Брэнд для экспарту

- 10:53Рознае, Суразмоўца

Адным з прыкладаў развіцця міжнароднай дзейнасці Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі з мэтай павелічэння экспарту адукацыйных паслуг стала супрацоўніцтва нашай прафесійнай школы з калегамі з Туркменістана. Дагэтуль інстытут умацаваў цесныя сувязі з шэрагам краін блізкага і далёкага замежжа. На нядаўна праведзенай у Туркменістане міжнароднай канферэнцыі, у якой прымала ўдзел і беларуская дэлегацыя, ішло абмеркаванне пытанняў узаемадзеяння па развіцці будаўнічай галіны ў гэтай краіне.

Як паведаміў удзельнік канферэнцыі, прарэктар РІПА, кандыдат педагагічных навук В.М.Галубоўскі, адзін з кірункаў дзейнасці інстытута звязаны з вопытам стварэння рэсурсных цэнтраў для падрыхтоўкі кадраў па розных галінах эканомікі. Сёння ёсць магчымасць апрабаваныя падыходы ў гэтым напрамку экспартаваць на тэрыторыі іншых дзяржаў. Адзін з апошніх прыкладаў — праект, які знаходзіцца ў стадыі абмеркавання і рэалізацыі сумесна з Міністэрствамі будаўніцтва і адукацыі Туркменістана. Пры тым, што ў гэтай краіне будаўнічая галіна дынамічна развіваецца, усё ж прэваліруюць замежныя кампаніі, у прыватнасці турэцкія — каля 75%, і, безумоўна, там зацікаўлены ў тым, каб стымуляваць развіццё айчыннага малога і сярэдняга бізнесу ў будаўнічым сектары, стварыць умовы для развіцця сваіх будаўнічых кампаній з далучэннем нацыянальных працоўных рэсурсаў з прыцягненнем маладых кадраў з адпаведнай прафесійнай падрыхтоўкай. Улічваючы вопыт, назапашаны РІПА па стварэнні рэсурсных цэнтраў, Міністэрства будаўніцтва Туркменістана выступіла з просьбай аб аказанні садзейнічання ў стварэнні рэсурснага цэнтра па падрыхтоўцы кадраў для будаўнічай галіны сваёй краіны. У ходзе міжнароднай канферэнцыі па пытаннях сучасных будаўнічых тэхналогій дэлегацыя інстытута мела магчымасць у першую чаргу пазнаёміцца з кірункамі пастаўкі сучаснага абсталявання, матэрыялаў, тэхналогій будаўнічай галіны для рэсурснага цэнтра. Таксама вялося абмеркаванне праблем, якія тычацца развіцця прафесійнай адукацыі ў сённяшніх умовах і якія характэрны для многіх краін. У час сустрэч абмеркаваны пытанні супрацоўніцтва Беларусі і Туркменістана, якія пакрокава будуць вырашацца ў найбліжэйшы час. На першым этапе ўзаемадзеяння была вызначана найбольш паспяховая ўстанова прафесійнай адукацыі Туркменістана, на базе якой плануецца стварыць рэсурсны цэнтр, абмеркаваны пытанні функцый гэтага рэсурснага цэнтра з улікам спецыфікі будаўнічай галіны Туркменістана. Акрамя таго, былі вызначаны этапы рэалізацыі гэтага праекта: распрацоўка нарматыўнай прававой дакументацыі для функцыянавання гэтага цэнтра, канцэпцыя і абгрунтаванне гэтага праекта з мэтай запланаванага фінансавання, распрацоўка зместу падрыхтоўкі, аснашчэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы рэсурснага цэнтра. Усе гэтыя захады накіраваны на забеспячэнне якасці падрыхтоўкі будаўнічых кадраў Туркменістана, іх канкурэнтаздольнасці на рынку працы. Свае дывідэнды ад гэтага праекта атрымлівае і наша прафесійная школа. Аб тым, як сёння Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі развівае міжнароднае супрацоўніцтва з іншымі краінамі і як яно ўплывае на павышэнне іміджу нашай айчыннай прафесійнай школы на сусветнай арэне, на экспарт адукацыйных паслуг, нашым чытачам расказвае першы прарэктар РІПА, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Э.М.КАЛІЦКІ.

— Эдуард Мечыслававіч, якую ролю вы надаяце экспарту адукацыйных паслуг?

— Улічваючы тое, што наша эканоміка з’яўляецца экспартаарыентаванай, дзе 60% прадукцыі ідзе на продаж за мяжу, адукацыйная галіна, як і іншыя галіны сацыяльна-эканамічнага комплексу, таксама скіравана на развіццё экспартных паслуг, у развіцці якіх зацікаўлены літаральна ўсе, пачынаючы ад Урада дзяржавы і заканчваючы канкрэтнай навучальнай установай. Мы зацікаўлены ў павышэнні колькасці замежных навучэнцаў. Але ў адрозненне ад вышэйшай школы на ўзровень прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі вельмі цяжка прыцягваць грамадзян з іншых краін, хаця ў нас ужо ёсць невялікі вопыт падрыхтоўкі кадраў на англійскай мове.

Аднак на ўзроўні прафесійнай адукацыі спектр экспартных паслуг можа быць намнога шырэйшы, і не толькі за кошт замежных навучэнцаў. Як мы ўжо згадвалі, гэта можа быць стварэнне рэсурсных цэнтраў, педагагічная дзейнасць нашых выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання за мяжой, сумесныя праекты і даследаванні, набыццё сучаснага абсталявання, якое можна выкарыстоўваць для навучання ў тым ліку і замежных навучэнцаў і педагогаў. Удзел у значных міжнародных мерапрыемcтвах, у тым ліку ў прафесійным конкурсе WorldSkills, дзе наша каманда і экспертнае супольніцтва маглі прадэманстраваць узровень беларускай сістэмы прафесійнай адукацыі, істотна павысіў аўтарытэт нашай краіны на міжнароднай арэне, што, безумоўна, паўплывае і на пашырэнне экспарту адукацыйных паслуг. Калі іх дастаткова развіваць, можна зрабіць істотны фінансавы ўклад у бюджэт краіны.

— Па сутнасці, колькі існуе ваш інстытут, столькі займаецца міжнароднай дзейнасцю. Сёння гаворка ідзе ўжо аб маштабах гэтай работы. У першую чаргу гэта прыносіць вялікую карысць нашай прафесійнай школе.

— Мы жывём у глабальным свеце і развівацца ізалявана ад іншых нельга. Але разам з тым прынцыпова важна захоўваць свае нацыянальныя традыцыі, абапірацца на ўласны вопыт і спрабаваць шліфаваць ужо створанае на аснове параўнання з іншымі. Якой бы карыснай ні была міжнародная дзейнасць, але напрамую нельга перанесці вопыт іншых краін на нашу краіну. А гэта і не патрэбна. Міжнародны вопыт патрэбен перш-наперш для таго, каб глыбей зразумець, на якім узроўні знаходзіцца наша прафесійная адукацыя, ці эфектыўна яна развіваецца. Як паказвае практыка, дасягненні нашай краіны ў галіне прафесійнай школы даволі значныя і прызнаны іншымі краінамі. Такую ацэнку даў прэзідэнт на сустрэчы з кіраўніком WorldSkills International Сайманам Бартлі. Наш вопыт карысны, яго выкарыстоўваюць, і таму вельмі важна выкрышталізаваць тое асноўнае, на што трэба абапірацца і ад чаго нельга адмаўляцца. І наша міжнародная дзейнасць у першую чаргу скіравана на тое, каб паспрабаваць супаставіць тое, што робім мы, з тым, што робяць іншыя, для таго каб глыбей, лепш шліфаваць свой вопыт.

— З якімі краінамі вы сёння супрацоўнічаеце?

— Міжнародная дзейнасць нашага інстытута з кожным годам набірае абароты. Безумоўна, вельмі важнай з’яўляецца сувязь з іншымі краінамі з мэтай папулярызацыі нашых магчымасцей і нашых дасягненняў у сістэме прафесійнай адукацыі. Але за гэтым стаіць і матэрыяльны складнік у выглядзе экспарту адукацыйных паслуг, і адназначна мы атрымліваем вялікую карысць для ўдасканалення сваёй прафесійнай школы. За апошнія 5 гадоў мы заключылі дамоўленасці аб супрацоўніцтве з 10 буйнымі міжнароднымі арганізацыямі. Напрыклад, з 1996 года цесна супрацоўнічаем з Еўрапейскім фондам адукацыі і ўдзельнічаем у Турынскім працэсе. Яго сутнасць у тым, каб навучыцца будаваць адукацыйную палітыку на аснове дакладных даных. Так, трэба мець неабходную інфармацыю аб развіцці эканомікі, аб рынку працы, магчымасцях сістэмы прафесійнай адукацыі, каб на гэтай аснове рабіць высновы, як далей развівацца краіне.

Акрамя таго, наш інстытут падпісаў дамоўленасці з Брэменскім універсітэтам, які мае дастаткова вялікі вопыт у падрыхтоўцы кадраў для прафесійнай адукацыі, у нашым разуменні майстроў вытворчага навучання, выкладчыкаў на ўзроўнях бакалаўра, магістра. РІПА цесна супрацоўнічае з універсітэтам у гэтым кірунку, асабліва ў частцы падрыхтоўкі педагагічных кадраў для навучання ва ўмовах вытворчасці. Трэба прызнаць, што мы маем і ўласныя здабыткі ў падрыхтоўцы кадраў для ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Але пытанне навучання ва ўмовах вытворчасці ўсё ж больш невіліравана. Мы спрабуем гэтае пытанне вырашыць станоўча. Сёння ўсё больш і больш кадраў рыхтуецца менавіта на вытворчасці. Вырашыць гэтую задачу мы спрабуем за кошт сеткавага прынцыпу, пры стварэнні кластараў. Плануецца практычнае навучанне ў прафтэхустановах перакласці на плечы вытворцаў. Але там павінны быць людзі, якія будуць займацца непасрэдна гэтым навучаннем. Сёння вельмі важнае пытанне, дзе ўзяць гэтых людзей, здольных вучыць выхаванцаў устаноў ПТА на вытворчасці, і над гэтым мы сёння працуем, выкарыстоўваючы пры гэтым і вопыт сваіх калег з іншых краін.

Не менш цікавае супрацоўніцтва мае РІПА і з Каўнаскім цэнтрам прафесійнага навучання работнікаў сферы прадпрымальніцкіх паслуг (Літва). Мы карыстаемся вялікім вопытам нашых калег з Літвы ў падрыхтоўцы спецыялістаў у сферы абслугоўвання, у прыватнасці візажу, ландшафтнага дызайну і інш. Напрыклад, для абутковай вытворчасці спецыялістаў рыхтуюць па індывідуальным пашыве абутку, выкарыстоўваючы не звычайныя традыцыйныя меркі, а сканіраванне ступні па ўсіх параметрах нагі, і не толькі ў яе статычным стане, але і ў час руху, улічваючы хаду чалавека і тыя змяненні, якія адбываюцца пры гэтай хадзе.

Такіх аперацый, як сканіраванне, праектаванне абутку, у нашай абутковай вытворчасці пакуль няма, там выкарыстоўваецца іншы прынцып, арыентаваны не на індывідуальны, а на масавы абутак. Мы плануем прынцып замежных калег пачаць рэалізоўваць і ў нашай краіне. Мяркуецца, што на базе цэнтра для навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця Мінскага дзяржаўнага каледжа электронікі будзе набыта абсталяванне для вырабу абутку менавіта па такім прынцыпе.

Інстытут цесна супрацоўнічае і з тымі міжнароднымі арганізацыямі, якія займаюцца распрацоўкай сродкаў навучання. Так, у прыватнасці, знакамітая кампанія Кеller паставіла абсталяванне ў рэсурсны цэнтр ПТК РІПА, які быў першым рэсурсным цэнтрам, створаным у нашай краіне. (Цяпер іх больш за 30.) Сёння паслугамі цэнтра карыстаюцца не толькі ўстановы прафесійнай адукацыі нашай краіны, але і тыя, хто прыязджае з іншых краін. Адметна, што для фукцыянавання рэсурснага цэнтра ўласнымі сіламі РІПА было распрацавана метадычнае забеспячэнне для навучання, у тым ліку апераджальнага. (Многае з таго пастаўленага абсталявання яшчэ толькі-толькі пачынае ўжывацца ў рэальнай вытворчасці.)

— У Казахстане адкрыта прадстаўніцтва па распаўсюджанні вучэбнай і метадычнай літаратуры, што можна назваць яшчэ адным відам экспарту адукацыйных паслуг.

— Сапраўды, мы маем у гэтай краіне такое прадстаўніцтва па рэалізацыі дапаможнікаў, падручнікаў, электронных сродкаў навучання. Іншыя краіны таксама набываюць нашу літаратуру. Трэба сказаць, што мы ствараем не толькі адзінкавую вучэбную літаратуру, а цэлыя метадычныя комплексы, куды ўваходзяць стандарты, праграмы, раздатачны матэрыял, падручнікі, метадычныя дапаможнікі, электронныя сродкі і сродкі кантролю. Яны карыстаюцца вялікім попытам сярод замежных калег. Мы самі не вырабляем сучаснае абсталяванне, але мы распрацоўваем метадычнае суправаджэнне прафесійнай падрыхтоўкі, якая ажыццяўляецца на гэтым абсталяванні. І, па сутнасці, гэта брэнд нашага інстытута, які дазваляе пашыраць экспартныя паслугі ў адукацыйнай сферы, што сёння вельмі актуальна.

— Як вядома, у інстытута шмат сумесных праектаў з краінамі Скандынавіі. Чым цікавае гэтае супрацоўніцтва?

— Сапраўды, мы даўно і даволі цесна працуем са Швецыяй, з так званым народным універсітэтам, дзе займаюцца праблемай навучання дарослых. У нашай краіне мы дэкларуем адукацыю на працягу ўсяго жыцця, але не ў поўнай меры вызначыліся, як гэта інстытуалізаваць, праз якія формы і праз якія арганізацыі рэалізоўваць. У нас вельмі многа ўдзяляецца ўвагі навучанню дарослых, але пакуль у нас няма сістэмнасці ў гэтым кірунку, адсутнічае механізм прысваення кваліфікацыі, атрыманай нефармальным шляхам. Таму, безумоўна, вопыт шведскіх калег для нас вельмі каштоўны.

Яшчэ адным блізкім нашым партнёрам можна назваць Фінляндыю, і не толькі ў сяброўскіх стасунках, але яшчэ і ў тым, што яна ў адукацыі мае такія ж асноватворныя прынцыпы, як і ў нас. У гэтай краіне таксама дзяржаўная сістэма адукацыі. Найбольш шчыльна мы супрацоўнічаем з адным з каледжаў, які аб’ядноўвае больш за 20 іншых навучальных устаноў прафесійнай адукацыі. У сваю чаргу мы таксама імкнёмся аптымізаваць сістэму адукацыі. Цікавы вопыт нашы калегі маюць у вытворчым навучанні, калі іх навучэнцы менш часу сядзяць за партай, а разам са сваімі педагогамі накіроўваюцца на рэальныя аб’екты, напрыклад, на будаўніцтва цэлага дома, дзе свае прафесійныя навыкі адточваюць літаральна па ўсіх будаўнічых спецыяльнасцях і па тых, якія тычацца абслугоўвання дома. Такая форма практычнага навучання вельмі эфектыўная, выхоўвае адказнасць і стымулюе якасць працы. У нас жа, на жаль, навучэнцы праходзяць вытворчую практыку на будаўнічым аб’екце і выступаюць у ролі звычайных практыкантаў, якім нічога значнага не давяраюць.

— Цяпер на стадыі абнаўлення такая форма супрацоўніцтва, калі на педагагічную работу ў іншыя краіны будуць накіроўвацца нашы педагогі. Такая практыка была распаўсюджана ў савецкія часы.

— Сапраўды, многія мае калегі пабывалі з такой місіяй у розных краінах, якія знаходзіліся нават на самых далёкіх кантынентах. Я, напрыклад, доўгі час працаваў саветнікам у Міністэрстве адукацыі Кубы. Сёння мы плануем аднавіць гэты вопыт. Такі напрамак мяркуем рэалізаваць у краінах Усходняга рэгіёна, у прыватнасці ў Пакістане, Індыі, В’етнаме, Бангладэш і іншых, дзе знайшлі ўзаемную зацікаўленасць у наладжванні адносін з нашай краінай у адукацыйнай сферы. Сёння прайшлі кастынг больш за 40 чалавек, якія не толькі маюць высокую прафесійную кваліфікацыю ў педагагічнай дзейнасці, але добра валодаюць англійскай мовай. Яны могуць быць накіраваны ў гэтыя краіны і выкладаць ва ўстановах прафесійнай адукацыі.

Мы хочам яшчэ больш узмацніць такі напрамак, як павышэнне кваліфікацыі педагагічнага складу ўстаноў прафесійнай адукацыі іншых краін. Прыкладам гэтага стаў праект з Рэспублікай Казахстан. У наш інстытут прыязджалі майстры і выкладчыкі гэтай краіны і праходзілі падрыхтоўку па самай рознай тэматыцы. Інстытут прапанаваў замежным слухачам тыя модулі навучання, якія найбольш іх цікавілі. У РІПА падрыхтаваны шэраг такіх модуляў, у тым ліку якія тычацца псіхолага-педагагічнай падрыхтоўкі, стажыроўкі на прадпрыемстве па засваенні прафесіі. Акрамя таго, мы прапаноўваем электронны курс для замежных слухачоў, які можна выкарыстоўваць дыстанцыйна. Усе гэтыя напрамкі скіраваны на папулярызацыю нашай краіны, айчыннай адукацыі і нашага інстытута і, бясспрэчна, адкрываюць новыя абсягі для развіцця экспарту адукацыйных паслуг.

Інтэрв’ю ўзяла Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.