Беларусі на найбліжэйшую перспектыву.
Як веер, жнівеньскія канферэнцыі падхопліваюцца ва ўстановах адукацыі, няхай гэта будзе ўстанова дашкольнай або агульнай сярэдняй, або прафесійна-тэхнічнай, або вышэйшай адукацыі. І ўжо ў кожнай канкрэтнай навучальнай установе з улікам традыцый, дасягнутых вынікаў і намечаных перспектыўных напрамкаў педагагічныя калектывы дэталёва плануюць сваю працу на найбліжэйшы навучальны год.
Новы 2016/2017 навучальны год асаблівы — старт яму дасць 30 жніўня Рэспубліканскі педагагічны савет. Форум, які мае адбыцца, — гэта лагічнае завяршэнне даволі доўгага перыяду актыўнага абмеркавання шматлікіх прапаноў, выпрацоўкі рашэнняў па развіцці і ўдасканаленні сістэмы адукацыі нашай дзяржавы. Я спадзяюся, што савет стане значнай падзеяй для краіны, дзе мы выразна абазначым і ўзгоднім напрамкі далейшага развіцця адукацыі.
Пры падрыхтоўцы да нашага форуму на сустрэчах з педагагічнымі калектывамі школ, ліцэяў, каледжаў, членамі саветаў устаноў вышэйшай адукацыі, інстытутаў развіцця адукацыі, грамадскімі аб’яднаннямі педагогаў, у індывідуальных і групавых дыскусіях і гутарках мы абмяркоўваем шляхі развіцця сістэмы адукацыі (далейшы курс развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі).
Кіраўнікі ведамства, начальнікі структурных падраздзяленняў, прадстаўнікі падведамасных арганізацый толькі за май правялі ўжо больш за 30 сустрэч ва ўсіх рэгіёнах краіны. Яшчэ больш актыўную работу трэба будзе выканаць у ліпені — жніўні. На працягу ўсіх летніх месяцаў будзе праходзіць маніторынг прапаноў і пытанняў для абмеркавання на савеце.
Безумоўна, галоўным вектарам развіцця сістэмы адукацыі павінна быць павышэнне якасці адукацыі і ўніфікацыя ўсіх яго ступеней. Якія складнікі якасці адукацыі? Што трэба зрабіць на дзяржаўным узроўні, а якая роля кожнага з удзельнікаў адукацыйнага працэсу ў павышэнні якасці адукацыі? Якія стандарты вышэйшай адукацыі? Якім павінен быць сучасны адукацыйны працэс ва ўніверсітэце? Пытанняў мноства, варыянтаў адказаў на іх не менш. На педагагічным форуме неабходна зацвердзіць узгодненае адзінае рашэнне.
Развіццё навукі і навуковага сегмента ў адукацыйным працэсе таксама павінна стаць адной з галоўных тэм савета. Нам патрэбны тэхнічныя і эканамічныя ўздымы, а без адукацыі і навукі гэта немагчыма. Для стварэння канкурэнтаздольнай эканомікі неабходны веды, ініцыятыва і творчасць. Без крэатыўнага падыходу да вырашэння любой задачы з боку настаўніка, выкладчыка, навучэнца або студэнта мы так і будзем вырашаць задачы па шаблоне і шукаць адказ у канцы падручніка.
Яшчэ адно важнае пытанне — актыўнае ўкараненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыю. Навучэнцы і студэнты даўно ўжо з імі на “ты”, а вось ці гатовы да гэтага настаўнікі і выкладчыкі? І, галоўнае, трэба зрабіць так, каб інфармацыйныя тэхналогіі працавалі на адукацыйны працэс, на якасць адукацыі, а не толькі запаўнялі нішу баўлення часу.
Не менш актуальнай з’яўляецца тэма прафарыентацыі навучэнцаў. На жаль, чамусьці прынята лічыць, што гэта задача школы. Але хто зацікаўлены ў тым, каб на прадпрыемства прыйшлі высокакваліфікаваныя і творчыя спецыялісты? Безумоўна, кіраўнік прадпрыемства, арганізацыі. І на педагагічным савеце вельмі хацелася б знайсці той залаты ключык, з дапамогай якога мы зможам прыцягнуць работадаўцаў да заняткаў з дзецьмі, да арганізацыі дапрафесійнай і прафесійнай падрыхтоўкі.
Не апынецца па-за ўвагай і пытанне павышэння прэстыжу самой прафесіі педагога. З аднаго боку, роля выкладчыка і настаўніка павінна стаць больш важкай у грамадстве. Настаўнік — гэта слова павінна пісацца толькі з вялікай літары і прамаўляцца выключна з павагай. З іншага боку, немалаважны матэрыяльны аспект.
Перспектыўным напрамкам бачыцца фінансаванне школ зыходзячы з нарматыўнага разліку затрат на аднаго навучэнца, а таксама ўвядзенне галіновай сістэмы аплаты працы. Гэта ў значнай ступені дазволіць палепшыць матэрыяльную базу школ і павысіць узровень заработнай платы педагогаў. Ці гатовы рэгіёны да такога фінансавання, як праходзіць эксперымент, калі да яго падключыцца ўся краіна, — яшчэ цэлы блок пытанняў для абмеркавання.
Сістэма адукацыі — гэта вялікі, складаны, унікальны арганізм, дзе душэўная цеплыня і мудрасць, прафесійная зацікаўленасць і смеласць дазваляюць ствараць дзівосны свет, здзяйсняць вялікія адкрыцці. Давайце разам зробім нашых дзяцей шчаслівымі, а настаўнікаў — упэўненымі ў неабходнасці іх працы!