Прыём дакументаў у сярэднія навучальныя ўстановы ў самым разгары. Тыя, каму не пашанцавала стаць студэнтам ВНУ, выбіраюць для сябе найбольш заманлівыя варыянты з прафесій, якія прапаноўваюць сярэднія спецыяльныя ўстановы. І спіс спецыяльнасцей, між іншым, даволі вялікі. Пра тонкасці адной з іх — швейную справу — нам расказала швачка адной з буйных кампаній па вытворчасці адзення Яўгенія ДУБАНЕВІЧ.
Правільны выбар і цярпенне
Пра прафесію швачкі я стала задумвацца яшчэ ў школе. На ўроках працоўнага навучання мы часта шылі на машынках. І гэты занятак прыносіў асаблівае задавальненне. Менавіта гэтыя ўрокі сталі першымі крокамі ў прафесію. Акрамя ўрокаў, я шыла і дома. Шыла не толькі вопратку для цацак, як большасць дзяўчынак, але і спрабавала сшыць некаторыя рэчы для сябе. Так, сёння ў гардэробе ёсць многа адзення, пашытага ўласнымі рукамі.
Пасля заканчэння 9 класа паступіла ў Барысаўскі дзяржаўны каледж на швейную справу. Мне пашанцавала трапіць да цудоўнага выкладчыка Раісы Іванаўны Кальцовай. Дзякуючы ёй, за тры гады навучання я ні разу не пашкадавала, што менавіта на гэтай спецыяльнасці спыніла свой выбар. І нават цяпер, адпрацаваўшы ля станка 6 гадоў, я з упэўненасцю магу сказаць, што знайшла сваё прызванне.
Сёння многія лічаць непрывабнай звычайную рабочую прафесію, а навучанне ў каледжы — непрыстыжным. І дарэмна. Скончыўшы каледж па спецыяльнасці “Швейная справа”, можна рэалізоўваць сябе не толькі ў якасці швачкі, але і ў ролі дызайнера. Галоўнае — мець фантазію і правільнае ўяўленне прыгажосці. Менавіта гэта дапаможа стварыць такую рэч, якую будзе не сорамна апрануць. Гэта значыць, што якасным павінен быць не толькі матэрыял, з якога шыецца той ці іншы прадмет гардэробу. Якаснай у першую чаргу павінна быць работа.
Што тычыцца таго, ці кожны можа навучыцца шыць, магу з упэўненасцю сказаць, што гэта так. Але пры гэтым вельмі важна мець вытрымку і ўседлівасць. Гэта на першы погляд здаецца, што няма нічога больш простага, чым пакласці кавалак тканіны на машынку і прастрачыць яе ўздоўж ці ўпоперак. Усё намнога складаней. І падчас навучання ў каледжы ў дзяўчат здараліся нават істэрыкі. Бывала так, што нават нажніцы ляцелі ў сцяну ці разразаўся папалам кавалак тканіны. І ўсё гэта ад недахопу цярпення. Выкраіць тую ці іншую дэталь, правільна перанесці выкрайку на тканіну з першага разу можа і не атрымацца, таму вельмі важна трымаць сябе ў руках.
Што тычыцца навучання швейнай справе, то амаль у кожным каледжы ў пераліку спецыяльнасцей ёсць гэты кірунак. Далёка ад дому нават можна не ехаць.
Памылкі, якіх нельга баяцца
Нямала цяжкасцей можа ўзнікнуць і на першым рабочым месцы. Трапляючы на работу ў вядомую кампанію па пашыве адзення, варта не баяцца праяўляць сябе. Як вядома, памылкі — гэта вопыт, і іх не пазбегнуць ні ў адной з прафесій. Не абыходзілася без памылак і ў мяне, але гэта толькі надавала ўпэўненасці ў сваіх сілах. У швачак, напрыклад, ёсць такія віды работ, якія павінны выконвацца за 12 секунд. Безумоўна, за гэты час ніхто не будзе патрабаваць апрацаваць усе швы. Але нанесці канкрэтныя строчкі на пэўную дэталь прадмета швачка павінна ўмець. Значным мінусам у сваёй рабоце лічу тое, што ўвесь дзень у вытворчым цэху стаіць гудзенне швейных машынак. Гэта толькі з цягам часу прывыкаеш да шуму, а спачатку вытрымліваць гэта вельмі цяжка. Тым не менш менавіта ў такой атмасферы і ствараецца прыгажосць.
Вялікай памылкай учарашніх выпускнікоў школ, навучэнцаў сярэдніх спецыяльных устаноў з’яўляецца тое, што яны баяцца ісці на работу на вялікія прадпрыемствы. Абумоўліваецца гэта тым, што ў вялікіх кампаніях маладыя спецыялісты без вопыту работы нікому не патрэбны. Але ж шанс даецца кожнаму. І той, хто хоча, выкарыстоўвае яго. Астатнія працягваюць баяцца. Як вынік — застаюцца без работы. Яшчэ раз паўтару: не трэба баяцца. Трэба паставіць сабе мэту і ісці да яе. Памятайце: правільна прынятае рашэнне сёння зробіць вас шчаслівымі заўтра. Я гэта ведаю з уласнага вопыту. Так, у мяне няма вышэйшай адукацыі, але гэта ў перспектыве. Увогуле, няма сэнсу атрымліваць дыплом аб вышэйшай адукацыі, калі пасля ты ўсё роўна не працуеш па спецыяльнасці. І добра, калі такі выпускнік вучыўся на бюджэце. А калі навучанне было платным? Гэта дарэмна патрачаныя грошы, таму не варта скептычна ставіцца да сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, асабліва да тых, якія рыхтуюць спецыялістаў рабочага профілю. І баяцца працаваць рукамі таксама не трэба.
Наталля ДУБІК.
Фота аўтара.