Разам з навучаннем выхаванне — адзін з найважнейшых складнікаў адукацыйнага працэсу. Прафесіяналізм настаўніка заключаецца ва ўменні выбіраць матэрыял да ўрока, вызначаць яго адукацыйныя і выхаваўчыя магчымасці. Як выхоўваць патрыётаў у сучасных умовах? Гэтае актуальнае пытанне я стаўлю перад сабой як настаўнік гісторыі і як класны кіраўнік з 20-гадовым стажам.
Ва ўмовах школы патрыятызм, грамадзянскі светапогляд, асноўныя маральныя якасці навучэнцаў я фармірую праз актыўнае прыцягненне рэгіянальнага кампанента. Вопыт паказвае, што практыка-арыентаваныя заданні краязнаўчага характару садзейнічаюць фарміраванню трывалай цікавасці да прадмета, дапамагаюць праверыць магчымасці навучэнцаў у розных галінах дзейнасці, атрымаць уяўленні аб разнастайных прафесійных навыках, прагназаваць уласную жыццядзейнасць і прафесійнае самавызначэнне.
Краязнаўчы матэрыял дапамагае мне заахвочваць навучэнцаў да актыўнай пошукавай і даследчай дзейнасці, якая пачынаецца на ўроках гісторыі і працягваецца на занятках у школьным музеі “Дняпроўскі рубеж”. Актыўнасць навучэнцаў вызначаецца іх цікавасцю і зацікаўленасцю многіх бацькоў, бо краязнаўства — гэта велізарны выхаваўчы патэнцыял. Краязнаўства ў маёй педагагічнай дзейнасці — гэта сувязное звяно ў ланцужку “бацькі і дзеці”.
Выхаваўчую работу з навучэнцамі вяду, вывучаючы паралельна зацікаўленасць у сучаснай дзейнасці і іх бацькоў. Ужо да канца 5 класа бацькоў можна ўмоўна раздзяліць на тры групы: найбольш актыўныя, адносна актыўныя і тыя, хто не жадае ўдзельнічаць у сумесным выхаваўчым працэсе. Агульныя мерапрыемствы, паездкі і паходы, выступленні прафарыентацыйнай накіраванасці, пошук і даследаванні — гэта тыя прыступкі, якія дапамагаюць мне знізіць колькасць трэцяй групы бацькоў, стварыць сітуацыю, якая дапаможа ім лепш разумець свет захапленняў сваіх дзяцей.
Пошукава-даследчыя праекты, якія выконваліся ў звязцы “навучэнцы — бацькі — настаўнік”, асуджаны на поспех. Гэта не заўсёды перамога на ўзроўні конкурсу, але гэта перамога на ўзроўні адносін, разумення, набыцця практычных уменняў і навыкаў. У апошнія гады я ўсё часцей заахвочваю дзяцей да індывідуальнай і групавой пошукава-даследчай дзейнасці. Такі від работы дае ўнікальную магчымасць ператварыць пасіўнага сузіральніка ў актыўнага творцу.
На ўрок гісторыі вучань 9 класа прынёс дзённік хлопчыка-падлетка, які ён знайшоў на гарышчы свайго дома. Чарнілам фіялетавага колеру каліграфічным почыркам была запоўнена большая частка агульнага сшытка. Першы запіс зроблены 6 чэрвеня 1948 года. Хлопчык апісвае свой выхадны дзень: “Устаў у 8 гадзін. Хацеў ісці лавіць рыбу, але падняўся вецер. Купаўся ў Друці. У 4 гадзіны вечара пайшоў у кіно, зайшоў на Днепр і пакупаўся. Пасля купання глядзеў кінакарціну “Трэці ўдар”. Карціна вельмі спадабалася, пра вайну”. І так на працягу двух гадоў апісаны амаль кожны дзень. Апошні запіс зроблены 5 лістапада 1950 года. На класнай гадзіне ў 11 класе мы з цікавасцю чыталі дзённік. З дзённіка мы даведаліся, чым займаўся хлопчык у вольны час, якую хатнюю работу выконваў, якія экзамены здаваў за 7 клас у маі 1949 года, з кім сябраваў. Але асаблівая цішыня наступіла ў класе, калі мы прачыталі, што аўтар быў сведкам вызвалення Рагачова: “Ноччу, 23 лютага 1944 года, часці Чырвонай Арміі вызвалілі горад Рагачоў ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. Горад гарэў. Немцы сагналі шмат людзей на наш агарод. На гары паставілі кулямёт. Але страляць не паспелі. У горад увайшла разведка”. Краязнаўцы пацвярджаюць гэтыя факты, успамінаюць іх і іншыя відавочцы.
Дзённік зацікавіў многіх дзяцей. Ірына Шавялёва, навучэнка 11 класа, загарэлася жаданнем знайсці гаспадара і вярнуць яму дзённік. Яшчэ раз перачыталі дзённік, але нідзе не сустрэлі яго імя і прозвішча. Тады і ўзнікла ідэя правесці пошук і напісаць пошукава-даследчую работу “Загадка старога дзённіка”. Ірына высветліла, што хлопец скончыў 9 класаў, паступіў у вучылішча ў Гомель, але праз год памёр ад малярыі. Пахаваны на старых праваслаўных могілках у раёне першай капліцы.
Дадому ішлі моўчкі. Але ў канцы Ірына сказала: “Ведаеце, Ларыса Васільеўна, я рада, што паўгода прысвячала свой вольны час пошуку аўтара дзённіка, вывучала запісы, пазнаёмілася з краязнаўцамі горада, даведалася шмат цікавага з яго гісторыі. Іншы раз я ставіла сябе на месца гэтага хлопчыка, глядзела на наш горад яго вачыма. І ня страшна, што мы не даведаліся яго імя, ён як невядомы герой стаў для мяне сімвалам хлопчыкаў пасляваеннага Рагачова. А яшчэ я вырашыла паступаць на гістфак”.
Не могуць дзеці, якія пабывалі на месцы расстрэлу мірных жыхароў у “Даліне смерці”, быць абыякавымі да памяці ахвяр вайны. Не застанецца абыякавым падлетак да пажылога чалавека, з вуснаў якога чуў аб тых страшных выпрабаваннях, якія давялося перажыць. У гэтым я пераканана і менавіта таму лічу краязнаўства эфектыўнай педагагічнай тэхналогіяй. Але галоўнае, на мой погляд, што дзяцей, якія сустракаюцца з ветэранамі, наведваюць гістарычныя мясціны нашага горада і краіны, вывучаюць свой радавод, нельга назваць раўнадушнымі і абыякавымі.
Ларыса ЛІТВІНАВА,
настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 6 Рагачова,
настаўнік-метадыст.