Цаню, калі мяне здзіўляюць

- 15:01Вышэйшая школа, Рознае

Лепшым выкладчыкам на факультэце інфармацыйных тэхналогій БДТУ, на думку студэнтаў, стаў Уладзімір Смялоў, які зараз выконвае абавязкі загадчыка кафедры інфармацыйных сістэм і тэхналогій, кандыдат тэхнічных навук. Сябе ён адносіць да жорсткіх і ў той жа час справядлівых выкладчыкаў, якія заўсёды імкнуцца быць на грэбені інфармацыйных тэхналогій.

“Сябе я назваў бы жорсткім выкладчыкам. Вы нават не можаце ўявіць, колькі адлічаных студэнтаў прайшло праз мяне — больш, чым у каго іншага на факультэце. Таму я быў здзіўлены вынікамі конкурсу”, — адразу заўважыў Уладзімір Смялоў.

Тым не менш мы паспрабавалі высветліць, за што ўсё ж такі студэнты назвалі яго лепшым, і працягнулі размову.

“У мяне ёсць прынцыпы, якіх я прытрымліваюся. Адзін з іх — абавязкова расказваць аб навінках у галіне інфармацыйных тэхналогій”, — заўважыў лепшы, на думку студэнтаў, выкладчык факультэта інфармацыйных тэхналогій.

Трэба адзначыць, што ўдумлівае самастойнае знаёмства з такімі навінкамі выкладчык цэніць і ў студэнтах.
“Я стаўлю дзесяць балаў таму студэнту, які асвоіў тэхналогію, якую я не ведаў, і паказаў мне яе работу”, — адзначыў Уладзімір Смялоў.

Гэта не адзіны спосаб набыць аўтарытэт добрага студэнта, у якога дакладна не будзе праблем на экзамене ў гэтага выкладчыка. Кожнаму студэнту ён прапаноўвае вывучыць інфармацыйную тэхналогію, сярод якіх бываюць і асабліва цяжкія.

“Кожнаму даю па новай тэхналогіі. Калі студэнт здзіўляе мяне тым, што асвоіў складаную тэхналогію, адразу стаўлю яму дзесяць балаў. Аб такім варыянце я расказваю на першых занятках”, — расказаў аб сваім падыходзе Уладзімір Смялоў і нам.

Так, на адным з экзаменаў у гэтую сесію адразу два студэнты з адной групы атрымалі максімальны бал аўтаматам. Адзін з іх запусціў сервер, які дазваляе размаўляць па мабільным тэлефоне праз Wi-Fi, другі — сервер IP-тэлебачання.

“Складанага ў гэтым нічога няма, аднак работа была вельмі працаёмкая, што я і ацаніў”, — расказаў лепшы выкладчык факультэта інфармацыйных тэхналогій.

Увогуле, большасць IT-курсаў, якія выкладаюцца на факультэце, у той ці іншы час вёў Уладзімір Смялоў. Сярод іх сістэмнае і дыскрэтна-матэматычнае праграмаванне, адміністраванне баз даных і дадаткаў, курсы, на якіх вывучаюцца мовы праграмавання. Многія з дысцыплін выкладчык сам і распрацоўваў. Зараз ён працуе над новым курсам па мабільных тэхналогіях. Разам з маладым выкладчыкам кафедры займаецца і воблачнымі тэхналогіямі.

“Стварыўшы новы курс, звычайна аддаю яго маладым выкладчыкам, якія развіваюць яго далей”, — заўважыў Уладзімір Смялоў.

Адзначым, што кафедра, якую ўзначальвае Уладзімір Смялоў, вядзе навучанне па трох спецыяльнасцях — “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі”, “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” і “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі мабільных сістэм”.

“Я як загадчык выпускаючай кафедры прыкладаю ўсе намаганні, каб нашы выпускнікі былі высакакласнымі спецыялістамі, каб яны былі здольныя ставіць і рашаць складаныя задачы. Таму студэнтам нашага факультэта, якім не падабаецца праграмаванне, заўсёды раю забраць дакументы”, — расказаў Уладзімір Смялоў.

Дарэчы, самому Уладзіміру Смялову праграмаванне заўсёды было даспадобы. Скончыўшы факультэт аўтаматыкі і вылічальнай тэхнікі ў Рыжскім авіяцыйным універсітэце, ён спачатку працаваў праграмістам у авіяцыі, потым у банку. Затым лёс прывёў яго ў БДТУ.

Праўда, тэхналагічны — не адзінае месца, дзе знайшоў прымяненне сваім здольнасцям суразмоўца. Акрамя ўніверсітэта, ён працуе трэнерам у Інстытуце ІТ і бізнес-адміністравання. Вядзе там сертыфікаваныя курсы для праграмістаў з Беларусі і з іншых краін.

“Тут я выкладаю не студэнтам, а працуючым спецыялістам, якія прыйшлі высветліць канкрэтныя незразумелыя для іх моманты. Гэта свайго роду школа на выжыванне”, — заўважыў Уладзімір Смялоў.

Безумоўна, інстытут прадастаўляе праграму, у якой пазначана, што варта прачытаць, якія лабараторныя работы правесці. Аднак, як адзначыў суразмоўца, усё трэба прапусціць праз сябе.

“Усё гэта дапамагае мне быць у курсе сучасных інфармацыйных тэхналогій і, адпаведна, даваць самыя сучасныя веды сваім слухачам і студэнтам”, — рэзюмаваў Уладзімір Смялоў.

Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.