“Аб інклюзіі трэба часцей гаварыць, прычым на ўсіх узроўнях”

- 14:09Рознае, Спецыяльная адукацыя

У Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце ў 2013 годзе быў створаны сектар навукова-метадычных рэсурсаў інклюзіўнай адукацыі. Яго загадчыкам прызначана Рэгіна Баляславаўна Венцаль. Разам з ёй працуе і садзейнічае папулярызацыі ідэй інклюзіі кандыдат педагагічных навук прафесар кафедры педагогікі Вера Валер’еўна Хітрук. Пры яе ўдзеле ва ўніверсітэце ўпершыню ў краіне была ўведзена дысцыпліна “Асновы інклюзіўнай адукацыі”, створаны адпаведная праграма і электронны ВМК, выдадзены практыкум. Сёлета Вера Валер’еўна абараніла доктарскую дысертацыю па тэме “Фарміраванне інклюзіўнай гатоўнасці будучых педагогаў ва ўмовах вышэйшай адукацыі”.

— Вера Валер’еўна, скажыце, калі ласка, якім быў ваш шлях у сферу інклюзіі. Якія канкрэтныя крокі былі зроблены ва ўніверсітэце для папулярызацыі пераваг менавіта такой адукацыі?

— Тэма інклюзіі ў адукацыі — гэта мой асабісты выбар. Яна мае на ўвазе права кожнага чалавека на атрыманне адукацыі і гарантуе гэтае права. Амаль што ўся мая прафесійная дзейнасць падпарадкавана папулярызацыі ідэй інклюзіі. Па адукацыі я настаўнік-дэфектолаг, у 1986 годзе скончыла дэфекталагічны факультэт цяперашняга БДПУ імя Максіма Танка. Працавала ва Улукоўскай дапаможнай школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, была лагапедам у дзіцячым садзе, у паліклініцы. Пасля абароны кандыдацкай дысертацыі стала загадчыкам кафедры педагогікі, псіхалогіі і сацыялогіі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. З адкрыццём Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта перайшла туды на пасаду загадчыка кафедры педагогікі, а пасля стала прарэктарам па вучэбнай рабоце. Гэта было ў 2004 годзе. У той час у нашай краіне актыўна рэалізоўваліся мадэлі інтэграванага навучання і выхавання, але падрыхтоўка педагогаў агульнаадукацыйных устаноў да работы з дзецьмі з АПФР не ажыццяўлялася. Аб інклюзіўнай адукацыі я даведалася на адным з мерапрыемстваў, якое арганізоўвала прадстаўніцтва Міжнароднага дзіцячага фонду ў Рэспубліцы Беларусь. Далейшае вывучэнне інклюзіўных працэсаў цалкам змяніла маю свядомасць, і не толькі прафесійную (раней я была прыхільніцай паглыбленай карэкцыйнай работы ва ўмовах спецыяльнай адукацыі). Як вынік — паступленне ў 2012 годзе ў дактарантуру ў Балтыйскі федэральны ўніверсітэт і абарона доктарскай дысертацыі.


З 2011 года ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце па заданні Міністэрства адукацыі пачалі праводзіцца навуковыя даследаванні па праблемах інклюзіўнай адукацыі. У 2013 годзе ва ўніверсітэце быў адкрыты сектар навукова-метадычных рэсурсаў інклюзіўнай адукацыі, які атрымаў універсітэцкі статус. Стварэнне такога сектара адбылося ў рамках рэалізацыі праекта “Інклюзіўнай адукацыі — інклюзіўнага педагога”, які ажыццяўляла прадстаўніцтва Міжнароднага дзіцячага фонду ў нашай краіне. Сектар вядзе дзейнасць у шэрагу кірункаў: асветніцкім і кансультатыўным, метадычным і даследчым, выдавецкім і ў кірунку міжнароднага супрацоўніцтва. Базай навуковых, метадычных, дыдактычных рэсурсаў сектара карыстаюцца многія выкладчыкі ўніверсітэта пры падрыхтоўцы будучых педагогаў. У перспектыве гэтае рэсурснае ўніверсітэцкае падраздзяленне набудзе статус цэнтра.

У 2013 годзе ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце ўпершыню ў краіне была ўведзена дысцыпліна “Асновы інклюзіўнай адукацыі” і распрацавана да яе адпаведнае вучэбна-метадычнае забеспячэнне. Новая дысцыпліна пачала выкладацца на ўсіх педагагічных спецыяльнасцях факультэта педагогікі і псіхалогіі і факультэта славянскіх і германскіх моў. У дысцыпліны сацыяльна-гуманітарнага блока былі ўнесены адпаведныя змяненні і дапаўненні. Мы правялі вялікую вучэбную работу падчас семінараў і трэнінгаў з выкладчыкамі гэтых факультэтаў, якія сёння мэтанакіравана працуюць над фарміраваннем кампетэнцый будучых педагогаў ва ўмовах інклюзіўнай адукацыі.

Упэўнена, што пытанні інклюзіўнай адукацыі, рэалізацыі правоў на адукацыю асобамі з інваліднасцю неабходна адлюстраваць і ў дысцыплінах, прызначаных для падрыхтоўкі будучых эканамістаў і юрыстаў. Сёння вы мелі магчымасць паўдзельнічаць у вучэбным семінары для выкладчыкаў факультэта эканомікі і права, які я праводзіла для іх упершыню. Некаторыя з іх сапраўды ўпершыню пазнаёміліся з асноўнымі палажэннямі Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю, з пазіцыямі Канцэпцыі развіцця інклюзіўнай адукацыі асоб з АПФР у Рэспубліцы Беларусь і з іншымі пытаннямі інклюзіўнай адукацыі. У кагосьці з удзельнікаў семінара быў уласны вопыт узаемадзеяння са студэнтамі з АПФР, і аб ім гаварылі шчыра, дзяліліся сумненнямі, разважалі.

— Якія спецыяльнасці атрымліваюць студэнты з АПФР, якія вучацца ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце? Раскажыце пра арганізацыю ўступных іспытаў для іх.

— У нас назапашаны немалы вопыт навучання маладых людзей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі (з парушэннем функцыі апорна-рухальнага апарату, у тым ліку з ДЦП, з парушэннямі зроку, з парушэннем слыху, а таксама з анамаліямі пазваночніка, з артрытам і г.д.). Зараз ва ўніверсітэце вучацца 11 студэнтаў з АПФР, а ўсяго студэнтаў з інваліднасцю, у тым ліку з саматычнымі парушэннямі, — 21. Яны выбралі спецыяльнасці “Правазнаўства”, “Маркетынг” на факультэце эканомікі і права, “Практычная псіхалогія” і іншыя педагагічныя спецыяльнасці на факультэце педагогікі і псіхалогіі.

Студэнты, якім неабходны асаблівыя ўмовы для навучання, вучацца на дыстанцыйнай ці завочнай форме атрымання адукацыі. У прыватнасці, трое з іх перамяшчаюцца на калясках, адзін — ляжачы. Астатнія займаюцца вочна. Установа адукацыі, у якую малады чалавек з інваліднасцю прыняў рашэнне паступаць, павінна забяспечыць адэкватныя ўмовы для праходжання ім іспытаў з улікам яго асаблівых адукацыйных патрэб, калі ў яго ёсць атэстат аб сярэдняй адукацыі і медыцынская даведка, якая дазваляе атрыманне вышэйшай адукацыі па абранай спецыяльнасці.

Памятаеце гісторыю пра паступленне ў ВНУ Улада Гудкова, медаліста са Слуцка? У яго цяжкая форма ДЦП, і ні адна са сталічных вышэйшых навучальных устаноў не адважылася яго прыняць, стварыць неабходныя ўмовы для яго паступлення. Але ў нашым універсітэце юнаку не адмовілі. Я была ў складзе экзаменацыйнай камісіі падчас іспытаў, якія ён здаваў, за ходам іх назіраў таксама прадстаўнік дзяржкантролю. Для Улада тэставыя заданні мы раздрукавалі вялікім шрыфтам на лістах фармату А4. Адказы юнак даваў у вуснай форме, хоць размаўляе ён з цяжкасцю, таму што ручку ўвогуле не можа трымаць. Падчас экзамену мы давалі яму хвілінкі для адпачынку, часам з-за прыступаў гіперкінезу (раптоўных рухаў мускулатуры) іспыты таксама перапыняліся. Але ўсё ж Улад бліскуча справіўся з усімі заданнямі, асабліва па матэматыцы, і атрымаў 341 бал! Гэта рэкордны вынік, самы лепшы ва ўніверсітэце.

Адзначу, што для выкладчыкаў універсітэта сам працэс здачы экзаменаў Уладам таксама стаў іспытам, таму што раскрыў вочы на магчымасці людзей з інваліднасцю. Сёння юнак у ліку лепшых нашых студэнтаў, ён ужо на 5 курсе ўстановы. Улад кожны дзень упарта вучыцца і цудоўна здае ўсе сесіі. Прыемна здзіўляешся, што студэнты з абмежаваннямі праяўляюць неверагодную матывацыю да вучобы, што яны вельмі працалюбівыя і імкнуцца выдатна вучыцца.

— Ці рэальна выпускнікам з АПФР знайсці прымяненне сваім здольнасцям пасля заканчэння ўніверсітэта?

— Калі Улад паступаў да нас, многія здзіўляліся: навошта гэта яму, пры сваёй ступені інваліднасці ён ніколі не зможа працаваць па спецыяльнасці (мара юнака — ста ць юрыстам). Хочацца адказаць скептыкам: універсітэт падарыў Уладу некалькі гадоў шчаcця, магчымасць атрымліваць каштоўныя веды, якія так неабходны яму, ён знайшоў тут сяброў, якія яго вельмі любяць. Юнак адчувае сябе запатрабаваным. Мяркую, што юрыдычная адукацыя дапаможа яму ўладкавацца на работу ў грамадскія арганізацыі і аб’яднанні, якія прадстаўляюць інтарэсы асоб з інваліднасцю. Адвакацыя іх правоў сёння сапраўды становіцца грамадскай патрэбай, такой жа важнай, як патрэба ў ведах. Зразумела, што Улад адчуе сур’ёзную канкурэнцыю пры ўладкаванні на работу. Але ўпэўнена, што ў будучыні ён стане прафесіяналам, сапраўдным, такім, як марыць.

У найбліжэйшы час, упэўнена, адбудзецца дыверсіфікацыя рынку працы. Усё большую папулярнасць сёння набывае працоўная занятасць у аддаленасці ад рабочага месца, калі супрацоўніку неабавязкова кожны дзень знаходзіцца ў офісе, таму магчымасці для прафесійнай рэалізацыі людзей з інваліднасцю пашырацца.

— Вера Валер’еўна, раскажыце аб сумесных праектах універсітэта і Міністэрства адукацыі.

— Найважнейшы праект, у якім прымаў удзел наш універсітэт, — “Развіццё мадэлі псіхолага-педагагічнага суправаджэння студэнтаў з ліку асоб з АПФР у адукацыйнай прасторы ўстаноў вышэйшай адукацыі”. Ён стартаваў у 2011/2012 навучальным годзе і рэалізоўваўся на працягу трох гадоў. Дзякуючы яму, ва ўніверсітэце была створана база даных аб студэнтах з абмежаваннямі, з дапамогай розных псіхалагічных метадаў і методык было вызначана, наколькі камфортна з псіхалагічнага пункту погляду ў студэнцкім асяроддзі, былі выяўлены патрэбы і праблемы пры ўзаемадзеянні з равеснікамі. У 2015 годзе ў працяг гэтага праекта была створана мадэль псіхолага-педагагічнага суправаджэння студэнтаў і выпускнікоў устаноў сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі з АПФР у форме патранату. Сёлета мадэль пачала рэалізоўвацца.

У 2013—2014 гадах рэалізоўваўся праект, прысвечаны стварэнню дыдактычнай мадэлі інклюзіўнай культуры будучых педагогаў. Мы актыўна праводзілі семінары, трэнінгі, уводзілі новыя дысцыпліны, мянялі змест адукацыі, прапаноўвалі змяненні, якія неабходна ўнесці ў стандарты вышэйшай педагагічнай адукацыі з мэтай падрыхтоўкі будучых педагогаў да работы ва ўмовах інклюзіі. Былі вызначаны мадыфікацыі, якія павінны быць створаны для падрыхтоўкі такіх педагогаў, распрацаваны дыягнастычныя рэкамендацыі, а таксама інструментарый для маніторынгу гэтага працэсу.

У 2015 годзе рэалізоўвалі яшчэ адзін праект, звязаны з вызначэннем адукацыйных рэсурсаў і мадэлі рэсурснага забеспячэння інклюзіўнай адукацыі навучэнцаў з РАС (расстройствам аўтыстычнага спектра). У якасці асноўнага рэсурсу разглядалі нестандартную падрыхтоўку будучых педагогаў агульнаадукацыйных школ, а таксама настаўнікаў-дэфектолагаў, педагогаў-псіхолагаў і педагогаў сацыяльных, цьютараў да работы з дзецьмі з аўтызмам, якія вельмі складана прыстасоўваюцца да ўмоў інклюзіўнай адукацыі.

— Неаднойчы даводзілася чуць, што інклюзіўныя працэсы марудна развіваюцца таму, што грамадства не гатова да іх прыняцця…

— Задам рытарычнае пытанне: а што такое грамадства? Вы лічыце сябе яго часткай? Вашых суседзяў, братоў і сясцёр, бацькоў і сяброў? Яны таксама частка супольнасці? Зразумела ж. А хто перашкаджае вам, ім распаўсюджваць ідэі інклюзіўнай адукацыі? Проста аб інклюзіі трэба часцей гаварыць, прычым на ўсіх узроўнях. Да нядаўняга часу мы сустракалі даволі сур’ёзнае супраціўленне педагогаў, якія не жадалі ўскладняць сваё прафесійнае жыццё праблемамі, звязанымі з адукацыяй асаблівых дзяцей. Неабходна, каб адміністрацыя кожнай установы адукацыі думала, што зрабіць, каб забяспечыць адукацыю для ўсіх. Існуе банк даных аб дзецях з АПФР і магчымасць спрагназаваць, у якую ўстанову адукацыі праз некалькі гадоў пойдзе канкрэтнае дзіця і належным чынам падрыхтавацца да гэтага.

Сёння наш універсітэт вядзе на эксперыментальных пляцоўках работу з бацькамі навучэнцаў, якія займаюцца ў інтэграваных класах у агульнаадукацыйных школах № 62 Гомеля, № 12 Жлобіна, № 1 Брэста і № 13 Баранавіч. Для бацькоў праводзяцца трэнінгі па фарміраванні правільных адносін да навучання сваіх асаблівых дзяцей разам са здаровымі равеснікамі.

Для таго каб інклюзіўныя працэсы развіваліся больш эфектыўна, павінны праводзіцца навуковыя даследаванні ў гэтым кірунку. Сёння, напрыклад, вядзецца навукова-даследчая работа (у рамках дзяржаўнай праграмы) па фарміраванні прафесійнай кампетэнтнасці будучых педагогаў да работы ва ўмовах інтэграванага навучання і выхавання і ва ўмовах інклюзіўнай адукацыі. Даследаванне ажыццяўляецца ў БДПУ імя Максіма Танка пад кіраўніцтвам Уладзіміра Анатольевіча Шынкарэнкі, загадчыка кафедры алігафрэнапедагогікі. Мяне таксама запрасілі ў навуковы калектыў па правядзенні гэтай даследчай дзейнасці.

З вопытам па ўкараненні працэсаў інклюзіі мне давялося пазнаёміцца і ў іншых краінах. І ўсюды ён свой, непаўторны. У Ізраілі, напрыклад, да чалавечага жыцця адносяцца як да найвялікшай каштоўнасці. Для ізраільцян інваліднасць — гэта проста разнастайнасць жыцця. Гэтая думка літаральна лунае ў паветры, яна адчуваецца ва ўзаемаадносінах з людзьмі з інваліднасцю. Стажыроўка ў ЗША дала мне разуменне таго, што сістэма адукацыі можа працаваць на канкрэтнае дзіця, для яго выбудоўваецца індывідуальны адукацыйны маршрут у залежнасці яд яго патрэб, і на працягу ўсяго гэтага маршруту праводзіцца маніторынг яго эфектыўнасці, пры неабходнасці ўносяцца карэктывы. Вялікая роля і адказнасць ускладзена на бацькоў амерыканскіх дзяцей пры вызначэнні іх адукацыйнага маршруту, бацькі ўдзельнічаюць і ў рэалізацыі карэкцыйных праграм. Спецыялісты не проста вучаць іх, як трэба гэта рабіць, але і кантралююць выкананне праграм. У Італіі, напрыклад, няма сістэмы спецыяльнай адукацыі, але ёсць агульная сістэма адукацыі, якая прадугледжвае навучанне дзяцей з АПФР у залежнасці ад іх патрэб і асаблівасцей. Дарэчы, у гэтай краіне існуе і надомнае навучанне.

Нават самыя значныя дасягненні іншых краін мы не можам поўнасцю пераняць у сябе на радзіме. Але адаптаваць іх да нашых умоў, хаця б часткова, нам па сілах. Магчыма, у будучыні ўсе дзеці нашай краіны будуць вучыцца па агульнаадукацыйнай праграме — гэта адна з умоў інклюзіўнай адукацыі. Зразумела, што кожнае дзіця будзе засвойваць яе даступным яму ўзроўні, будзе рухацца ў спасціжэнні ведаў па індывідуальнай адукацыйнай траекторыі, якую для яго распрацуюць на вышэйшым навуковым узроўні. І да гэтага мы прыйдзем не шляхам рэвалюцый у адукацыі, а шляхам паступовага прагрэсіўнага развіцця.

Гутарыла Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.